Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КОЛЬКІ КАШТУЮЦЬ ВІЗЫ ДЛЯ БЕЛАРУСАЎ?


Галіна Абакунчык, Менск

Паводле афіцыйных зьвестак, найчасьцей беларусы наведваюць суседнія краіны — Польшчу, Латвію ды Літву. Польшча візаў пакуль не патрабуе, але зь ліпеня наступнага году намерваецца ўсталяваць візавы рэжым.

Умовы ўезду ў краіны Балтыі таксама становяцца больш жорсткімі: ад наступнага году яны скасоўваюць спрошчанае пераадоленьне мяжы для асобных катэгорыяў грамадзянаў, якое існавала дагэтуль. Акрамя таго, візы ў Літву сёлета падаражэлі двойчы, і цяпер аднаразовая паездка ў гэтую краіну каштуе 20 эўра замест нядаўніх 15 даляраў, а шматразовая — адпаведна 60 замест 50. Гаворыць супрацоўніца консульскага аддзелу літоўскай амбасады:

(Супрацоўніца: ) “Мы загад атрымалі й падвысілі. Акрамя таго, з панядзелка бярэм у эўра, бо даляр у Літве падае”.

Акрамя таго, Літва прывяла да эўрапейскіх стандартаў парадак выданьня шматразовай візы, скараціўшы тэрмін яе дзеяньня з аднаго году да шасьці месяцаў.

Ня гэтак радыкальна, аднак мяняецца форма аплаты й кошт візаў і ў шэрагу іншых дзяржаваў. Так, ад пачатку году аднаразовая паездка ў Нямеччыну тэрмінам на 30 дзён для беларусаў каштуе 25 эўра, а шматразавая на 90 дзён — 35 эўра. Гэтулькі ж каштуе віза ў Італію.

Там, дзе разьлік па-ранейшаму вядзецца ў далярах, кошт візы вагаецца ў залежнасьці ад курсу амэрыканскай валюты ў адносінах да нацыянальнай. Так, на сёньня аднаразовае наведваньне Латвіі будзе каштаваць 15 даляраў, а шматразовае — 50; Эстоніі, адпаведна 15 і 65 даляраў; Чэхіі — 13 і 58 даляраў. Паездка ў Францыю каштуе 25 даляраў, аднак шматразовую візу ў гэтую краіну беларусам атрымаць вельмі складана. Гаворыць супрацоўніца францускай амбасады:

(Супрацоўніца: ) “Гэтых выпадкаў вельмі няшмат: напрыклад, дачка запрашае маці пасядзець зь дзіцем, сямейныя, у асноўным, выпадкі. Службовыя візы — гэта ўсё зусім па-іншаму: для гэтага патрэбныя асаблівыя дакумэнты, павінен быць ваш рахунак у банку Францыі, гэта такая доўгая эпапэя, якая каштуе іншых грошай. Атрымаць вельмі няпроста”.

Гэтак жа складана атрымаць нават аднаразовую візу ў ЗША. Акрамя таго, нядаўна яе кошт падвысіўся да 100 даляраў ЗША. Віза ў Вялікабрытанію каштуе, адпаведна, 58 і 96 даляраў.

Між тым, грамадзяне большасьці краінаў сьвету маюць права бязьвізавага пераадоленьня межаў на розных кантынэнтах. Якія ў гэтым сэнсе пэрспэктывы маюць грамадзяне Беларусі? Гаворыць прэсавы сакратар Міністэрства замежных справаў Беларусі Павал Латушка:

(Латушка: ) “Натуральна, што на бліжэйшы час не існуе юрыдычных, ці нават палітычных магчымасьцяў для ўступленьня нашай краіны ў Шэнгенскую зону, разглядаць магчымасьці спрашчэньня стасункаў зь дзяржавамі Эўразьвязу ці дзяржавамі Эўропы. Але ёсьць магчымасьць дамаўляцца пра некаторыя льготы на двухбаковым узроўні”.

На сёньня ж жыхароў Беларусі бязь візаў на сваю тэрыторыю пускаюць толькі дзяржавы СНД (акрамя Туркмэніі) і асобныя аддаленыя краіны — да прыкладу, Манголія ды Куба.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG