Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АД 24 ЛІСТАПАДА “МАКДОНАЛЬДЗ” НА ПРЫВАКЗАЛЬНАЙ ПЛОШЧЫ МЕНСКУ БУДЗЕ ЗАКАНСЭРВАВАНЫ ПРЫНАМСІ НА ДВА ГАДЫ


Ігар Карней, Менск

12-павярховы корпус факультэту міжнародных зносінаў усё ж будзе ўзьведзены непасрэдна перад будынкам “Макдональдза”. Пры гэтым адміністрацыя БДУ спасылаецца на адпаведныя рашэньні суду і Менскага гарвыканкаму.

Усе менскія рэстарацыі “Макдональдз” маюць пагадненьне з гарвыканкамам на арэнду зямлі на 39 гадоў. Але найбольш прыбытковай зь іх удалося праіснаваць толькі чатыры гады: на гэты ўчастак зямлі ў раёне вакзалу пачаў прэтэндаваць Белдзяржунівэрсытэт. Узаемныя прэтэнзіі, якія больш за год выказвалі бакі адзін другому, завершыліся ўчорашнім паседжаньнем гаспадарчага суду Менску. Паводле ягоных вынікаў, спрэчка скончылася гэтак званым “міравым” пагадненьнем.

Праўда, у самім “Макдональдзе” лічаць, што нічыйны вынік у дадзенай сытуацыі — на карысьць унівэрсытэту. А напярэдадні, 19 лістапада, Менгарвыканкам унёс карэктывы ў ранейшыя пагадненьні і вынес рашэньне зачыніць “Макдональдз” на два гады — пакуль БДУ будзе весьці будаўніцтва. Юрыст упраўленьня прававой інфармацыі ўнівэрсытэту Алена Швакава кажа, што БДУ кіруецца выключна гэтымі рашэньнямі.

(Швакава: ) “Мы кіруемся пагадненьнем “Аб парадку прыпыненьня дзейнасьці рэстарацыі “Макдональдз”. Ад панядзелка мы афіцыйна зачыняем “Макдональдз”, а на час будаўніцтва забясьпечваем адміністрацыю рэстарацыі памяшканьнем для офісу. Будынак рэстарацыі будзе закансэрваваны. Праз два гады яны вернуцца назад, а мы пачнем эксплюатаваць факультэт міжнародных адносінаў”.

А вось прэзыдэнт Саюзу прадпрымальнікаў і наймальнікаў Георгі Бадзей упэўнены, што з гледзішча інвэстыцыйнага клімату гэты факт будзе мець нэгатыўныя наступствы.

(Бадзей: ) “Нават тое, што нестабільна заключылі дамову, а празь некаторы час, так бы мовіць, дэнансавалі — гэта ўжо дрэнна. Безумоўна, “Макдональдз” церпіць страты. А пацерпіць яшчэ большыя, калі на два гады, па сутнасьці, будзе замарожаная дзейнасьць. Іншая справа, калі ўнівэрсытэт гэтыя страты кампэнсаваў — тады гэта яшчэ цывілізаванае рашэньне. А калі не — дык я наогул ня ведаю, як “Макдональдз” з гэтым пагадзіўся”.

Якія дакладна страты панясе замежнае прадпрыемства “Рэстарацыі Макдональдз” ад прыпыненьня працы аднаго са сваіх найлепшых падразьдзяленьняў, у офісе “Макдональдза” не камэнтуюць: як там выказаліся, “каб не выглядаць занадта пакрыўджанымі”. Але канстатавалі, што ніякай кампэнсацыі за тое, што цягам некалькіх гадоў праца будзе спаралізаваная, не прадугледжана.

У прэсавай службе Менгарвыканкаму пацьвердзілі, што ўнівэрсытэт сам будзе вырашаць, калі менавіта зачыняць “Макдональдз”. Але разам выказалі ўпэўненасьць, што свае грошы “Макдональдз” у Беларусі заробіць заўсёды.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG