Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАРТУГАЛІЯ АСПРЭЧВАЕ ЗАБАРОНУ 14 КРАІНАЎ ЭЎРАЗЬВЯЗУ НА ЎЕЗД БЕЛАРУСКІХ КІРАЎНІКОЎ


Аляксей Знаткевіч, Менск

Пасьля таго як Партугалія, адзіная сярод краінаў Эўраўзьвязу, не падтрымала забарону на ўезд для беларускага кіраўніцтва, астатнія 14 краінаў вырашылі ўвесьці гэтую забарону паасобку. Паводле рашэньня міністараў замежных справаў Эўразьвязу, сама Партугалія цяпер зможа выдаваць Аляксандру Лукашэнку і яшчэ сямі афіцыйным асобам Беларусі толькі сваю нацыянальную візу, нягледзячы на тое, што яна ўваходзіць у Шэнгенскую бязьвізавую зону.

Прэсавы сакратар партугальскага міністра замежных справаў Фэрнанда Ліма кажа, што ягоная краіна лічыць такое рашэньне няправільным.

(Ліма: ) “Гэта скажэньне Шэнгенскіх пагадненьняў, бо забарону на выдачу візы можна ўжываць, каб забясьпечыць грамадзкі парадак і нацыянальную бясьпеку ў краінах-удзельніцах пагадненьняў. Мы лічым, што гэта неадпаведны інструмэнт дзеля такога палітычнага рашэньня”.

Спадар Ліма кажа, што Партугалія, сёньня ці на пачатку наступнага тыдня, зьвернецца са сваімі аргумэнтамі ў юрыдычную службу Рады замежных міністраў Эўразьвязу. Аднак прадстаўнік дацкага прэзыдэнцтва ў Эўразьвязе, які пажадаў захаваць ананімнасьць, паведаміў нашаму радыё, што рашэньне аб забароне на ўезд у цяперашнім выглядзе было прапанаванае менавіта гэтай юрыдычнай службай.

Акрамя юрыдычных меркаваньняў, прадстаўнікі Партугаліі таксама маюць палітычныя пярэчаньні супраць забароны на ўезд беларускага кіраўніцтва. Партугалія старшынюе ў Арганізацыі Бясьпекі і Супрацоўніцтва ў Эўропе і плянуе перамовы зь беларускімі ўладамі аб вяртаньні ў Менск Кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ. Спадар Ліма кажа, што забарона створыць новыя перашкоды для перамоваў зь Беларусьсю.

(Ліма: ) “Нашая праблема ў тым, што мы цяпер вядзем дыялёг зь беларускімі ўладамі. А калі вы вядзеце дыялёг, вядзеце размовы, каб пераадолець нейкія складанасьці, важна падтрымліваць гэты дыялёг. Мы лічым, што візавая забарона можа стварыць новыя перашкоды гэтаму дыялёгу”.

Прадстаўнікі Эўразьвязу не пажадалі камэнтаваць цяперашнюю сытуацыю. Вось што да прыкладу сказаў прэсавы скаратар офісу Эўракамісіі ў замежных справах Гуна Віганд:

(Віганд: ) “Мне вельмі шкада, што вам даводзіцца мець справу з такой праявай разыходжаньняў у Эўразьвязе. Але, як прадстаўнік Эўракамісіі, я не магу афіцыйна камэнтаваць гэтае пытаньне”.

Прадстаўнік дацкага прэзыдэнцтва ў Эўразьвязе заявіў нашаму радыё, што эўрапейскія краіны гатовыя да дыялёгу зь Беларусьсю ў тым выпадку, калі беларускае кіраўніцтва палепшыць сытуацыю з правамі чалавека і павагай да закону.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG