Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСЬ КУПЛЯЕ ГАЗ ПА 38 ДАЛЯРАЎ


Валер Каліноўскі, Менск

Старшыня ўраду Беларусі Генадзь Навіцкі паведаміў Свабодзе, што на лістапад і сьнежань гэтага году Беларусь заключыла дамову на пастаўкі расейскага газу ў прыватнай кампаніі “Ітэра” па 38 даляраў за мільярд кубамэтраў. Аднак прамысловыя прадпрыемствы-спажыўцы атрымліваюць гэты газ ужо па 48 даляраў за тысячу кубамэтраў. Прычына, паводле спадара Навіцкага, — дадатковыя транспартныя выдаткі й перакрыжаваныя субсыдыі, прадпрыемствы фактычна плацяць і за насельніцтва, для якога тарыфы пакуль застаюцца льготнымі.

На наступны год урад Беларусі хоча павялічыць пастаўкі расейскага газу з 16,5 да 18,5 мільярда кубамэтраў, паколькі істотна разьвіваецца ўнутраная сетка спажыўцоў газу. Але няма ніякіх гарантыяў, што квота “Газпраму”, які прадае ў Беларусь газ па льготнай унутрырасейскай цане, павялічыцца. Гаворыць Генадзь Навіцкі:

(Навіцкі: ) “Кіраўніцтва “Газпраму” дакладна гаворыць, што ня можа нам павялічыць сваю квоту ў 10,2 мільярдаў кубамэтраў, якая была сёлета. Больш таго, і яна будзе забясьпечаная, калі ня будзе падзеньня здабычы газу. І яны прапануюць нам працаваць з “Ітэрай” ды іншымі пастаўцамі, каб дабраць гэтую квоту, што мы цяпер і робім”.

Ільготная цана “Газпраму” 24 даляры істотна адрозьніваецца ад камэрцыйнай цаны прыватных кампаніяў. І калі цяпер Беларусь купляе газ у “Ітэры” па 38 даляраў, то на наступны год прыватныя пастаўцы адмаўляюцца пастаўляць газ па цане ніжэй за 42 даляры. Пры гэтым яшчэ няма гарантыяў, што і яны і “Газпрам” паставяць у Беларусь сваю квоту газу. Гэтага можа не адбыцца, калі як і сёлета, у Расеі будзе назірацца падзеньне аб’ёмаў здабычы газу. Тады яна будзе аддаваць перавагу заходнім пакупнікам, якія плацяць 110 даляраў за тысячу кубамэтраў.

Такім чынам, у будучым годзе выдаткі Беларусі на газ істотна вырастуць. Пры гэтым “Газпрам” яшчэ вымагае ў 2003 годзе пагасіць 150 мільёнаў даляраў запазычанасьці — як паведаміў спадар Навіцкі, гэтая сума будзе разьмеркаваная роўнымі часткамі на ўвесь год. Акрамя таго, трэба аплаціць 50 мільёнаў даляраў запазычанасьці за электраэнэргію.

Такім чынам, Беларусь чакае жорсткі рэжым эканоміі і ўзмацненьне дысцыпліны аплаты паставак энэрганосьбітаў.

Беларускі ўрад вымушаны выконваць і іншае патрабаванне расейскага боку — намесьнік міністра энэргетыкі Эдуард Таўпянец паведаміў, што Саветам Міністраў канчаткова зацьверджаны плян акцыянаваньня “Белтрансгазу” з удзелам “Газпраму” да сярэдзіны наступнага году. І Расея ўжо інфармаваная аб гэтым. Сёньня зьнікла апошняя перашкода — Савет Рэспублікі ўхваліў зьмены ў закон, які забараняў прыватызацыю “Белтрансгазу”.
XS
SM
MD
LG