Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК СТАВЯЦЦА БЕЛАРУСЫ ДА НАБЛІЖЭНЬНЯ НАТО ДА МЕЖАЎ КРАІНЫ?


Севярын Квяткоўскі, Менск

(Студэнт: ) “Хай будзе... Лепей быць нэўтральным. Каб уваходзіць у НАТО, трэба пераўзбройвацца. У нас грошай няма, каб гэта рабіць. Проста трата грошай лішняя”.

(Бізнэсовец: ) “Гэта залежыць ня толькі ад НАТО, але ад нас таксама. Залежыць ад таго, ці будзе Беларусь з Расеяй, ці не. Мы патрэбныя ці не патрэбныя НАТО настолькі, наколькі мы сябруем з Расеяй, альбо не сябруем зь ёй”.

(Асьпірант: ) “Супрацоўніцтва ў разумных межах заўжды мае сэнс. Трэба рабіць пэўныя крокі насустрач. Натуральна, прадуманыя”.

(Вэтэран: ) “Я не баюся. Я ўдзельнік вайны, інвалід вайны, я не баюся. Калі мы незалежная краіна, то нам ніхто не пагражае”.

(Выкладчыца: ) “Я б не сказала, што я да гэтага стаўлюся станоўча. Гэта неяк ня вельмі прывычна для нашай самасьвядомасьці беларускай нацыі. Там, дзе ў свой час месьціліся, вы добра ведаеце, войскі Савецкага Саюзу, там сёньня, на жаль, вы бачыце, усё мацней і мацней усталёўвае свае палітычныя пазыцыі НАТО. Я заклапочаная менавіта прэстыжам дзяржаваў СНД”.

(Дзяўчына: ) “Не, вядома. Беларусь незалежнай заўжды была, яна ёй і застанецца, я спадзяюся”.

(Пэнсіянэрка: ) “Я адмоўна стаўлюся. Таму што ўсе гэтыя арганізацыі не на карысьць нашага жыцьця. Я, як пажылы стары чалавек магу сказаць. Мне папросту ня вельмі падабаецца тэндэнцыя ўхілаў НАТОўскіх”.

(Пэнсіянэр: ) “НАТО не баюся. І калі мы там будзем, таксама не баюся”.

(Інжынэр: ) “Больш трэба, пэўна баяцца ісьлямскіх тэрарыстаў, чым эўрапейскую супольнасьць, якая аб'ядноўваецца”.

(Таксіст: ) “Калі б уступленьне ў НАТО Беларусі дазволіла нашаму народу жыць лепей, дазволіла бы стварыць дадатковыя працоўныя месцы, таксама ў войску жыць лепей, атрымліваць нармалёвы добры заробак, то я стаўлюся да НАТО станоўча”.

(Выкладчык: ) “Вельмі пазытыўна стаўлюся да НАТО! Таму, што НАТО нікому не пагражае. НАТО — гэта абаронная сыстэма, мы ня ведаем такіх выпадкаў, каб НАТО напала на кагосьці без прычынаў. Таму я за тое, каб нашая краіна належала і да Эўразьвязу, і да НАТО. Калі калі-небудзь такое станецца магчымым”.

(Хлопец: ) “Я мяркую, што праблемы гэтай няма. Я станоўча стаўлюся да НАТО, таму вялікай праблемы ў гэтым ня бачу”.

(Рабочая: ) “Я хацела б, каб і мы туды патрапілі. Мне падаецца, так лягчэй будзе нам жыць. Усё-ткі болей будзем ведаць, хтосьці нам дапаможа ў чымсьці, у нашым цяжкім жыцьці”.
XS
SM
MD
LG