Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАРОТКІ НАРЫС ГІСТОРЫІ БЕЛАРУСКАЙ БУЛЬБЫ


Вячаслаў Ракіцкі, Прага

Удзельнiчае: гiсторык Ян Шубанскi

(Ракіцкі: ) “Беларусы ганарацца сваёй бульбай. Пра яе вершы, песьнi складаюць. Яна – самы папулярны харчовы прадукт. Бульба ратавала людзей у самыя галодныя часiны. Як, дарэчы, шмат беларусаў, якiя жывуць па-за рысаю беднасьцi, ратуе i сёньня. А ў былым Савецкiм Саюзе, дзе вельмi любiлi даваць мянушкi цэлым нацыям, беларусаў называлi “бульбашамi”. Так што, пэўна ж, можна сказаць, што бульба – сярод сымбаляў Беларусi…”

(Шубанскi: ) “Так, бульба для беларуса – нешта большае, чым проста харчовы прадукт. Гэты карняплод сёньня ёсьць адным з этнавызначальных беларускіх маркераў, побач зь “беларускім” зьверам зубрам ды “беларускай” птушкай буслом. Уявіць сваё жыцьцё бяз бульбы наўрад ці можа хоць хто-небудзь з сучасных прадстаўнікоў “маленькага, але ганарыстага” народу.

Аднак, перафразуючы ананімнага клясыка беларускай літаратуры XX стагодзьдзя, скажам: быў дзень, быў час, была эпоха, калі на нашай зямельцы нават ня пахла ні дранікамі, ні клёцкамі, ні бабкай ды іншымі найпрыемнейшымі для беларускага страўніка стравамі”.

(Ракiцкi: ) “Скажыце, Ян, ад якога ж часу бярэ пачатак гісторыя знаёмства нашага народу з гэтым карняплодам?”

(Шубанскi: ) “Бульбяная экзотыка стала вядомая на магнацкім стале хіба што пры канцы XVII стагодзьдзя. У кнізе, напісанай кухмістрам кракаўскага ваяводы Станіславам Чарнецкім, слынным “Compendium ferculorum albo zebranie potraw” (“Усё пра стравы, альбо збор страў”), згадваецца першая бульбяная прысмака для эліты Рэчы Паспалітай. Пад назваю “tertofelle” хаваецца бульба, якую пяклі ў попеле і, пакроеную на скрылікі, смажылі. Кніжка пабачыла сьвет у 1682 годзе і на працягу XVIII стагодзьдзя неаднаразова перавыдавалася. Згаданая ў ёй страва яшчэ ня масавы прадукт, а гастранамічнае вычварэньне да панскага стала”.

(Ракiцкi: ) “А калі бульбу пачынаюць вырошчваць на Беларусі? І цікава б пэўна было даведацца, якому рэгіёну належыць пальма першынства ў гэтым пытаньні?”

(Шубанскi: ) “Упершыню бульбу пачалі вырошчваць у Беларусі падчас панаваньня караля польскага і вялікага князя літоўскага Аўгуста III (1736—63). Першым экспэрымэнтальным пляцдармам па яе вырошчваньнi стала тэрыторыя Гарадзеншчыны.У другой трэці XVIII стагодзьдзя заморскае дзіва пачало сваё трыюмфальнае шэсьце па беларускай тэрыторыі. Найбольш значным бульбаводчым цэнтрам напрыканцы 80-х гадоў XVIII стагодзьдзя стала тэрыторыя Полацкага намесьніцтва. У 1788 годзе тут у “пасеве” бульба займала усяго 7 чвэрцяў, а ў “ураджаі” – 21 чвэрць, але праз два гады ў “пасеве” было 4617 чвэрцяў, а ў “ураджаі” – 18759 чвэрцяў. На Суражчыне ў гэты час вырошчвалі бульбу ня толькі на агародах, але і на панскіх палетках”.

(Ракiцкi: ) “Як адбываўся працэс распаўсюджаньня новай агрыкультуры на беларускіх землях у гэты час? Як паставілася да зьяўленьня бульбы беларускае сялянства?”

(Шубанскi: ) “У гэты час (маем на ўвазе канец 18-га – пачатак 19-га стагодзьдзяў) гэтая агрыкультурная навацыя віталася беларускім сялянствам зь вялікай прахалодай. Спачатку яна вырошчвалася толькі ў каралеўскіх эканоміях нямецкімі каляністамі, а беларускі паспаліты люд недаверліва ставіўся да гэтай чортавай штуковіны, якую ён неўзабаве ахрысьціў “праклятым земляным яблыкам”. Дзякуючы якраз абсалютна недэмакратычнаму ўзьдеяньню тутэйшай шляхты “на пана сахі і касы” бульба ў добраахвотна-прымусовым парадку прапісвалася на сялянскіх палетках. Сяляне з уласьцівай нашаму народу ціхмянай упартасьцю зьдзяйсьнялі акты сабатажу, усяляк ухіляючыся ад гэтай навацыі. Не абыходзілася ў гэтай барацьбе і без кур’ёзаў. У пачатку XIX ст. на Магілёўшчыне жыў апантаны бульбавод, багаты і ўплывовы пан, уладальнік маёнтку Цялятнікі, генэрал Гернгрос. У сваіх уладаньнях бульбу ён вырошчваў ад 1817 г., даваў свой улюбёны карняплод на пасадку і сялянам. Але на сялянскіх палетках бульба амаль не ўзыходзіла, толькі дзе-нідзе можна было пабачыць асобныя кволыя каліўцы. Гаспадар хутка зразумеў, у чым справа. Глыбокай начы прыходзіў паспаліты люд на поле і старанна выкопваў у дзень пасаджаную бульбу, а потым вёз да найбліжэйшай габрэйскай карчмы, дзе мяняў ненавісныя “праклятыя земляныя яблыкі” на свой улюбёны напой – гарэліцу… Тады генэрал пайшоў на хітрасьць: замест цэлых бульбінаў сялянства атрымала на насенны фонд парэзаныя карняплоды. Іх магілёўскія мужыкі ня сталі выбіраць, і на наступны год сабралі добры ураджай. Пераканаўшыся ў карысьці ды смакавых якасьцях бульбы, пачалі яе вырошчваць самі, ужо без прынукі”.

(Ракiцкi: ) “І калі ж урэшце адбыўся “карэнны пералом” у лёсе бульбы на беларускіх землях?”

(Шубанскi: ) “XIX стагодзьдзе стала часам поўнай і безумоўнай бульбянай перамогі на беларускіх палетках. Калі ў Гарадзенскай губерні ў 1822 г. было сабрана 7,1 тысяча чвэрцяў бульбы, то ў 1827 г. ужо ў 100 раз болей. У справаздачах Менскай ды Віцебскай губерняў за 1828 год адзначалася, што “бульба зьяўляецца памочнікам да харчаваньня, родзіць выдатна, з посьпехам паўсюль тут разводзіцца”.

У справаздачы Гарадзенскай губерні за 1840 год было напісана: “бульба займае першае месца ў ліку абраблянай гародніны, спрыяе харчаваньню народу, пракормленьню жывёлы і ўгнаеньню палеткаў”.

(Шубанскi: ) “Бульба насамрэч у гэты час становіцца паноўнай палявой культурай, “другім хлебам”, хаця ня будзе перабольшаньнем сказаць, што для бяднейшых сялянаў яна была ўвогуле адзіным і першым хлебам. Услухаемся ў радкі аднаго з сучасьнікаў: “…гарох, частку ячменя, авёс сяляне збываюць, а бульбаю харчуюцца амаль круглы год”.

(Ракiцкi: ) “А як хутка зьявіліся, так бы мовіць, нацыянальныя гатункі бульбы? Ад якога часу можна казаць пра “беларускую” бульбу ў поўным сэнсе гэтага слова?”

(Шубанскi: ) “Посьпехі бульбаводзтва, “бульбяны бум”, далі свае станоўчыя вынікі ў галіне сэлекцыі. Ужо ў 60-х гадох XIX ст. узьнікаюць мясцовыя, беларускія гатункі бульбы. У жніўні 1853 году ў Горы-Горацкім земляробчым інстытуце была адкрытая выстава, на якой экспанавалася 28 гатункаў бульбы з батанічнага саду інстытуту, а таксама прадукты з бульбы ў выглядзе мукі і крупкі. У 1868 годзе “Земледельческая газета” пісала пра тое, што ў Горацкім павеце меліся гатункі “на кои почти не имеют влияния неблагоприятствующие обстоятельства, вредящие всем прочим. Так, например, в нашем уезде, в с. Слижах, у одного хозяина картофель ежегодно дает более десяти зерен и величиной превосходит гусиные яйца … Обилием крахмала и вкусом слижевский картофель превосходит все возможные сорта”.

Вельмі файнаю была мсьціслаўская ды быхаўская бульба. Вядомы знаўца гэтае справы, А.Палтарацкі пісаў:

“Мне прыходзілася бачыць розныя гатункі бульбы, але нідзе не бачыў я такой буйнай і сапкай, як у Мсціслаўскім павеце… Быхаўская бульба таксама добрая”.

(Ракiцкi: ) “А ці можна казаць пра нейкую рэгіянальную спэцыфіку бульбаводзтва ў Беларусі?”

(Шубанскi: ) “У 1890-х гадох на тэрыторыі Беларусі ўжо вылучаліся 4 зоны бульбаводзтва. Да першай адносіўся Рэчыцкі павет. Тут пад бульбаю былі заняты 18,1% пасяўных плошчаў. Да другой зоны належылі тэрыторыі Барысаўскага, Гомельскага, Рагачоўскага, Чэрыкаўскага паветаў (12,1—15% плошчаў). Да трэцяй зоны адносіліся Менскі, Бабруйскі, Клімавіцкі, Чавускі, Быхаўскі, Магілёўскі, Аршанскі, Сеньненскі паветы (9,1—12 % плошчаў), а да чацьвертай зоны адносілася тэрыторыя Горацкага павету ды ўсёй Віцебскай губерні (6,1—9% плошчаў)”.

(Ракiцкi: ) “А як выглядала беларускае бульбаводзтва на тле, скажам, іншых рэгіёнаў Расейскай імпэрыі? Ці была гэтая галіна беларускай сельскай гаспадаркі ў той час эфэктыўнай і канкурэнтаздольнай?”

(Шубанскi: ) “На пачатку XX ст. беларускае бульбаводзтва было найлепшым і адным з наймацнейшых у Расейскай імпэрыі. На 1913 г. прыпадае пік дарэвалюцыйнай беларускай бульбяной вытворчасьці – пасяўная плошча склала 583,3 тыс. га, ураджайнасьць 6,4 т/га, валавы збор 4 мільёны тонаў, ці 12,6% валавага збору ў Расеі”.

(Ракiцкi: ) “Але бульба, як мы ўжо казалі, сталася ня проста прадуктам, але і элемэнтам беларускай культуры…”

(Шубанскi: ) “Сапраўды, поўная і незваротная “беларусізацыя” бульбы адбылася ў XIX стагодзьдзі. У сярэдзіне таго ж стагодзьдзя бяз бульбы немагчыма было ўжо ўявіць жыцьцё беларускага паспалітага люду. Бульба ўваходзіць у фальклёр, пра яе складаюць песьні. Адна зm беларускіх полек увогуле можа лічыцца за своеасаблівы гімн бульбе:

Гарні, гарні бульбу з печы
У торбачку – ды на плечы
Бульбу пякуць, бульбу вараць
Бульбу ядуць, бульбу хваляць

З бульбы мука, з бульбы каша
Прападзі ты, доля наша
Адзін лапаць, другі бот,
А я шляхціц, далібог!”
XS
SM
MD
LG