Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ГЕНЭРАЛ ФРАЛОЎ: “ВЫНІКІ ПРАЦЭСУ ЦІСКУ НА КНОПКІ ПАДЧАС ГАЛАСАВАНЬНЯ НЕ ЗАЎСЁДЫ СУПАДАЮЦЬ З АБМЕРКАВАНЬНЯМІ, ЯКІЯ МЫ ВЯДЗЕМ У КУЛЮАРАХ”


Уладзімер Глод, Менск

Валеры Фралоў асабіста ініцыяваў выключэньне з Крымінальнага кодэксу артыкулаў 367 (“Паклёп на адрас Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь), 368 (“Абраза Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь”) і 369 (“Абраза прадстаўніка ўлады”). Нагадаю, што Беларуская асцыяцыя журналістаў ужо вядзе збор подпісаў за скасаваньне гэтых артыкулаў. Як заявіў сёньня генэрал Фралоў, яму ужо перададзеныя 7 тысячаў такіх подпісаў.

Матывацыя дэпутата наступная – у дэмакратычнай краіне ўсе павінны мець роўныя ўмовы. Ніхто ня можа перашкодзіць кіраўніку дзяржавы, калі ён палічыць, што яго абразілі, зьвярнуцца ў суд. Яшчэ адзін аргумэнт у падтрымку такой прапановы – міжнародны досьвед. Паводле спадара Фралова, цяпер ва ўсёй Эўропе толькі ў законадаўстве Латвіі, Польшчы і Францыі існуюць адмысловыя артыкулы, зьвязаныя з абаронай гонару прэзыдэнтаў названых дзяржаваў. Ды яшчэ ў Гішпаніі закон абараняе каралеўскую сямью.

Адкрыта генэрала Фралова падтрымаў толькі ягоны калега Ўладзімер Парфяновіч. Іншыя выступоўцы альбо абмежаваліся даволі туманнымі выказваньнямі, альбо тлумачылі, чаму яны супраць. Большасьць казала, што на іх думку ўплываюць адмоўныя заключэньні на ініцыятыву генэрала з юрыдычных установаў: Вярхоўнага суду, пракуратуры, Міністэрства юстыцыі ды іншых. На што, дарэчы, дэупатат Фралоў пад сьмех залі сказаў: “Дык хіба ж яны падобныя на самагубцаў?”

Невядома, колькі б цягнуліся спрэчкі, калі б не ўмяшальніцтва віцэ-сьпікера Ўладзімера Канаплёва, які то выходзіў кудысьці, то зноў вяртаўся ў залу. Ён сказаў, што “нічога страшнага не будзе, калі мы пакінем гэтыя артыкулы ў Крымінальным кодэксу”. Пасьля гэтых словаў і адбылося галасаваньне.

Валеры Фралоў ня цешыў сябе вялікімі надзеямі. Ён добра ведае, з кім разам працуе. Вось што ён сказаў на адрас калегаў па палаце:

(Фралоў: ) “З нашых кантактаў я бачу высокапрафэсійных падрыхтаваных людзей, палітыкаў і законатворцаў. Я ведаю вашыя думкі, якія вы выказваеце ў нефармальнай абстаноўцы. Але вынікі працэсу ціску на кнопкі падчас галасаваньня, як мне падаецца, не заўсёды супадаюць з тымі абмеркаваньнямі, якія мы вядзем у кулюарах. Можа часткова таму нашым выбаршчыкам штогод жывецца ўсё горш”.

І яшчэ дэпутат Фралоў нагадаў калегам, што яны ў свой час падтрымалі ягоны запыт да Генэральнага пракурора Шэймана наконт лёсу зьніклых палітыкаў. І што далей? Гаворыць Валеры Фралоў:

(Фралоў: ) “Прайшло 20 дзён, якія даюцца на адказ, прайшло 30 дзён. Да гэтага часу адказу няма. Калі Генэральны пракурор, які мусіць абараняць закон, у адказ на зварот парлямэнту, Палаты прадстаўнікоў, дазваляе сабе парушаць закон, дык, прабачьце, якая гэта прававая дзяржава, якая тут дэмакратыя. Тут гэтым не пахне і блізка”.
XS
SM
MD
LG