Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ПРАЗЕ ПАЧАЎСЯ САМІТ НАТО


Юры Дракахруст, Прага

Напачатку адбылася галоўная падзея сустрэчы ў вярхох – усе 19 краінаў сябраў прагаласавалі за тое, каб запрасіць далучыцца да альянсу сем краінаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы.

Вось як адбывалася галасаваньне, якое праводзіў генэральны сакратар альянсу Джордж Робэртсан:

(Робэртсан: ) “Я зьвяртаюся да кіраўнікоў дзяржаваў і ўрадаў НАТО, якія сабраліся тут на паседжаньне Паўночнаатлянтычнай Рады, з прапановаю: запрасіць да перамоваў аб уступленьні ў НАТО наступныя краіны: Баўгарыю, Эстонію, Латвію, Літву, Румынію, Славікію і Славенію. Хто згодны з гэтым? Вялікі дзякуй. Рашэньне прынятае”.

Джордж Робэртсан падкрэсьліў, што цяперашняе пашырэньне НАТО – самае буйное за ўсю 53-гадовую гісторыю гэтай арганізацыі.

Прэзыдэнт Чэхіі Вацлаў Гавэл заявіў, што сёньняшняе рашэньне – канец эпохі падзелу сьвету на сфэры ўплыву.

(Гавэл: ) “Прыём сямі новых сябраў пацьвярджае права нацыяў вырашаць, да якой часткі сьвету яны хочуць належаць і ў якія саюзы ім уваходзіць”.

Пра гістарычнае значэньне сёньняшняга пашырэньня альянсу гаварыў і прэзыдэнт Польшчы Аляксандар Квасьнеўскі:

(Квасьнеўскі: ) “Мы прымаем рашэньне, якое канчаткова пакідае ў мінулым эру падзелу Ялты і Патсдаму, кашмару пакту Молатава-Рыбэнтропа, халоднай вайны і лжы балянсу страху”.

Прэзыдэнт ЗША Джордж Буш вітаў сёньняшняе рашэньне як крок, які робіць Эўропу больш згуртаванай і больш свабоднай:

(Буш: ) “Мы ўпэўненыя, што гэтае рашэньне пацьвярджае нашыя абавязкі перад свабодаю і перад Эўропаю, Эўропаю аб’яднанаю, свабоднаю і мірнаю”.

Паводле прэм’ер-міністра Велікабрытаніі Тоні Блэра, пашырэньне НАТО умацоўвае эўрапейскую стабільнасьць і бясьпеку:

(Блэр: ) “Гэтае пашырэньне мае выключнае значэньне для трансатлянтычнага саюзу. Яно ўмацоўвае стабільнасьць у Эўропе, што ёсьць гістарычнай місыяй нашага саюзу, а таксама ўсталёўвае новыя адносіны паміж альянсам і Расеяй. Я лічу, што гэта – важны крок у паляпшэньні эўрапейскай бясьпекі”.

Пра тое, што Расея ня мусіць бачыць пагрозы ў пашырэньні НАТО, гаварыў і канцлер Нямеччыны Гергард Шрэдэр.

Удзельнікі саміту падкрэсьлівалі, што сёньняшняе пашырэньне – не апошняе. Назваліся наступныя краіны-кандыдаты – Альбанія, Македонія і Харватыя, а таксама магчымы тэрмін іх запрашэньня ў НАТО – вясна 2004 году.

Прыняўшы рашэньне пра пашырэньне, сябры Паўночнаатлянтычнай Рады перайшлі да абмеркаваньня іншых праблемаў. Сярод іх – стварэньне міжнацыянальнага корпусу хуткага рэагаваньня, які будзе налічваць 20 тысячаў салдатаў і зможа быць перакінуты ў любую частку сьвету на працягу тыдня. Іншай праблемаю ёсьць ірацкае пытаньне. Прэзыдэнт Буш заявіў, што ЗША ўзначаляць кааліцыю краінаў, якія прымусяць Ірак пазбавіцца ад зброі масавага зьнішчэньня, дабраахвотна ці пры дапамозе сілы.

Але ў гэтым пытаньні ў альянсе існуюць пэўныя супярэчнасьці, напрыклад, Нямеччына катэгарычна адмаўляецца ўдзельнічаць у магчымай ваенай апэрацыі ў Іраку. ЗША спадзяюцца, што падчас саміту атрымаюць прынамсі дыпляматычную падтрымку сваёй ірацкай палітыкі.
XS
SM
MD
LG