Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НІЯКІХ ЗАХАДАЎ АФІЦЫЙНАГА МЕНСКУ Ў АДКАЗ НА ДЗЕЯНЬНІ 14-ЦІ КРАІНАЎ ЭЎРАЗЬВЯЗУ ПАКУЛЬ НЯМА


Валер Каліноўскі, Менск

У МЗС Беларусі па-ранейшаму не валодаюць ніякімі афіцыйнымі дакумэнтамі пра ўвядзеньне забароны на выдачу візаў Аляксандру Лукашэнку і сямі іншым высокім кіраўнікам краіны. Адразу пасьля абвяшчэньня гэтага рашэньня прэсавы сакратар А.Лукашэнкі Натальля Пяткевіч і некаторыя прадстаўнікі Нацыянальнага сходу казалі пра магчымыя захады ў адказ. На гэты момант ніякіх захадаў няма. Гаворыць прэсавы сакратар МЗС Павал Латушка:

(Латушка: ) “Што тычыцца нашых магчымых захадаў у адказ, то мы будзем разглядаць магчымасьць прымяненьня адпаведных захадаў у залежнасьці ад рэальных абмежавальных мераў, інфармацыя аб якіх намі будзе атрыманая”.

Прэсавы сакратар МЗС Павал Латушка не назваў пакуль і захадаў у адказ на рашэньне МЗС Чэхіі аб нявыдачы візы А.Лукашэнку на саміт НАТО, хаця запэўніў, што “адпаведныя падыходы выпрацоўваюцца, і яны будуць прынятыя”. Раней А.Лукашэнка пагражаў, што Чэхія страціць усе пазыцыі ў Беларусі. Цяпер у МЗС Беларусі адбываюцца кансультацыі з адкліканым з Чэхіі амбасадарам Уладзімерам Бельскім.

Павал Латушка адзначыў, што забарона 14-ці краінаў Эўразьвязу на выдачу візаў пакуль ніяк не адбілася на плянах васьмі высокіх кіраўнікоў Беларусі, бо яны і ня мелі намераў наведаць Эўропу блізкім часам.

Беларуская замежная палітыка даўно скіраваная на ўсход. Прэм’ер-міністар Генадзь Навіцкі на наступным тыдні наведае Індыю, першы віцэ-прэм’ер Сяргей Сідорскі ўжо ад’ехаў у Кітай. Выключэньне тут складае міністар замежных справаў. Міхаіл Хвастоў мае намер наведаць сустрэчы міністраў замежных справаў АБСЭ ў Партугаліі 6–7 сьнежня. Партугалія, як вядома, не падтрымала візавую забарону для вышэйшых чыноўнікаў Беларусі.

Разважаючы аб магчымасьці захадаў у адказ з боку афіцыйнага Менску, менскі палітоляг Валер Булгакаў мяркуе, што цяпер у А.Лукашэнкі пакуль няма фатальна патавай сытуацыі:

(Булгакаў: ) “Для яго гэтае рашэньне па-свойму выгаднае, бо яно дае яму пэўныя казыры ў стасунках з Расеяй, і пэўныя казыры ў стасунках зь мясцовым беларускім электаратам. Эўрапейцы тут, здаецца, прадумалі ўсё да апошняй драбніцы, але яны ўсё-такі паглядаюць на беларускую сытуацыю, зыходзячы са свайго паняцьця здаровага розуму. Для лідэра Польшчы ці Славаччыны гэта быў бы ўдар, які каштаваў бы яму палітычнай кар’еры, магчыма, азначаў бы ягоную палітычную сьмерць. Што ж датычыць нашага таварыша Аляксандра Рыгоравіча, то тут, як кажуць, магчымыя варыянты”.

Як мяркуе Валер Булгакаў, нейкіх зьменаў у палітыцы А.Лукашэнкі дэмарш Эўропы ня выкліча, бо Лукашэнка мае нейкае выйсьце — 27 лістапада ён зноў сустрэнецца з прэзыдэнтам Расеі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG