Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЖОРДЖ БУШ: “САВЕЦКАГА САЮЗУ БОЛЬШ НЯМА, АЛЕ Ў СВАБОДЫ ЗАСТАЛІСЯ ВОРАГІ”


Юры Дракахруст, Прага

Джордж Буш вітаў прэзыдэнта Радыё Свабода Свабодная Эўропа Тома Дайна, які таксама ўдзельнічаў у сустрэчы.

(Буш: ) “Я хачу выказаць падзяку Тому Дайну, прэзыдэнту Радыё Свабода/Свабодная Эўропа, які далучыўся да нас. Я хачу падзякаваць годным людзям, якія працуюць там. Я высока цаню вашую працу. У свой час прэзыдэнт Дуайт Эйзэнгауэр казаў: “Радыё Свабода/Свабодная Эўропа мае самы просты і ясны статут у сьвеце – гаварыць праўду. На працягу больш чым 50 гадоў гэты статут старана выконваўся, і гэтая праўда прывяла да вызваленьня кантынэнту”.

У сваім выступе прэзыдэнт Буш спыніўся на галоўных праблемах сучаснага парадку дня ўсясьветнай палітыкі:

(Буш: ) “Мэта Амэрыкі і ўсяго сьвету ня зводзіцца да вяртаньня інспэктараў у Ірак. Нашая мэта – гэта забясьпечыць мір шляхам поўнай ліквідацыі ірацкай зброі масавага зьнішчэньня. Добраахвотна ці з ужываньнем сілы, але гэтая мэта будзе дасягнутая”.

Прэзыдэнт ЗША падкрэсьліў важнасьць цяперашніх адносінаў з Масквою, патлумачыўшы, што пашырэньне НАТО не нясе пагрозы Расеі. У пятніцу Джордж Буш сустрэнецца з Уладзімерам Пуціным пад Санкт-Пецярбургам.

(Буш: ) “Я скажу свайму сябру Ўладзімеру Пуціну і ўсяму расейскаму народу, што Расея толькі выйграе ад умацаваньня стабільнасьці і бясьпекі яе заходніх суседзяў. Расеі непатрэбны санітарны кардон. Ёй патрэбныя міралюбныя і заможныя суседзі, якія ёсьць сябрамі”.

Джордж Буш у чарговы раз выказаўся за перамены ў самім НАТО, перамены, якія зрабілі б альянс больш адпаведным новым выклікам часу:

(Буш: ) “Наш саюз сутыкаецца з пагрозамі, вельмі адрознымі ад тых, якія былі напачатку яго існаваньня. Яшчэ ніколі нашая патрэба ў калектыўнай бясьпецы не была такой пільнаю, як зараз. Савецкага Саюзу больш няма, але ў свабоды засталіся ворагі”.

Прэзыдэнт Буш заявіў, што кожная краіна-сябра НАТО мусіць рабіць свой унёсак у справу агульнай бясьпекі:

(Буш: ) “Толькі некалькі дзяржаваў НАТО маюць ваенныя магчымасьці ва ўсіх галінах, я выдатна разумею гэта. Аднак кожная краіна-сябра мусіць рабіць свой ўнёсак. Мы – ваенны саюз, і кожная краіна-сябра мусіць рабіць ваенны ўнёсак у гэты саюз”.

На думку Джорджа Буша, глябальнасьць тэрарыстычнай пагрозы палягае ў тым, што ахвараю чарговага тэрарыстычнага ўдару можа стаць кожная свабодная краіна.

(Буш: ) “Для тэрарыстаў і тэрарыстычных дзяржаваў кожная свабодная нацыя ёсьць патэнцыйнаю мэтаю ўдару, кожная , у тым ліку і свабодныя краіны Эўропы”.

Таму, паводле меркаваньня амэрыканскага лідэра, новыя выклікі не дазваляюць НАТО абмяжоўвацца ў сваіх высілках Эўропаю:

(Буш: ) “Паколькі шмат пагрозаў удзельнікам НАТО зыходзяць з-за межаў Эўропы, НАТО мусіць быць рэфармаваная такім чынам, каб дзейнічаць за межамі Эўропы. Калі нашыя сілы былі вымушаныя хутка дзейнічаць у Афганістане, магчымасьці НАТО ў гэтай справе былі абмежаваныя. Мы мусім стварыць новыя магчымасьці і мусім мець волю выкарыстоўваць іх”.

У сваёй прамове перад студэнтамі з краінаў НАТО Джордж Буш адкрэсьліваў непарыўнасьць сувязяў паміж старым і новым сьветам, паміж Амэрыкаю і Эўропаю:

(Буш: ) “Трансатлянтычныя сувязі Эўропы і Амэрыкі прайшлі ўсе выпрабаваньні гісторыі, і мы упэўненыя, што гэтак жа годна будуць сустрэтыя і новыя выпрабаваньні. Дзьве ўсясьветныя вайны не раздзялілі нас. Пагрозы і напружанасьць “халоднай выйны” не стамілі нас. Абавязак маёй нацыі перад Эўропаю мы знаходзім у шматлікіх магілах маладых амэрыканцаў, якія загінулі за гэты кантынэнт і за свабоду”.

Са словаў амэрыканскага лідэра вынікала, што і пасьля прыёму ў альянс новых сябраў дзьверы НАТО ня будуць зачыненыя для ніводнай эўрапейскай нацыі:

(Буш: ) “Паколькі Амэрыка падтрымлівае як мага больш аб’яднаную Эўропу, мы ўсяляк падтрымліваем пашырэньне НАТО зараз і ў будучыні. Кожная эўрапейская дэмакратыя, якая хоча стаць сябрам НАТО і гатовая ўзяць на сябе абавязкі сябра НАТО, зможа далучыцца да нашага саюзу. Пашырэньне НАТО – гэта добра для ўсіх, хто хоча далучыцца да нас”.

Напярэдадні саміту НАТО Джордж Буш выказаў упэўненасьць, што гэты саміт зробіць сьвет больш свабодным, мірным і абароненым.

(Буш: ) “Тут у Празе маладыя дэмакратыі знойдуць новую бясьпеку, вялікі альянс стане больш моцным і набудзе новую мэту, Амэрыка і Эўропа ўмацуюць сваё гістарычнае сяброўства, на якім усё яшчэ трымаецца мір ва ўсім сьвеце”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG