Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІХАСЬ МАШАРА: ЯРКІ ЗАХОДНІ ПАЭТ І БЛЯКЛЫ САВЕЦКІ ПРАЗАІК


Сяргей Дубавец, Вільня

Міхась Машара сёньня, бадай, забытая постаць ХХ стагодзьдзя. Яркі беларускі паэт у міжваеннай Вільні і зусім шэры савецкі празаік у паваенным Менску. Не запатрабаваны ані школай, ані літаратурнай навукай, ані тэматычнымі анталёгіямі.

З усёй заходнебеларускай паэзіі на вастрыі публічнае цікавасьці застаюцца хіба толькі Натальля Арсеньнева і Максім Танк. Першая правяла рэшту жыцьця ў Амэрыцы, другі – у савецкіх прэзыдыюмах. Такія былі абраныя імі шляхі выжываньня ў закалотах вайны і сталінскага генацыду. Але сапраўды прызнанымі яны сталі яшчэ тады – у міжваеннай Вільні. І нязьменна ў тагачасных крытычных аглядах побач зь імі фігуравала імя трэцяга – Машары. "Калі возьмем паэтаў Заходняй Беларусі, – пісаў віленскі часопіс "Калосьсе", – дык сярод іх знаходзяцца адзінкі, творы каторых можна паставіць побач твораў лепшых эўрапейскіх сымбалістаў. Некаторыя рэчы Машары не ўступаюць паэмам Андрэя Белага. Наагул, пісаць мімаходам аб Машару няма сэнсу, аб ім трэба пісаць цэлую манаграфію".

Гэта 1936 год. Не напісалася манаграфія. Праз тры гады Заходняя Беларусь была забраная ў Польшчы і далучаная да Ўсходняй, савецкай. Машара становіцца пісьменьнікам мала сказаць камуністычным, гіпэркамуністычным, аж да нечытэльнасьці. Пасьля вайны ў Менску выходзяць ягоныя празаічныя кнігі пра цяжкое жыцьцё пад панскай Польшчай. Кнігі, якія не пакідаюць крытыкам шанцаў хоць бы на якую рэакцыю, апроч гэткай самай. Калі Арсеньнева затуліла свой талент эміграцыяй, а Танк затуліўся пасадамі і званьнямі, дык Машара не затуляўся. Ён распусьціўся ў шэрасьці савецкага побыту і ўжо не падаваў прыкметаў жывога жыцьця. Так і памёр – у 1976-м.

Сёньня Міхасю Машару спаўняецца 100 гадоў. Сур'ёзная дата, каб прыгадаць забытага творцу, прайсьці ягонымі шляхамі, зразумець яго і высьветліць, ці сапраўды ён варты гэткага забыцьця.

* * *

Вясковы дзяцюк з хутара Таболы Міхась Машара піша вершы і даволі хутка атрымлівае прызнаньне ў тагачаснай сталіцы краю Вільні. Яго друкуюць часопісы, на яго адгукаецца крытыка, выходзяць кніжкі і вось ужо шанаваны паэт становіцца жаданым госьцем у віленскіх асяродках. Адзін са сваіх візытаў у сталіцу Машара апісаў у паэме "Падарожжа". Дзеяньне адбываецца ў траўні, але мы прачытаем гэты твор сёньня, акурат напярэдадні стагодзьдзя аўтара.

Ўжо блізка Вільня – горы, горы,
Пакрыты густа хвайніком;
Адна з аднэй, як хвалі ў моры,
Бягуць, каб стрэцца зь цягніком.

А між гарамі хаты-цацкі,
Вузкія вулкі і муры,
Якбы з прыгожай нейкай казкі
Абраз, узяты кімсь сюды.

І замільгалі камяніцы,
Касьцёлы, вежы і муры,
Гара Замковая са шпіцам
І гістарычных тры крыжы.

За вулкай вуліца праходзіць
Зь вясновай раніцай на бруку,
І коскі сонца ў карагодзе
Танцуюць ў скочным рытме руху.

Ляскот гамульцаў па калёсах...
І стаў задыхаўшысь цягнік.
Яшчэ раз, Вільня, давялося
Таптаць нагамі твой хаднік.

Уходжу ў вір жывы, кіпучы,
Ў натоўп людзей, паміж валіз,
І зьліўшысь ўсе рухомай кучай
Плывём ў тунэль па сходах ўніз.

Дачка віленскай мэмуарысткі Зоські Верас спадарыня Галіна Войцік кажа, што, па вялікім рахунку, мала што зьмянілася ў гэтым апісаньні з даваенных часоў. І нават тыя тунэлі, на якія зьвярнуў увагу Машара.

(Войцік: ) "Так, яны там ёсьць. Я, праўда, даўна ня езьдзіла цягніком, але яны там ёсьць".

(Дубавец: ) Выходзячы на віленскі вакзал, Машара ў лепшых традыцыях тагачаснай беларускай паэзіі складае сваю дэклярацыю Вільні – амаль так, як сёньняшні беларус зь Беларусі запаўняе памежную паперыну пра тое, з чым ён сюды едзе.

О, Вільня, ты для нас ня матка!
І мы як пасынкамі тут:
З тваіх муроў – палацаў гладкіх
Займаем мы апошні кут.

І хоць мы кутнікі у хаце,
Зь якіх сьмяецца гаспадар,
Але тут маем шмат багацьця
І Зьніча нашага аўтар.

І ты сама зь мінулай процьмы,
Ты помніш нас, беларусоў:
Каменнымі сваімі вочмі
Глядзіш на нас зь сівых часоў!

Цябе карміла наша поле,
І будавалі мазалі.
Ўсе нашы радасьці і болі
Калісь супольнымі былі…

Цяпер ты іншай стала, іншай,
Глядзіш на нас, як на прыблуд.
Мы непатрэбнаю і лішняй
"Mniejszosciа" сталі табе тут.

Але ці хочаш, ці ня хочаш,
Ці як глядзі, ці не глядзі, –
Яшчэ пабачаць твае вочы,
Як будзем тут і мы людзьмі.

Прыліў сялянскі із-за гораў
Ў твае муры прыбоем б'е…
О, Вільня! Мы яшчэ паспорым
Ня раз – з табой і за цябе.

Апошнія словы тут – схаваная цытата зь вершаў пра Вільню Ўладзімера Жылкі. Гэты вобраз – беларускага сялянскага прыліву ці прыбою – быў вельмі папулярны ў міжваенны час.

І сам паэт – частка гэтага прыліву. Ён усё ж такі вясковец.

Хачу спагнацца з рытмам места,
Шагі прысьпешаны мае.
О, людзі! як вам тут ня цесна,
Ў мурох... і нежывой красе?

Каменныя карыты вуліц
Мігцяць прачнуўшыся жыцьцём.
Каштан да муру ціха туліць
Зялёны дах над хадніком

І ўсё ў цьвяту... Каштан і вішня
Ў задуме белай пры муры
Здаецца мне – прыкрасай лішняй,
Як заблудзіўшысь тут яны.

У гэтым месцы Галіна Войцік пратэстуе. Не было на шляху ад вакзалу да Вострай Брамы, куды кіраваўся паэт, ані каштанаў, ані вішняў.

(Войцік: ) "Гэта ўжо ліцэнцыя паэтыка. Каштанаў не было, галаву даю. А вішняў тым больш. У горадзе былі адны ліпы. Каштаны былі ў Бэрнардынцы над Віленкай і яны ў 39-м вымерзьлі (39-40-ы год была зіма вельмі марозная) і на Каштановай вуліцы – яна і цяпер так называецца – там старыя-старыя, вось гэтыя і цяпер яшчэ растуць. Гэта цяпер у горадзе маса розных дрэваў, а тады былі ліпы, адны ліпы".

(Дубавец: )

Іду далей... вось Востра-брама.
Зьнімаю шапку (трэба тут).
Малітвай раньняю сабраны
Каля муроў таўпіцца люд.

Такім вось чынам, сьледам за вершамі мы дайшлі да Вострае Брамы, адпраўнога пункту нашага падарожжа па Вільні сьледам за Машаравай паэмай. Па адрасах, што згадваюцца ў паэме сёньня, амаль празь 70 гадоў пасьля яе напісаньня, адправіліся сталыя ўдзельнікі нашае перадачы Тацяна Поклад, Сяржук Вітушка і Сяргей Харэўскі.

(Поклад: ) "Пад Востраю Брамай раніцаю перад імшой".

(Беларускае набажэнства ў Вострай Браме.)

(Дубавец: ) Вільня ў часы Машары выглядала, верагодна, больш беларускай. Затое беларускай імшы ў Вострай Браме тады не было і не магло быць. Гэтым разам ксёндз згадаў, што менавіта па-беларуску маліліся тут да сьвятога абраза Божае Маці спрадвеку.

(Поклад: ) "Скажыце, вы часта ходзіце на беларускія службы?"

(Мужчына: ) "Часта. Я сам беларус".

(Жанчына: ) "Раней хадзіла, але цяпер ёсьць службы ў нашай царкве, дык часьцей туды хаджу. Дзякую ксяндзу, што сказаў сёньня для ўсіх людзей, што першыя малітвы да гэтай іконы Маці Божай Вастрабрамскай былі на нашай беларускай мове".

(Поклад: ) "Мы стаім каля Вострай Брамы, цяпер яна выглядае, напэўна, ня так, як у 34-м годзе".

(Харэўскі: ) "За часоў Машары яна была пафарбаваная чуста набела. Быў крыж, які зусім нядаўна зьнялі. Літоўскія рэстаўратары адкрылі там абраз Хрыста. Вострая Брама пабудаваная ў 1514 годзе. Мела два абразы: у бок Беларусі абраз Хрыста, а ў бок Вільні быў абраз Маці Божай. Цяпер усё, што мы бачым, зусім іншае. Часта пытаюцца – што там за выява, што за чалавечак, што за тварык пад гзымсам. Гэта выява Гермеса. А Гермес – гэта апякун ня толькі гандляроў, але і злодзеяў"...

(Вітушка: ) "Мы чуем званы. Тут сёньня многа народу. Бо цяпер ідуць дні апекі Божае Маці Вастрабрамскай. І ў гэтыя дні ўсе віленчукі стараюцца сюды прыехаць, і ня толькі віленчукі, а з усёй Літвы, з усёй Беларусі ідуць пілігрымкі. Тут ужо была беларуская служба адна і будзе яшчэ. Прыедуць у гэтыя выходныя зь Менску, з Горадні цэлыя дэлегацыі".

(Харэўскі: ) "Званы б'юць на кармэліцкім касьцёле. Кармэліты, базыляне і праваслаўнае брацтва спрачаліся, хто будзе апекавацца гэтым абразом Маці Божае Вастрабрамскае, якая лічыцца сьвятым абразом для ўсіх. То бок, гэта ня толькі каталіцкі абраз, гэта сьвятыня для ўсіх хрысьціянаў краю".

(Вітушка: ) "А зусім побач на Базылянскай вуліцы – базарчык "Пад галяй" і там поўна нашых землякоў. Прывозяць пэнсіянэры прадаць нейкі тавар і спадзяюцца капейку жывую зарабіць. І тут паліцыя іх ганяе, але ж неяк кожнага разу, кожны дзень ідзеш і глядзіш на гэтых землякоў".

(Харэўскі: ) "Гэта падобна, што засталося ад часоў Машары. Вось чаго не было, дык гэта гандлю ў Вострай Браме. Сёньня там адбываецца вельмі кіпучы гандаль. І можам чуць беларускую гаворку".

(Поклад: ) "Добры дзень. А што вы прадаеце такое? Гэта пернікі?"

(Кабеты: ) "Так, так".

(Поклад: ) "І купляюць у вас?"

(Кабеты: ) "Купляюць, чаго ж..."

(Харэўскі: ) "А пернікі гэта віленскія?"

(Кабеты: ) "Так, віленскія. Усё віленскае. І цукеркі самаробныя".

(Харэўскі: ) "А як робяцца гэтыя цукеркі?"

(Кабеты: ) "Гэта ваенная тайна. Мы ня можам расказваць".

(Вітушка: ) "Дык Вострая яна была ўверх – Брама? Высокі быў дах?"

(Харэўскі: ) "Не, назоў не адтуль. Калі б мы селі на самалёт, мы б пабачылі, што ўсе старыя вуліца Вільні ўтвараюць абрыс сэрца. І гэты абрыс сэрца – як у картах масьць бубна – упіраецца вострым канцом у гэтую браму".

(Вітушка: ) "Ну вось у Машары Вострай Браме прысьвечана была толькі адна страфа, а мы тут нагаварылі на цэлую перадачу".

(Дубавец: ) Ад Вострае Брамы лірычны герой Міхася Машары скіроўваецца ўніз па вуліцы да Базылянскіх муроў. Туды ж ідуць і нашыя сьледапыты.

* * *

Да вобразу Вільні – тагачаснай і цяперашняй я хачу дадаць вобраз самога Машары – песьняра вёскі, які ў горадзе пачуваецца чужавата. Зрэшты і сама паэма "Падарожжа", якую мы сёньня чытаем, была напісаная з памяці на родным хутары. Гэтую мясьціну наведаў Зьміцер Бартосік.

(Бартосік: ) "Ледзь ня ўсе Машаравы творы трыццатых гадоў пазначаныя адным месцам напісаньня – Таболамі. Цяпер гэта Шаркоўшчынскі раён. Але самой вёскі ўжо няма. Адно закінутае калгаснае поле. На старым бальшаку Шаркоўшчына-Германавічы ёсьць вёска Бутрамеі, якая некалі межавала з Таболамі. Бутрамеі таксама не падаюць вялікіх прыкметаў жыцьця. Тут шмат закінутых дамоў, і занадта ціха для пятай гадзіны вечара. Але як прыгожа. Можна бясконца глядзець на бяскрайняе сьнежнае мора, што паволі сінее, зьліваючыся зь вечаровым небам.

Сьнегам, як пухам, занесены хаты...
Змрок заглядае у вокны і хмурыцца,
Дрэвы асьнежаны бельлю касматай,
нізка схілілісь над вёскай і вуліцай...

Я пагрукаўся ў першую бутрамейскую хату.

(Старая: ) "Нічога, чалавек не благі быў. Нічога пра яго благога ніхто не гаварыў. А так я толькі помню, у школу хадзіла ў Шкуньцікі, і ён раз быў прыехаўшы. Так мяльком яго відзела. Гэта я хадзіла ў пяты клас, а ўжо мне 76... У іх сад быў бальшы, хатка ня очань важная была. А сад быў бальшы. Небагатая была сям'я..."

(Стары: ) "Як ён быў, я ў арміі тады быў. Гэта пасьляваенныя гады. Ну, чалавек і ўсё. Ня біўся ж. Красьці ня краў, ня біўся. Дык а нам што. Ніхто ні да кога дзялоў ня меў. Ужэ тыя, каторыя жылі, усе закапаны. Даўно было..."

(Бартосік: ) "Занадта гэты стары акцэнтуе ўвагу на "ня біўся". Прывяду цытату з Танкавых "Лісткоў каляндара". Вельмі дарэчную. Запіс 30 верасьня 1936 году:

"Адзначылі дзень нараджэньня М.Машары. Я ня быў на гэтай урачыстасьці, якая, здаецца, адбывалася ў цесным хадэцкім асяродзьдзі. Чуў толькі, што Машара здорава перасварыўся з арганізатарамі гэтага вечара, а ў рэдактара "Калосься" запусьціў пустой бутэлькай. Беларус поўнай бутэлькай ня кінецца".

Гледзячы на партрэты маладога Машары, цяжка ўяўляю сабе гэткія "пяшчотныя" адносіны вясковага паэта да рэдактара сталічнага часопіса.

У Бутрамеях мне сказалі, што ў Шаркоўшчыне жыве родны брат паэта. Клічуць яго Мялеці Машара. 95-гадовы прыгожы стары з шыкоўнымі вусамі выйшаў да карэспандэнта ў пінжаку. Кнігі брата ў Мялеція стаяць на пачэсным месцы".

(Мялеці Машара: ) "Дзярэўня была Таболы. У нас была гаспадарка – восем дзесяцін зямлі было. Упярод чацьвярцінка зямлі – ад бацькоў наследзтва. А тады бацька як тамака быў працавіты чалавек, зарабіў колькі грошай, і ў дзярэўні прадавалася шасьціна зямлі яшчо, і ён тады купіў гэту зямлю. Так што жылі ня дужа так бедна".

(Бартосік: ) "А пасьля, як прыйшлі Саветы, зямлю забралі?"

(Мялеці: ) "Сразу ж не забралі. Плацілі падаткі і зярном і дзяньгамі за замлю аплачвалі. А як ужо калхозы сталі, тады ўжо зямлю адабралі ад людзей. Усё пайшло ў калхоз, забралі ў калхоз".

(Бартосік: ) Яшчэ ёсьць малодшая сястра Міхася Машары – Ніна. Яна жыве ў Менску, дзе мы і сустрэліся".

(Ніна: ) "Помню яшчо маленькай была. Нада было ў армію ісьці, у польскую. І ён так: "Не пайду служыць палякам!" Мама настолька плакала і прасіла: "Сынок, ідзі служыць. Як жа ты ня пойдзеш? Ідзі служыць". Ну, пайшоў служыць. Служба яму ўдалася. Прыйшоў з арміі ён. Аказаўся ў Вільні. Рэдактарам. Яго пасадзілі на Лукішкі. І адседзеў ён 34 месяцы да суда. Патом назначылі суд, а з Шаркаўшчыны прыйшла дзевушка, яму знакомая харошая. І гаворыць: "Міхасю будзе суд, нада сьвідзецелей. Такіх сьвідзецелей браць, каторыя што-небудзь рыгіравалі к Польшчэ. Узялі арганістага з касьцёла, гэта дзевушка пайшла, і трэцяга ўзялі ці з гміны ці адкуль. І паехалі гэтыя сьвідзецелі з Шаркаўшчыны ў Лукішкі. Яго там апраўдалі. Дамоў прыехаў такі страшны, худы. Сколька мама плакала. Ну і што? А пісаць ён усё пісаў, пісаў. Прыехалі з Варшавы начальнікі, яму очань абяшчалі там харошую жызьнь. Каб ён паехаў у Варшаву і пісаў па-польску. Ну ён адказаўся ад гэтай жызьні. Не паехаў".

(Бартосік: ) "Ці з надзеяй чакалі прыходу Чырвонай арміі?"

(Ніна: ) "Очань чакалі. Такая радасьць была, эта не перадаць. А кагда прыйшла Чырвоная армія, яму стала многа ўжэ лучшэ. Ён быў інспектар раяно, па школах езьдзіў, быў дэпутат Вярхоўнага Савета".

(Бартосік: ) "Я заўжды дзівіўся гэтаму факту. Калі з надзеяй чакалі Чырвонага войска не жабракі, а людзі нябедныя, у якіх менавіта пад польскаю ўладай складалася кар'ера. У Міхася Машары на той час былі Лукішкі за сьпінаю, узрост Хрыста, душа поўнілася новымі вершамі, кнігі выходзілі адна за адной, імя ў Вільні станавілася ўсё больш вядомым. Здавалася б, якія чырвоныя? Вось меркаваньне Ады Райчонак, германавіцкай краязнаўцы".

(Райчонак: ) "Магчыма і страх, а магчыма перакананасьць, што бальшавікі – гэта людзі, якія робяць тое, што трэба. Хоць ён павінен быў бачыць, што рабілі бальшавікі ў яго на Радзіме. Як толькі прыйшлі сюды, адразу пачаліся арышты, раскулачваньні, вывазіць сталі ў Сібір. Ён жа бачыў, што лепшых людзей вывазілі. Так, можа, і пабаяўся. Я Вам расказвала пра Зоську Верас, калі Міхась Машара сядзеў на Лукішках, яна за свае грошы выдала кніжку вершаў "Малюнкі" і насіла яму перадачы. А потым, калі выйшаў Міхась Машара з турмы, ён папаў пад вялікі ўплыў бальшавікоў і казаў, што гэта бальшавікі выдалі ягоную кніжку, што гэта бальшавікі прысылалі яму перадачы ў турму. Зоська была на яго вельмі пакрыўджана і крыўда ў яе не прайшла аж да канца яе дзён".

(Бартосік: )

"Зіма, зіма... адна пацеха...
Наўкол ваўністы сьнег ляжыць.
Іду па белым шаўку сьнега
У сэрцы радасьць, – кроў гарыць.

Гэта верш з таго самага першага зборніка "Малюнкі", дзе на вокладцы ясна пазначана: "Выдавец – Людвіка Войцік". Пры чым тут бальшавікі? А ці не пры тым, што па гэты бок мяжы ўжо было вядома ўсё. Усё тое, што творыцца з калегамі па пяру на савецкай тэрыторыі. Куды падзеліся нядаўнія віленскія славутасьці – Тарашкевіч, Дварчанін, Жылка, чаму не чуваць Ластоўскага, што здарылася з Гарэцкім? Няўжо прычына камунізацыі Машары – у фантастычнай празарлівасьці? Зрэшты, ёсьць яшчэ адзін матыў. Матыў надрыўнага гарадзкога рамансу. Успамінае Ніна Антонаўна. Гаворка ідзе пра дзяўчыну, якая выступала ў ролі сьведкі на судзе".

(Ніна: ) "Кагда яго пасадзілі, эта дзевушка очань красівая была. І вось яны дружылі нямножка. І яго пасадзілі, яна ждала, і пісала, і прыхадзіла. Ну а патом выйшла замуж за паліцыянта. І выехала на Паможэ. Ён вярнуўся з цюрмы, яна прыяжджала і яны ўстрачаліся. Патом майго ацца ейны ацец спаткаў у Шаркаўшчыне на базары і гаворыць: "Машара, мне очань жалка вашага сына. Он такі умніца, такі харошы. Очань жалка. Но яго могуць убіць паліцыянты. Таму, што ён устрачаецца з гэтай".

(Бартосік: ) "Нешчасьлівае каханьне – пачуцьцё абдзеленасьці – якая розьніца што там была за бяда, калі крыніцай усіх бедаў лічылі палітыку – польскі рэжым на акупаваных землях Заходняй Беларусі. І вось пры першай жа магчымасьці беларускі паэт, які ніколі ня быў савецкім чалавекам і ідэйным камуністам, выводзіць абсалютна прапагандысцкія і абсалютна хлусьлівыя радкі:

– Сталін!
Зь цябе пачынаю прамову,
Ты – першае вольнае слова маё.
Сёньня мы жыць пачынаем нанова,
Сонцам крынічыцца наша жыцьцё".

(Дубавец: ) Зьміцер Бартосік, наведваючы даваенныя Машаравы мясьціны, увесь час задаецца пытаньнем – дзе ў гэтым удалым заходнебеларускім паэце сьпела тое зерне бальшавізму, якое і зробіць яго ўрэшце нецікавым савецкім празаікам? Магчыма, дашукацца адказу мы зможам на нашым шляху па Вільні, якім працягваюць ісьці ад Вострай Брамы Тацяна Поклад, Сяржук Вітушка і Сяргей Харэўскі.

(Харэўскі: ) "Гэтыя дамы, якія мы бачым, цяпер гожа адрэстаўраваныя, яны былі ўсе залепленыя яткамі, усякімі шапікамі драўлянымі, буданамі. Даволі была брудная такая, цесная вулачка. А цяпер гэта стала адна з самых фэшэнэбэльных, рэспэктабэльных вуліцаў, дзе прадаюць дыямэнты, золата, дзе офісы самых заможных фірмаў..."

(Вітушка: ) "Тут амбасады. Вось мы стаім каля італьянскай, а там далей будзе яшчэ некалькі. Гэта цяпер ужо прыкмета сталічнасьці. А ў тыя ж часы Вільня была безнадзейнай правінцыяй Польшчы. Далей ужо ў Польшчы не было куды ехаць".

А вось старыя Базыльяны, –
Царква й вядомыя муры –
Зь сьвятою надпісьсю над брамай
І ў ёй абраз якісь стары.

(Харэўскі: ) "Адразу направа – гэта ўласна ўваход у самую старую частку Базылянскага кляштара, менавіта ў тую, дзе былі зьняволеныя філяматы разам з Адамам Міцкевічам".

(Поклад: ) "Цяпер тут каталіцкі саюз літоўскіх кабет, інфармацыйны сямейны цэнтар і адвакацкае бюро".

(Харэўскі: ) "Але кожны вам тут пакажа гэтак званую Цэлю Канрада".

(Вітушка: ) "Заўважце, саму браму адрэстаўравалі, бо яна вось на гэтай турыстычнай прэстыжнай вуліцы, а ўжо глыбей, у самой браме, сама царква Траецкая стаіць неадрэстаўраваная..."

(Дубавец: )

Спляліся штучныя дарожкі
У засень дрэў, каля царквы.
Пясочак жоўценькі, прыгожы,
А на пяску чыесь сьляды.

Калісь хадзіў па гэтых сьцежках
З душой бунтуючай адзін –
Адам Міцкевіч – волат вешчы
Палёў тваіх, о Вільня, сын.

Цяпер тут ходзяць гімназісты,
Сыны мужыцкае сям'і;
І на пясочку гэтым чыстым –
То пэўна іх відаць сьляды.

У тыя міжваенныя часы ў Базылянскіх мурах была славутая беларуская гімназія. Тутсама мясьціўся і ня менш знакаміты беларускі музэй імя Івана Луцкевіча.

– Музэй Луцкевіча Івана –
Чытаю надпісь на дзьвярох, –
Жалезам дзьверы акаваны
І ганак крыты у мурох.

Гэта яшчэ адзін эпізод, які апратэставала спадарыня Галіна Войцік. Надпісу на дзвярох не было.

(Войцік: ) "Не на дзьвярох, а на сьцяне. Дзьверы там былі жалезныя, а на сьцяне там яшчэ і цьвек ёсьць цяпер, на каторым вісела шыльда. На дзьвярах не вісела, гэта дакладна. Вісела на сьцяне".

Званю...
Мне адчыняе дзьверы тыя
Наш – знаны крытык – Навіна
(Ня бойся, муза, мы – малыя:
Малых – малая-ж і віна).

І прывітаўшысь зь дзядзькам ветла,
Ідзём гуторачы далей.
Ў душы і радасна і сьветла
(Уходжу першы раз ў музэй).

(Поклад: ) "Вось гэтыя жалезныя дзьверы. Дык гэта тыя самыя дзьверы?"

(Харэўскі: ) "Тыя самыя".

(Поклад: ) "Званок".

(Вітушка: ) "Што? Паехалі на Ўкраіну?"

(Голас: ) "Так".

(Вітушка: ) "А з дарослых хто-небудзь ёсьць?"

(Голас: ) "Ні".

(Дубавец: ) У колішнім беларускім музэі цяпер кельлі манахаў-уніятаў з Украіны, пра якіх дзіцячы голас у дамафоне кажа, што яны часова зьехалі. Што да музэя, дык спрэчка пра ягоныя экспанаты працягваецца паміж беларускімі і літоўскімі навукоўцамі. Быццам прадчуваючы гэта, Машара зафіксаваў найважнейшыя экспанаты ў сваёй паэме:

Бібліятэка... Колькі кніжак!
Малых, вялікіх і таўстых.
Пяшчу рукой; падхожу бліжай –
Ўсё гэта мудрасьць дзён старых,

Супроць сьцяна зьмясьціла зброю
Тых слаўных рыцарскіх часоў,
Калі Пагонь была жывою
Ў дружыне вольных Крывічоў.

Далей пакой... Зусім другое:
Статут Літоўскі, абразы
І ў шафцы шклянай пад сьцяною
Вісяць Слуцкія паясы;

Князёў пярсьцёнкі і манэты
І шаты тканы серабром;
Ля іх – здаецца майго дзеда –
Сівая сьвітка пад акном.

* * *

Іду па вуліцах. Нанова
Зьвіняць асфальты пад нагой;
Як тая хваль да даляў новых
Плыву і я ў таўпе – з таўпой.

Спадарыня Галіна Войцік катэгарычна пратэстуе супраць "асфальтаў":

(Войцік: ) "Не было! Пры паляках не было асфальту. Быў брук усюды гэты самы. На праспэкце была базальтавая костка пакладзена чорная – таксама не асфальт. А вуліца Вялікая Пагулянка – гэта Басанавічаўс цяпер – там гранітная костка, яна і цяпер ляжыць. Гэтая костка, яна вельмі моцная, гэта сапраўдны граніт, грубы такі, толькі што яна досыць сьлізкая, для машынаў дрэнна. Але тады й машынаў не было. Пару аўтобусных лініяў было".

(Дубавец: )

Куды цяпер? – Махнём да "Шляху",
Паклон Язэпу занясём.
Мы пад яго гасьцінным дахам
Ня раз былі ужо гасьцём.

Прыбаў-жа шагу крыху муза!
Шырок і гладак тратуар.
Набок!.. з дарогі! таўстапузы...
Ідзе тут з музай пралетар.

"Шлях моладзі" – часопіс, у якім друкаваліся і левыя і правыя паэты, належаў, тым ня менш, хрысьціянскім дэмакратам, хадэкам. Хадэкамі былі і ўсе супрацоўнікі. Камуністычныя выданьні зьяўляліся і зьнікалі, а хадэцкія выходзілі гадамі. Тым ня менш, у грамадзтве панаваў стэрэатып, што беларус – гэта сынонім бальшавіка, які, не адварочваючы галавы, пазірае на чырвоны ўсход. Згадвае Галіна Войцік:

(Войцік: ) "Самая моцная партыя былі хадэкі. Яны і найдаўжэй выдавалі свае часопісы. Іх менш канфіскавалі, але і "Крыніца" і "Калосьсе" – яны ж да 39-га году выходзілі. Было шмат ксяндзоў-беларусаў, прычым беларусаў сьвядомых. А з праваслаўных сьвятароў быў адзін-адзіны Коўш, які змагаўся за беларускасьць".

(Дубавец: ) І тут самы час зьвярнуцца да мэтамарфозы Міхася Машары. Максім Танк у сваіх "Лістках календара" распавядае наступную гісторыю. Машара быў фаварытам у хадэкаў, пра якіх шмат піша і ў паэме "Падарожжа". Танк апублікаваў рэзкі крытычны водгук на гэтую паэму, пасьля чаго меў размову са сваім босам з камуністычнага падпольля. І вось гэты бос дае Танку загад залагодзіць сытуацыю. Танк піша Машару ліст, у якім пераконвае, што той зьвязаўся з кепскай кампаніяй – з хадэкамі. Машара, які ўжо амаль тры гады адседзеў на Лукішках, тым ня менш, працягвае вагацца. У паэме гэта відаць вельмі выразна:

Далей, ізноў далей мы рушым;
Адведаць трэба і другіх
Мы толькі Ёй – працоўнай служым;
Ня знаем лепшых і благіх.

Ня знаем мы: –
Нац-дэмаў і хадэкаў,
Ніякіх "філаў", ані "ізмаў",
Усьцяж шукаем чалавека,
Што служыць скрыўджаным і лішнім.

Машара вагаўся разам з усімі паэтамі, якія апынуліся паміж літаратурнай Эўропай, творчасьцю, эстэтыкай, з аднаго боку, і сваёй беларускай апрычонасьцю. У паэме ён згадвае сваіх калег:

Вось наймалодшы з нас – Бярозка
І шмат другіх яго гадоў;
Іх песьні – сьветлая дарожка
Паміж расквечаных палёў.

Далей:
Казлоўшчык, Жук, Улад-Ініцкі,
Язэп Вількоўшчык і Бартуль.
Ў запале шчыра паэтыцкім
Кідаюць град скрыдлатых куль.

Амаль усе пералічаныя калегі-паэты, тыя, хто выжыў, апынуліся ўрэшце на эміграцыі. Машара ж выбраў агітацыю Танка. Чым мог паэт пераканаць паэта? Дазволю такое дапушчэньне. Усё беларускае камуністычнае і пракамуністычнае падпольле мела спонсара за ўсходняй мяжой. Што такое для творцы рэгулярна выдаваць кнігі – рэч таксама зразумелая. Верагодна, гаворка і ішла пра тое, каб зьмяніць магчымасьць друкавацца ў хадэцкіх часопісах на фінансаваньне кніг. Крыху раней у нашай перадачы гаварылася пра тое, што Зоська Верас, якая за свае грошы выдала першую Машараву кнігу, была пакрыўджаная на паэта, які пачаў налева й направа казаць, што надрукавалі яму той зборнік бальшавікі. Вось чк камэнтуе гэты эпізод дачка Зоські Верас Галіна Войцік.

(Войцік: ) "Мама, калі працавала адміністратаркай грамадаўскіх газэт, яна апекавалася вязьнямі, беларусамі, якія сядзелі на Лукішках. І вось сярод іх быў і Машара. І Машара прысылаў лісты і ў лістах ён прысылаў свае вершы. Мама выбрала лепшыя, некаторыя паправіла і выдала зборнічак. Гэта малюсенькі зборнічак такі, называецца "Малюнкі".

(Дубавец: ) Такім чынам, Міхась Машара абраў адзін з трох даступных у ягонай сытуацыі шляхоў. Наперадзе быў прыход чырвоных, вайна і доўгі – на ўсё жыцьцё – савецкі час. Можна было эміграваць на захад, можна было атрымаць тэрмін у ГУЛАГу і/або пагібель, а можна было стаць савецкім да мозгу косткі. Небагаты выбар, Машара абраў трэці шлях. Працягвае Зьміцер Бартосік.

(Бартосік: ) "У 1961-м годзе ў далёкім горадзе Чыкага высілкамі Таварыства беларускай моладзі выходзіць невялічкая брашурка. Паэма "Сьмерць Кастуся Каліноўскага". Ці ведаў пра зьяўленьне кніжкі яе аўтар, Міхась Машара? Наўрад ці. Але якая справа была да рэакцыі аўтара маладым амэрыканскім беларусам? Якім на чужыне для ўздыму нацыянальнага пачуцьця падаліся вельмі актуальнымі менавіта гэтыя радкі, напісаныя ў Таболах у 1934-м.

Паўстаньне здушана, зламана,
Надзея згублена ізноў.
Па краю ўсім крывавяць раны,
Пад дзікі рогат казакоў.
Гуляюць царскія найміты,
Гуляюць каты і прымус!
Літва і Польшч крывёй заліта,
Ляжыць стаптанай Беларусь.
У замець сьнежнаю, уночы,
І там, і тут сьмяротны крык –
Пяшчотай жорсткаю ласкочыць
Ізноў маскоўскі штык.

Цікава, калі б малады, поўны жыцьцёвых сілаў лукіскі вязень хоць на імгненьне ўбачыў сябе самога праз трыццаць гадоў, ці ня стала б яму страшна?

Член Саюзу Пісьменьнікаў, пэрсанальны пэнсіянэр з правам бясплатнага праезду ў грамадзкім транспарце, жыхар сталіцы, галава новае сям'і (першая жонка засталася ў Таболах), грузны стары, якога зь лёгкасьцю магу ўявіць за даміношным сталом у гарадзкім двары, ці апавядальнікам сумных баек пра цяжкае жыцьцё пры белапаляках на сустрэчах зь піянэрамі. Усё, што было ў тым, віленскім жыцьці, схавана і перахавана. У яго новая сям'я, новы выгляд з вакна, і новыя кніжкі. Слова сястры, спадарыні Ніне".

(Ніна: ) "Я знаю адно, што з Танкам у іх было очань харашо. А што случылась патом, я ня знаю. Яму ж і ня далі гэтага, Народнага... Што там случылась? Ён, панімаеце, быў очань справядлівы і адкрыты чалавек".

(Бартосік: ) "Ён перажываў, што яму не далі званьне Народнага?"

(Ніна: ) "Очань, очань перажываў. Так несправядліва. І маё мненіе такое. Што ён перажыў із-за гэтай Беларусі, і што ўся наша сям'я перажыла... Пры Польшчы было очань ціжало. Ацец яму гаварыў: "Што ты перадзелаеш?" А ён усё раўно сваё, так стаяў за Беларусь".

(Бартосік: ) "Перажыў з-за гэтай Беларусі..." Ня трэба быць вялікім разумнікам, каб зразумець, што здарылася паміж Машарам і Танкам. Тым самым Танкам-Скуркам, што маладзейшы за яго на дзесяць гадоў, якога ніхто ня ведаў, калі ў яго, Машары, выйшла першая кніжка. І той ужо Народны. Ці ня гэтая крыўда паслужыла заклікам да напісаньня прозы?"

(З кнігі "Старонкі летапісу":

"Абедаючы ў рэстаране "Рыц", я сустрэўся яшчэ раз зь Пятром Усьцінавічам Броўкам. Ён быў, як усе ў той час, крыху ўзбуджаны. Ня дзіва: вырашаліся дзяржаўныя справы народу Заходняй Беларусі.

– Чуў, браце, што ты едзеш у Маскву. Вельмі рады за цябе, віншую! – зьвярнуўся ён да мяне.

– Кажуць, што еду, аднак, мне ніяк ня верыцца ў гэта, – адказаў я.

– Як гэта ня верыцца? Сам чытаў. Стаіш трэцім у сьпісе ўпаўнаважаных. Тут ужо ніхто ня зьменіць, раз пастанавіў Народны Сход, едзеш, браце. Адкінь усякі сумніў. Я вось што хачу параіць табе, як паэту: напішы добры верш. Прывітальны верш Маскве.

Я задумаўся. Пятрусь нецярпліва кранае мяне рукой за плячо:

– Чаго задумаўся? Хіба тэмы ня маеш?

– А думаеш, што тэма, як паклічаш, дык адразу – зьявіцца? Не, у мяне з гэтым цяжкавата, я – тугадум, тэму прывык вынашваць, – ціха прызнаўся яму.

– Сам ведаю гэта. А ты вось што зрабі – вазьмі эпіграфам радкі з Маякоўскага, зь верша пра савецкі пашпарт:

"Читайте,
завидуйте,
Я – гражданин
Советского Союза!"

Удумайся ў гэтыя радкі, і яны дапамогуць адшукаць патрэбную тэму. А каб ты не забыўся іх, дай запішу ў твой дэпутацкі блякнот. Толькі ўжо напружся, усе сілы зьбяры, каб верш быў што трэба. Галоўнае, старайся, каб быў шчыры і цёплы. Жадаю табе, браце, шчасьлівай дарогі і посьпеху ў Маскве.

Пётр Усьцінавіч паціснуў мне руку і пайшоў знаёміцца зь Беластокам, а ў мяне на сэрцы зрабілася радасна і цёпла. Такую спагаду і людзкую шчырасьць я сустракаў упершыню ў жыцьці і ад чалавека, якога першы раз сустрэў тут, на Народным Сходзе").

(Бартосік: ) "Што трэба перажыць "за Беларусь", каб пісаць такое пасьля паўстанцкіх паэмаў?

Успамінае унучатая пляменьніца паэта Жана. Унучка Мялеція Машары, жвавая кабета і прадпрымальніца".

(Жана: ) "Мне очэнь нравілася, кагда он прыезджаў у госьці і прывазіў очэнь многа канфет. І канфеты ўсе такія шакаладныя, бальшыя пакеты. Эта такой празнік быў. Беспадобны празнік. Мне ішчо панравілася яво сказка "Зязюльцыны слёзы". Он напісаў её па ідзее для міня, дажэ здзелал дарственную надпісь "Внучке Жаначке на добрую памяць". І мне дзед её пастаянна перечітывал. Вечером ляжем спаць, ілі бабушка сціхі расказывает па-польскі, ілі дзедушка сказкі чытает. Я всё врэмя прасіла іменна эту пачытаць. Мне нравілась. Я ево помню, как сер'ёзнава челавека".

(Бартосік: )

"Я тужу жывучы адзінока
толькі ты, маё сэрца, гарыш,
У душу глянуў сум чарнавокі,
Песьня крыльлі злажыла на крыж...

Я сяджу ў кватэры, атрыманай пры дапамозе Машэрава. У гасьцях у дачкі паэта Натальлі і ўнучкі Кацярыны. Кватэра ўражвае памерамі і сьціпласьцю бібліятэкі. Як тлумачыць спадарыня Натальля, маці ўсё здала ў архіў. Што праўда, на пачэсным месцы дыхтоўны партрэт маладога Машары. Гаворыць унучка Кацярына, прыгожая маладая бляндынка".

(Кацярына: ) "Я помню, што эта был бальшой челавек, он меня пачемута всё время садзіл сюда вот на грудзь себе і всё время называл белачкай. Я знаю, што он очень сільно любіл бабушку. Да паследнега мамента, он её безумно ревнавал. Эта любовь у него асталась в старом возрасце. Ані вместе разгаварівалі толька на беларускам языке. Толька. Я была маленькая, я магла разгаварівать. А патом эта как та ужэ сцёрлась..."

(Бартосік: ) "Цікавую дэталь з жыцьця бацькі распавяла спадарыня Натальля. Пра шпацыр старога чалавека па лесьвічнай пляцоўцы вакол ліфта".

(Натальля: ) "Вы знаеце, он не мог сільна хадзіць на уліцу. А расхаджвацца нада была. Вот он выйдзет і ходзіт. У нас жэ кругавой ліфт. І любіл хадзіць окала ліфта. Да паследнега хадзіл..."

(Бартосік: ) "Я выйшаў на шэрую пляцоўку, дзе можна гуляць вакол ліфтавай шахты. І паспрабаваў прайсьці апошнім Машаравым маршрутам. Падарожжа па цьмянай пляцоўцы нагадала турэмны шпацыр. Аб чым ён думаў падчас гэтых сваіх прагулак? Ці прыгадваў Лукішкі? Ці пераносіўся ў Таболы? Ці ізноў крочыў па Вільні? Ці так гэта, зрэшты, зараз важна?..

(Дубавец: ) Мэтамарфоза Міхася Машары становіцца зразумелай і завершанай, як і жыцьцёвы шлях паэта, які скончыўся больш за чвэрць стагодзьдзя. Адыходзяць у нябыт і ягоныя празаічныя кнігі савецкага часу. Застаюцца ягоныя заходнебеларускія вершы і паэма "Падарожжа", якая падкупляе дакумэнтальнымі дэталямі тагачаснага жывога жыцьця.

Але далей!
Вось "Тэ.Бэ.А." –
Кіруй жа муза, як прасьцей,
Ты там таксама ўжо была,
І знаеш мейсца і людзей.

(Харэўскі: ) "Гэта будынак было праваслаўнай кансысторыі, пабудаваны архітэктарам Львом Вітан-Дубейкаўскім. І менавіта ў гэтай кансысторыі адбываліся заняткі з хорам. Тут жыў рэгент".

(Вітушка: ) "А ў той час рэгентам быў ніхто іншы як Рыгор Шырма. Ён жа адначасова быў і старшыня Таварыства Беларускай Школы, і я думаю якраз пра гэта месца Машара піша "Тэ.Бэ.А" – Таварыства Беларускай Асьветы. Цяпер тут, на гэтым будынку, ёсьць мэмарыяльная таблічка Рыгору Шырму. Засталіся толькі надпісы па-літоўску і па-беларуску. А сам барэльеф Рыгора Шырмы, такі калярытны, вусаты, барадаты, на жаль, зьнік".

Мястовы сад... Нам па дарозе.
Зайсьці? – ну як тут не зайсьці!
Здалёк ён надта ўжо прыгожы
І томна дрэміць май ў лісьці.

Наўкол прыгожай абгародкай
Зялёны сад абняў тынок
І дрэмле ціха і салодка
Ў лісьці вясьняны вецярок.

Людзей няшмат: – паненак крыху,
Два-тры студэнты каля іх.
Адных дзяцей тут ёсьць бязь ліку:
І з мамкай, зь нянькай і самых.

Усе вясёлы і шчасьлівы;
Жыцьцё іх радасьцю зьвініць.
А праз паркан на іх пужліва
Хлапец аборваны глядзіць.

(Харэўскі: ) "Акурат вось гэта тая старая агароджа, якая засталася яшчэ ад расейскіх часоў. Гэта быў Бэрнардынскі сад – ён маленькі, ён значна меншы за ўвесь той парк, які цяпер завецца Бэрнардынскім садам".

(Дубавец: ) Паэма "Падарожжа" завяршаецца шматзначна, неакрэсьлена, цьмяна:

О, муза!
Ты разбадзялася па Вільні,
А нам далей ў дарогу час.
Чакаюць там нас надта пільна;
Ня верыш – Вось наказ.

Пайдзём вучыцца быць жаўнерам,
Вучыцца – біць і забіваць. –
Так сёньня ёсьць на сьвеце цэлым,
Хаця Хрыстос вучыў кахаць.

Нечаканы пацыфізм, думаю, выскачыў ад таго, што стрэмкаю ў душы сядзела заўтрашняя служба ў польскім войску, якая стане эпізодам яшчэ ўдалай, яшчэ шчасьлівай Машаравай біяграфіі, разьвернутай у будучыню.

Тым часам мае калегі завяршаюць сваю вандроўку па адрасах паэмы "Падарожжа". Спадарыня Галіна Войцік згадвае агульны фон тагачаснае Вільні – зусім не такі, як сёньня:

(Войцік: ) "Пры Польшчы ўвесь горад быў запушчаны. Ён быў шэры, маляваны ў шэрае. Чамусьці ваявода Бацяньскі памяшаўся на шэрым колеры. Нават у вёсках платы трэба было на шэра маляваць. Гэта пасьля, як усе гэтыя касьцёлы размалявалі, дык усе ахалі – якія прыгожыя касьцёлы, а так не відаць нічога ж было. Ні разьбы, ні лепкі, усё зьлівалася".

(Дубавец: ) Сёньняшнюю вандроўку мы скончылі на тым месцы, дзе колісь быў адрас Завальная, 1. Тут, на месцы, дзе цяпер сквэр з помнікам літоўскаму пісьменьніку Пятрасу Цьвірку, стаяў да вайны трохпавярховы будынак, у якім і месьціліся рэдакцыі беларускіх хадэцкіх выданьняў. Міхась Машара нават сам гэты адрас зарыфмаваў у сваёй паэме:

Завальна, – вуліца такая,
Пры гэтай вуліцы ёсьць дом...
Яна гняздо сабе зьвівае,
Вось там –
Пад першым нумаром.

Яна – зь вялікае літары – маецца на ўвазе, Беларусь.

(Вітушка: ) "Сапраўды, гэта быў такі асяродак, дзе віравала беларускае жыцьцё. На жаль, нічога падобнага сёньня ў Вільні вы ня знойдзеце. Такога ўздыму, такога ўсплёску, які быў у часы Машары, няма".

(Харэўскі: ) "Але "буржуяў" стала болей. Горад, без сумневу, папрыгажэў. А што да лёсу беларускасьці тут, дык адсотак беларусаў не зьмяніўся з тых часоў. Але можа сёньня ідэя нацыянальнага, сацыяльнага вызваленьня не да такой ступені актуальная".

(Дубавец: ) Сапраўды, у Вільні ўсё і зьмянілася, і не зьмянілася адначасова. Зьвярну ўвагу толькі на два моманты. Ані пасьля вайны, ані ў пасьлясавецкі час, калі Беларусь і Літва сталі зусім незалежнымі краінамі, у Вільні не зьявілася ніводнага беларускага паэта, які б апяваў гэты горад так, як тое было ў міжваенны час. Творчы шлях Міхася Машары паэта быў тыповы для тагачасных нашых пісьменьнікаў. Народжаныя ў вёсках цяперашняй Віцебшчыны, Меншчыны і Гарадзеншчыны, яны рабілі сваю літаратурную кар'еру ў Вільні, дзе выходзілі часопісы, былі суполкі, дзе яны сустракалі зацікаўлены водгук крытыкі. Цяпер нічога гэтага няма.

Другі момант – Вільня, пройдзеная вершам. Гэтая традыцыя, калі гарадзкі краявід крок за крокам апісваецца ў паэме, таксама страчаная. Пачыналася яна ў прафэсійнай літаратуры яшчэ з Коласавай "Новай Зямлі", элемэнты гэтай традыцыі сустракаюцца ў вершах Багдановіча, Арсеньневай, Жылкі ды шмат каго яшчэ. Пасьля зьяўляецца даволі аб'ёмістая Машарава паэма "Падарожжа", якую мы чыталі ў сёньняшняй перадачы. Нарэшце, рысу падводзіць Максім Танк – паэмай "Мікалай Дворнікаў".

Кажу пра гэта таму, што маю на ўвазе ўжо ня столькі Вільню, колькі наогул – горад, пройдзены вершам. Ані пра Менск, ані пра Гомель ці Берасьце "тапанімічных" паэмаў у беларускай літаратуры няма. Ці таму, што час такіх твораў ужо скончыўся, ці гарады не натхняюць.

Вось гэтыя два страчаныя моманты падштурхоўваюць да дваістае высновы. Шкада, вядома, таго, што страчана. Але зь іншага боку, тыя творы, якія мы маем, набываюць каштоўнасьць ужо хоць бы і тым, што яны ўнікальныя. А разам з творамі ўнікальнымі становяцца і іхныя стваральнікі. Пра гэта я і хацеў нагадаць у часе стогадовага юбілею аднаго зь іх – фаварыта заходнебеларускай паэзіі Міхася Машары.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG