Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ ІСНУЮЦЬ ФІЗЫЯЛЯГІЧНЫЯ ПЕРАДУМОВЫ СХІЛЬНАСЬЦІ ДА ГВАЛТУ?


Вячаслаў Ракiцкi, Прага

Дзеля разуменьня, што штурхае людзей на зьдзяйсьненьне тэрарыстычнага дзеяньня, нямецкiя афiцыйныя асобы далi дазвол выдаляць галаўныя мазгi зь целаў чатырох лiдэраў нямецкiх чырвоных брыгадаў (Rote Armee Fraktion), якiя у 1970-х гадох у турме скончылi жыцьцё самагубствам. Аднак навукоўцы, вiдавочна, не змаглi знайсьцi фiзыялягiчнага вытлумачэньня, чаму гэтыя людзi пайшлi на палiтычны гвалт.

Экспэрымэнты, на просьбу пракурораў, адбывалiся i з мозгам лiдэра радыкальнай групоўкi, вядомай як “Банда Баадэр-Мэйнгоф”. Гэтая банда ў 1970-х гадох у перастрэлках, бамбаваньнях i выкраданьнях зьнiшчыла болей як 30 чалавек. Дачка тэрарысткi Ульрыкi Мэйнгоф у газэтным артыкуле напiсала, што мозг ейнай мацi захоўваўся ў фармальдэгiдзе дзеля сакрэтных дасьледаваньняў i запатрабавала аддаць ей мозг мацi, каб пахаваць яго разам з парэшткамi цела Мэйнгоф. Тэрарыстка ў 1976 годзе скончыла жыцьцё самагубствам у турме, калi ёй быў 41 год.

Часопiс “Шпiгель” паведамiў учора, што былi выдаленыя i мазгi яшчэ трох тэрарыстаў з кіраўнiцтва гэтай групоўкi. Баадэр, Энсьлiн i Распэ таксама зрабiлi сабе сьмерць у турме пасьля няўдалай спробы iхных таварышаў вызвалiць iх, захапiўшы самалёт “Люфтганзы” i патрабуючы абмену вязьняў на закладнiкаў. Цiкава, што мазгi гэтых тэрарыстаў зьнiклi зь лябараторыi ўнiвэрсытэту Тубінгену. Тыднёвiк “Шпiгель” спасылаецца на выказваньнi дырэктара iнстытуту нэўралягiчных дасьледаваньняў, што ў часе досьледаў яны маглi быць пашкоджаныя цi спаленыя або нават скрадзеныя.

Сёньня дэбатуецца пытаньне, цi патрабуецца дазвол сваякоў на выдаленьне органу з парэшткаў памерлых. Пакуль што толькi тры нямецкiя зямлi маюць такi закон, але няма фэдэральнага.

Гэтыя досьледы ня ёсьць унiкальнымi, – зазначае газэта “Washington Post”. Факт вывучэньня iнтэлектуальных якасьцяў мозгу меў месца яшчэ з мозгам Альбэрта Эйнштэйна. Пасьля сьмерцi вучонага ён быў разрэзаны на 240 кавалкаў, асобныя зь iх нават экспанавалiся. Экспэрты Калiфарнiйскага ўнiвэрсытэту ў Бэрклi на падставе досьледаў мозгу Эйнштэйна прыйшлi да высновы, што фiзычныя якасьцi мозгу могуць павялiчваць здольнасьці чалавека да матэматычных цi прасторавых разважаньняў.

Што тычыцца мозгу тэрарысткi Мэйнгоф, то ён цягам 20 гадоў дасьледаваўся вучонымi ўнiвэрсытэтаў Тубінгену i Магдэбургу, Яны адзначаюць, што ў органе выяўленыя нэўралягiчныя анамалii, якiя ставяць пад сумнеў самую магчымасьць, цi магла тэрарыстка адказваць у судзе. Дасьледчыкi прыйшлi таксама да высновы, што ў Ульрыкi Мэйнгоф адбылiся зьмены ў структуры галаўнога мозгу ў вынiку хiрургiчнай апэрацыi ў 1962 годзе. Менавiта гэтым, лiчаць вучоныя, i можна патлумачыць ейную схiльнасьць да тэрарызму i ўдзел ва ўзброенай барацьбе. Але прафэсар Магдэбурскага ўнiвэрсытэту Бэрнгард Богерц зазначае, што аднымi толькi якасьцямi мозгу нельга вытлумачыць ейныя паводзiны ў часе тэрарыстычнага дзеяньня. На тое ёсьць шмат iншых складаных прычынаў.
XS
SM
MD
LG