Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК РЭАГУЮЦЬ У БЕЛАРУСІ НА РАШЭНЬНЕ ЭЎРАЗЬВЯЗУ НЕ ДАВАЦЬ ВІЗЫ ЛУКАШЭНКУ?


Валер Каліноўскі, Менск

Беларускае тэлебачаньне і радыё першыя суткі пасьля рашэньня краінаў Эўразьвязу фактычна ніяк не камэнтавалі брусэльскае рашэньне, паводзячы сябе як СМІ Іраку, — тыя папросту ігнаруюць бурныя дэбаты ў Радзе Бясьпекі ААН на ірацкую тэму, што займаюць першае месца ў сусьветных мэдыях. Першымі з афіцыйных структураў адгукнуліся дэпутаты Нацыянальнага сходу.

Гаворыць Сяргей Касьцян:

(Касьцян: ) “Цяпер навязваецца Злучанымі Штатамі Амэрыкі тэма фашызацыі Эўропы. Пад сьцягам дэмакратыі, гэта на самой справе ня што іншае, як фашызм: рабі толькі так, як мы табе загадаем”.

Сяргей Касьцян агучыў афіцыйную тэзу, што Эўразьвязу не ўдалося дабіцца ўчора кансэнсусу, таму рашэньня нібыта і не было.

(Касьцян: ) “Таму гэта ніяк не паўплывае. А тое, што самастойна якія-небудзь краіны прымуць свае рашэньні, то гэта ніякага ўплыву не акажа на наша разьвіцьцё і супрацоўніцтва з усёй Эўропай.Тым болей, што ўжо аднойчы прымалі такое рашэньне ў выпадку з “Драздамі”. Нават і амбасадары некаторыя пакінулі Менск. І што з гэтага атрымалася? Нічога. І амбасадары вярнуліся, і мы як дзейнічалі, так і дзейнічаем”.

Сябра Савету Рэспублікі Мікалай Чаргінец таксама ўпэўнены, што ні на эканамічную, ні на палітычную сытуацыю гэта не паўплывае, ён абвінаваціў Захад у тым, што ў таго “чэшуцца рукі”.

(Чаргінец: ) “Мы атрымаем, канечне, афіцыйныя дакумэнты і потым разгледзім нашыя захады ў адказ. Тое, што яны будуць — гэта адназначна”.

Тым часам сёньня ўвечары з камэнтаром па гэтай сытуацыі выступіў прэсавы сакратар МЗС Беларусі Павал Латушка, які зазначыў, што дасюль афіцыйнага пацьверджання рашэньня краінаў Эўразьвязу ў МЗС няма.

Павал Латушка адзначыў, што любое рашэньне аб абмежаваньні ў выдачы візаў кіраўнікам Беларусі супярэчыць рэкамэндацыям міжнародных назіральнікаў, якія летась выказваліся наконт контарпрадуктыўнасьці ізаляцыі Беларусі, і назваў гэта як актам непрыхаванага ціску на Беларусь, які будзе контарпрадуктыўным.

Былы амбасадар Беларусі ў Латвіі Міхаіл Марыніч мяркуе, што рашэньне краінаў ЭЗ занадта мяккае. Больш істотна будзе, калі на такі ж крок пойдуць суседзі Беларусі, якія ёсьць кандыдатамі ў склад Эўразьвязу:

(Марыніч: ) “Я нават не сумняюся, што яны возьмуць гэта за прыклад, таму што вельмі жадаюць, каб у Беларусі была такая ж дэмакратычная сытуацыя, як і ў тых жа прыбалтыйскіх дзяржавах, у Польшчы. Бо менавіта А.Лукашэнка не дае разьвіцьця беларускаму грамадзтву, дзякуючы яму існуе дыктатарскі рэжым. Таму, канечне, нашыя найбліжэйшыя суседзі хацелі б, каб мы былі не закрытай краінай”.

Міхаіл Марыніч мяркуе, што выказваньні некаторых палітыкаў аб тым, што цяперашняя ізаляцыі будзе штурхаць А.Лукашэнку да здачы сувэрэнітэту Расеі, неабгрунтаваныя. Нейкай пазытыўнай рэакцыі А.Лукашэнкі ён таксама не чакае:

(Марыніч: ) “Ён і так невыязны, на ім гэта асабліва не адаб’ецца. Але, тым ня менш, гэта пэўны знак, які трэба сьвядома ацаніць і ўсяму беларускаму грамадзтву”.

Апошні раз падобныя санкцыі Эўразьвязу былі ўжытыя да былога саюзьніка А.Лукашэнкі Слабадана Мілошавіча. Іх параўновае кіраўнік праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі:

(Бяляцкі: ) “Мне здаецца, ён больш баязьлівы такі, і больш хітры за Мілошавіча, але тым ня менш, паступова ён сапраўды ўваходзіць у гэты фармат прэзыдэнта-ізгоя. Іх, безумоўна, можна параўноўваць, і гэтае рашэньне Эўразьвязу шмат пра што гаворыць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG