Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АНАТОЛЬ КРАСОЎСКІ ПРЫЗНАНЫ СУДОМ БЯЗЬ ВЕСТАК ЗЬНІКЛЫМ АД 17 ВЕРАСЬНЯ 1999 ГОДУ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Судзьдзя Фрунзенскага раённага суду Тацяна Кулакова задаволіла хадайніцтва Ірыны Красоўскай аб прызнаньні яе мужа бізнэсоўца Анатоля Красоўскага бязь вестак зьніклым. Гэткая кропка ў працэсе, які цягнуўся зь перапынкамі два тыдні, была пастаўленая сёньня пасьля падрабязнага вывучэньня аргумэнтаў Ірыны Красоўскай, дакумэнтаў, якія яна падала суду, а таксама адказаў з пракуратуры гораду.

Пракуратура ў прыватнасьці пацьвердзіла, што справа аб зьнікненьні Анатоля Красоўскага і Віктара Ганчара вядзецца ўжо амаль тры гады, што факт іхнай сьмерці не засьведчаны, а дзе яны знаходзяцца — ня высьветлена.

Прадстаўнік пракуратуры на працэсе падтрымаў хадайніцтва Красоўскай аб прызнаньні яе мужа бязь вестак зьніклым, спаслаўшыся на адпаведную норму закону. У выніку ўсяго праз гадзіну судзьдзя падрыхтавала і абвесьціла сваё рашэньне.

Ірына Красоўская вітала гэтае рашэньне, бо яно дае магчымасьць далей дамагацца актывізацыі расьсьледаваньня. Таксама яна цяпер зможа вырашыць шэраг праблемаў маёмаснага характару. Праўда, некаторых мэтаў дасягнуць не ўдалося.

(Красоўская: ) “Мы разьлічвалі на тое, што суд як незалежная інстанцыя зможа расьсьледаваць некаторыя абставіны зьнікненьня Красоўскага і Ганчара,але гэтага не адбылося. Суд задаволіўся адпіскай сьледчага Чумачэнкі, які напісаў, што сьледзтва праводзіцца і зьвестак пра Ганчара і Красоўскага няма”.

Як станоўчы вынік працэсу Ірына Красоўская і яе абаронцы лічаць задавальненьне хадайніцтваў аб далучэньні да матэрыялаў справы шэрагу істотных дакумэнтаў. Гаворка пра копіі рапартаў Алкаева і Лапаціка, пра копіі пратаколаў некаторых экспэртызаў, у тым ліку пісталета, зь якога магчыма забілі Анатоля Красоўскага. Раней, як вядома, гэтыя паперы судамі не прызнаваліся за дакумэнты, але цяпер іх магчыма лічыць такімі, бо судзьдзя Кулакова вырашыла далучыць іх да справы. Ірына Красоўская лічыць гэта істотнай перамогай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG