Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ПАЛАТА ПРАДСТАЎНІКОЎ ТЭРМІНОВА ПЕРАГЛЕДЗЕЛА ЗАКОН І ДАЗВОЛІЛА ПРЫВАТЫЗАЦЫЮ “БЕЛТРАНСГАЗУ”


Уладзімер Глод, Менск

Ініцыятыва акцыянаваньня і прыватызацыі комплексу “Белтрансгаз” фармальна зыходзіць ад ураду краіны, які зьвярнуўся з просьбай унесьці зьмены ў адпаведны закон. Але ў працэсе дыскусіі высьветлілася, што сапраўдны ініцыятар — Аляксандар Лукашэнка. Пасьля таго, як дэпутат Мікалай Дубовік некалькі разоў настойліва цікавіўся, ці не падставіць Палата кіраўніка беларускай дзяржавы, калі прыме папраўкі да закону, першы намесьнік міністра энэргетыкі Эдуард Таўпянец вымушаны быў на ўсю залю сказаць наступнае:

(Таўпянец: ) “Ніхто б не выносіў гэтае пытаньне на разгляд, калі б яго не ўзгаднілі з кіраўніком дзяржавы”.

Пад ціскам дэпутатаў Эдуард Таўпянец вымушаны быў зрабіць і яшчэ адно красамоўнае прызнаньне. Высьвятляецца, што ў Беларусі няма грошай для мадэрнізацыі газавай галіны. Таму прыватызацыя патрэбная дзеля таго, каб у Беларусь пайшлі замежныя інвэстыцыі. Адкуль канкрэтна яны могуць прыйсьці, стала вядома, калі прадстаўнік ураду нагадаў, што да 1 ліпеня 2003 году, паводле пагадненьня паміж урадамі Расеі й Беларусі, на базе “Белтрансгазу” павінна быць створанае сумеснае прадпрыемства “Рубелтрансгаз”. А дакумэнты неабходна было падрыхтаваць яшчэ сёлета — таксама да 1 ліпеня. Пасьля гэтага стала зразумела, чаму так сьпяшаюцца беларускія ўлады.

Хаця Эдуард Таўпянец неаднаразова падкрэсьліваў, што беларуская дзяржава ў асобе Аляксандра Лукашэнкі не дазволіць аддаць камусьці кантрольны пакет акцыяў газавага комплексу, многія дэпутаты ня бачылі ў гэтым надзейнай гарантыі. Яны дапытваліся: што будзе, калі Расея проста забярэ беларускія акцыі за запазычанасьць?

Але сьпікер Папоў ды некаторыя іншыя пераконвалі, што “старэйшы брат” так ня зробіць. Маўляў, гэта пытаньне ня столькі эканамічнае, колькі палітычнае, а тут Беларусь і Расея знойдуць паразуменьне. Пад пэўным ціскам 66 дэпутатаў прагаласавалі за тое, каб зьмяніць закон адразу ў двух чытаньнях. Супраць галасавалі 18. Для Палаты прадстаўнікоў гэта даволі шмат.

Дэпутат Уладзімер Навасяд таксама лічыць, што сёньняшняе рашэньне было палітычным. Ён нагадаў, што Лукашэнка раней неаднаразова казаў, што найлепшыя беларускія прадпрыемствы ня будуць аддадзеныя расейскім алігархам.

(Навасяд: ) “А што мы бачым сёньня? “Белтрансгаз” прыйшоў нават у парлямэнт з ініцыятывай, сутнасьць якой насамрэч — аддайся, і нават слова супраць не кажы. Ніжняя палата сёньня зацьвердзіла перадачу беларускай маёмасьці расейскім алігархам”.
XS
SM
MD
LG