Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛІТОЎСКІЯ ПАМЕЖНІКІ ВЫКРЫЛІ СЬПІРТАВОД НА БЕЛАРУСКА-ЛІТОЎСКАЙ МЯЖЫ


Тацяна Поклад, Вільня

У гэтым месцы мяжа праходзіць пасярод вады шырынёй каля паўкілямэтра, з аднаго боку – Воранаўскі раён Беларусі, з другога – Салечніцкі раён Літвы. Памежнікі – службоўцы Варэнскага апэратыўнага аддзелу Дзяржаўнай службы аховы мяжы – учора ўвечары арганізавалі засаду з боку Салечніцкага раёну, блізу вёскі Юндзілішкі. Памежнікі, як паведамляецца, ужо мелі нейкую інфармацыю пра кантрабандыстаў.

Прыкладна ў 18.30 учора ўвечары Варэнскія апэратыўнікі заўважылі трох асобаў на лодцы, якія рухаліся з боку Беларусі. Калі лодка наблізілася да літоўскага берагу і памежнікі паспрабавалі затрымаць парушальнікаў мяжы, тыя саскочылі ў ваду і памкнуліся ў беларускім накірунку, але хутка павярнулі назад. Памежнікі меркавалі, што парушальнікі забаяліся ледзяной вады і хутка выйдуць на літоўскі – бліжэйшы – бераг, але трое невядомых прабавіліся у вадзе 20 хвілінаў. На загады апэратыўнікаў яны не рэагавалі, нешта рабілі ў вадзе і спрабавалі схавацца у прыбярэжным трысьнягу.

Пасьля парушальнікі самі запрасілі дапамогі памежнікаў. Адзін з апэратыўнікаў, распрануўшыся, палез у ваду і вынес на бераг амаль непрытомнага мужчыну. Другі выратаваў яшчэ аднога парушальніка – гэта была кабета.

Гэта былі 32-гадовы грамадзянін Беларусі Станіслаў Войшня і грамадзянка Літвы з Салечніцкага раёну Юзэфа Тупкелевіч, 43-х гадоў. Трэці кантрабандыст пасьпеў уцячы.

На ягоныя пошукі былі мабілізаваныя пажарнікі, берагавыя ахоўнікі і шрубалёты. Пад час гэтых пошукаў і выявілі плястыкавую трубу-кішку – кантрабандны сьпіртавод, працягнуты празь беларуска-літоўскую мяжу па вадзе.

На літоўскім баку з вады труба была працягнутая прыкладна на 15 мэтраў. Памежнікі на беларускім баку таксама знайшлі працяг гэтае трубы – там кантрабандысты ўжо пасьпелі трубу абрэзаць, калі зразумелі, што выкрытыя.

У цэлым амаль паўкілямэтровая труба-сьпіртавод была праведзеная зь Беларусі ў Літву для перапраўкі сьпірту, як мяркуюць памежнікі. У некаторых месцах сьпіртавод быў нават проста на паверхні вады, а дзе-нідзе да плястыкавай трубы былі падвязаныя кавалкі цэглы, каб труба крыху хавалася пад вадой.

За адзін літар перапраўленага зь Беларусі сьпірту зараблялі 5 літаў – прыкладна 2 даляры. Побач на літоўскім беразе у закіданым буданчыку разьлівалі перапампаваны сьпірт.

Падчас апэрацыі да сажалкі пад’ехаў аўтамабіль “Audi-100”, які спрабаваў пахутчэй ад’ехаць, але быў затрыманы праз 2 кілямэтры. У машыне былі 19-гадовы сын затрыманай кабеты і яшчэ адзін літоўскі грамадзянін – таксама 19-гадовы Вальдэмар Жылінскас.

Усе затрыманыя ужо вядомыя памежнікам, бо раней іх затрымлівалі за кантрабанду цукру.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG