Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У КРЫЧАЎСКІМ РАЁНЕ ВЫЯВІЛІ ПРЫПІСКІ


Марыя Ўсьціновіч, Крычаўскі раён

Крымінальная справа ў сувязі з прыпіскамі ў сельскіх гаспадарках Крычаўскага раёну пачалася з супярэчнасьці паміж аптымістычнымі справаздачамі калгасаў пра надоі малака і яго вострым недахопам на мясцовым маслазаводзе.

За час расьсьледаваньня надоі ў Крычаўскім раёне ўпалі ўдвая. Спэцыялісты зьвязваюць гэта з тым, што цяпер гуляць са статыстычнымі паказчыкамі стала небясьпечна, і выяўляецца рэальная карціна.

На фэрме ў аграпрамысловым комплексе “Крычаўскі” даяркі паскардзіліся, што добрых надояў няма.

(Спадарыня: ) “Малака няма. У мяне 40 галоў. 6 галоў ня доіцца. Вось 34 галавы, я надойваю 15 літраў. Дзе можна ўзяць малака? Ад нас у канторы патрабуюць”.

Даяркі тлумачаць і прычыны такога становішча:

(Спадарыня: ) “Раней у нас было так: нам давалі і мукі па два кіляграмы, а зараз мы ўжо гады два не атрымліваем камбікармы, брага нам была пастаянна, і кармы былі лепшыя”.

Яшчэ горшая сытуацыя на фэрме калгасу “Памяці Леніна”, дзе жывёлу кормяць саломай ды гнілым сенажом, і надоі мізэрныя — пра гэта распавёў пастух Іван. Ён прадбачыць, што ў гэтым месяцы работнікі атрымаць “сьлёзы” — тысяч 20 рублёў. Даяркі ў комплексе “Крычаўскі” таксама скардзяцца на нізкія заробкі.

(Спадарыня: ) “У нас зарплата ідзе толькі ад малака. Ну што мне за 22 дні было ўсяго 12 тысяч? За што я пракармлю двух унукаў, дачку і сына, што вучыцца?”

Што такое прыпіскі — і даяркі, і пастухі ведаюць. Аднак яны гавораць, што лічыць і рабіць справаздачы — ня іх справа.

(Спадарыні: ) “Гэта ня наш клопат. Наш клопат — падаіў малако, здаў, падкінуў салому і ўсё. А куды ідзе гэта малако — ці на адбаўку, ці на прыбаўку, мы ўжо самі ня ведаем”.

Няправільныя справаздачы, паводле папярэдняй інфармацыі, рабілі калгасы, і іх кіраўнікі зараз спасылаюцца на парады раённага ўпраўленьня сельскай гаспадаркі. Раённыя чыноўнікі ў сваю чаргу даюць зразумець, што яны таксама выконвалі нейкія ўказаньні.

Кіраўнікі сельскай гаспадаркі ў прыватных гутарках падкрэсьліваюць, што прыпіскі існавалі пры савецкай калгаснай сыстэме, засталіся і пры цяперашняй. Крычаўскаму раёну, так бы мовіць, проста “не пашанцавала”.

Прыпіскі робяцца дзеля прыгожых справаздачаў, ад якіх залежыць знаходжаньне на сваіх пасадах кіраўнікоў. Яны бессэнсоўныя ў фэрмэрскіх гаспадарках, бо для прыватніка самае галоўнае — вырабіць і прадаць прадукцыю. А для старшыні калгасу — забясьпечыць паказчык, дзеля чаго і выкарыстоўваюцца прыпіскі. І так будзе, пакуль сельскімі гаспадаркамі будуць кіраваць начальнікі, а не гаспадары.
XS
SM
MD
LG