Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МНОГІЯ МЕНЧУКІ ХОЧУЦЬ, КАБ БЕЛАРУСЬ СТАЛА СЯБРАМ НАТО


Альгерд Невяроўскі, Менск

Пераважная большасьць маіх выпадковых суразмоўцаў падтрымлівае працэс пашырэньня Паўночнаатлянтычнага блёку і лічыць, што ў будучыні да яго можа далучыцца й Беларусь. Ніякай пагрозы Беларусі з боку альянсу гэтыя людзі ня бачаць:

(Дзяўчына: ) “Я лічу, што не пагражае. У бліжэйшай будучыні, калі ўсё будзе добра, Беларусь таксама ўвойдзе ў склад НАТО”.

(Яе сяброўка: ) “Я лічу, што ўсё будзе добра, і НАТО не пагражае Беларусі”.

(Спадар: ) “Я думаю, што трэба зьмяняць падыходы. Раней была Варшаўская дамова — з НАТО варагавала. А цяпер Літва й Латвія самі выбіраюць, з кім быць. Я думаю, што Беларусі таксама трэба далучацца, каб быць бліжэй да Эўропы”.

(Хлопец: ) “Я лічу, што Беларусі трэба ўступіць у НАТО і ставіцца ляяльна да Эўразьвязу й Эўропы”.

(Дзяўчына: ) “Думаю, вельмі добра, што Літва ўвойдзе ў гэты саюз. Трэба пашыраць нашыя адносіны з суседнімі краінамі. На мой погляд, Беларусі таксама трэба ўступіць у гэты альянс. Ніякай пагрозы няма. Але гэта на маю думку. Я ня ведаю”.

(Хлопец: ) “Добра да гэтага стаўлюся. Думаю, што трэба ўсім аб’яднацца. У хуткім часе і Беларусь і Расея будуць супрацоўнічаць з НАТО. Усё да гэтага ідзе”.

(Спадар: ) “Кожная дзяржава самастойна выбірае: уступаць у саюз, ствараць саюзную дзяржаву, сядзець адгарадзіўшыся сьцяной, альбо йсьці ў Эўропу. Я падтрымліваю эўраінтэграцыю. Чым больш разьвіваюцца адносіны зь іншымі краінамі, тым лепшымі мы робімся”.

(Спадарыня: ) “Калі Літва й Латвія ўступяць у НАТО, яны стануць мацнейшымі краінамі. Цяперашняе становішча ў нашай краіне завядзе нас невядома куды. Такая незалежнасьць, якая ў нас ёсьць, калі мы ня хочам сябраваць ні з кім — гэта не станоўчы момант нашай гісторыі”.

(Дзяўчына: ) “Я прыхільніца НАТО, і вельмі б хацела, каб Беларусь уступіла ў гэты саюз. Але ж на цяперашні момант гэта немагчыма”.

(Сталая спадарыня: ) “Стаўлюся станоўча. Ведаеце, абарона напэўна павінна быць з усіх бакоў. І лічу, разумна, што Літва з Латвіяй уступяць у НАТО”.

А вось меркаваньні тых, хто лічыць, што НАТО нясе пагрозу Беларусі:

(Спадарыня: ) “Я супраць”.

(Карэспандэнт: ) “А вы лічыце, што НАТО пагражае Беларусі?”

(Спадарыня: ) “Пэўна ж. НАТО ёсьць НАТО”.

(Хлопец: ) “Несумненна, для Беларусі будзе пагроза. Я думаю, што Беларусі ня трэба ўступаць у гэты альянс, бо Беларусь сумленная дзяржава. І яна ня будзе настолькі сумленнай, калі ўступіць, бо будзем залежаць ад Амэрыкі. Яна будзе ставіць свае ўмовы, і мы ня будзем так жыць”.
XS
SM
MD
LG