Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МУГАБЭ ДАПАМОГ ЛУКАШЭНКУ?


Аляксей Знаткевіч, Менск

Брытанскі штодзёньнік “The Financial Times” у сёньняшнім рэдакцыйным камэнтары пад назвай “Шчыліна для Лукашэнкі” крытыкуе Эўразьвяз за адсутнасьць еднасьці ў прынцыповых пытаньнях. Газэта называе “бянтэжлівым” непрыняцьцё міністрамі замежных справаў Эўразьвязу агульнага рашэньня аб забароне на ўезд для кіраўніцтва Беларусі.

Іншы брытанскі штодзёньнік “The Daily Telegraph” піша, што эўрапейскія міністры былі надзвычай зьдзіўленыя пазыцыяй Партугаліі, якая адзінай з краінаў Эўразьвязу не падтрымала забарону. Спачатку выглядала, што Партугалія не жадала, каб забарона на ўезд зашкодзіла канфэрэнцыі міністраў замежных справаў АБСЭ, што мае адбыцца на яе тэрыторыі ў сьнежні. Беларусь ёсьць сябром АБСЭ, а міністар замежных справаў трапіў у сьпіс непажаданых для Эўразьвязу асобаў. Але Партугалія не зьмяніла сваю пазыцыю нават калі для канфэрэнцыі прапанавалі асобны вынятак з правілаў.

“The Daily Telegraph” піша са спасылкай на эўрапейскіх дыпляматаў, што Партугалія, верагодна, не жадала ствараць небясьпечнага прэцэдэнту для сваіх інтарэсаў у Афрыцы. Гэта магло б зашкодзіць саміту Эўразьвязу і афрыканскіх краінаў у Партугаліі ў наступным годзе. Рэч у тым, што Беларусь сталася трэцяй краінай, чыё кіраўніцтва ня зможа наведваць краіны Эўразьвязу. Дагэтуль уезд быў забаронены толькі кіраўнікам Бірмы і Зымбабвэ.

Як тлумачыць агенцыя “Reuters”, Партугалія раней была раззлаваная забаронай для кіраўніцтва Зымбабвэ наведаць сустрэчу міністраў Эўразьвязу і краінаў Паўдзённай Афрыкі ў Капэнгагене. Прэзыдэнту Зымбабвэ Робэрту Мугабэ і ягонаму атачэньню забаранілі ўезд з тых жа прычын, што і беларускаму лідэру — за парушэньні правоў чалавека. У выніку, сустрэчу перанесьлі ў Мазамбік, і з краінаў Эўразьвязу толькі Партугалія наведала перамовы.

Аднак міністар замежных справаў Партугаліі Антоніў Марціньш да Круш заявіў агенцыі “Associated Press”, што ягоная краіна проста палічыла цяперашні момант неспрыяльным для забароны. Партугалія старшынюе ў Арганізацыі Бясьпекі і Супрацоўніцтва ў Эўропе і плянуе перамовы зь беларускімі ўладамі аб вяртаньні ў Менск Кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ. Цяпер Партугалія зможа выдаваць Аляксандру Лукашэнку і яшчэ сямі афіцыйным асобам Беларусі толькі сваю нацыянальную візу, нягледзячы на тое, што яна ўваходзіць у Шэнгенскую бязьвізавую зону.

Расейская газэта “The Moscow Times” цытуе прэзыдэнта фонду “Палітыка” Вячаслава Ніканава, які лічыць, што ўчорашняе рашэньне эўрапейскіх краінаў выгаднае для Расеі. Яно пакідае Лукашэнку менш магчымасьцяў дзеля манэўру і таму яму застаецца толькі інтэгравацца з Расеяй на ўмовах Крамля, заявіў Ніканаў.

А прадстаўнік камітэту ў міжнародных справах расейскай Дзярждумы Ўладзімер Фралоў заявіў, што рашэньне Эўразьвязу можа быць вельмі эфэктыўным. Паводле яго, аналягічная забарона для кіраўніцтва Югаславіі ў 1999 годзе была найбольш адчувальнай і балючай для рэжыму Слабадана Мілошавіча.
XS
SM
MD
LG