Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЗС БЕЛАРУСІ ЯШЧЭ ЧАКАЮЦЬ АФЫІЦЫЙНАГА ПАЦЬВЕРДЖАННЯ РАШЭНЬНЯ 14 КРАІНАЎ ЭЎРАЗЬВЯЗУ


Валер Каліноўскі, Менск

Прэсавы сакратар Аляксандра Лукашэнкі Натальля Пяткевіч у інтэрвію для Радыё Свабода назвала рашэньні эўрапейскіх краінаў “нізкімі”. Яна асудзіла дзеянні 14 краінаў Эўразьвязу і пазытыўна ацаніла ўчынак Партугаліі.

(Пяткевіч: ) “У такіх сытуацыях якраз і вызначаюцца сапраўдныя адносіны да нашай кріаны з боку тых дзяржаваў, якія ня могуць прымаць самастойныя рашэньні, няздольныя, альбо там, дзе дзейнічаюць падвойныя стандарты, там такія рашэньні і прымаюцца. Тыя ж кріаны, якія разумеюць бязглуздзіцу падобных прапановаў і рашэньняў, якія зацікаўленыя ў супрацоўніцтве з нашай краінай, якія рэальна разумеюць, што Беларусь знаходзіцца ў цэнтры Эўропы, і гэта ніяк ня можа быць зьменена, яны дзейнічаюць зусім правільна”.

Спадарыня Пяткевіч ня выключыла пэўныя дзеяньні афіцыйнага Менску ў адказ:

(Пяткевіч: ) “Захады ў адказ натуральна будуць, гэтым будзе займацца МЗС, калі палічыць неабходным, але ў любым выпадку Беларусь будзе паважаць сябе і не прыпадабняцца да такіх нізкіх крокаў”.

Тым часам лідэр АГП Анатоль Лябедзька нагадаў, што ягоная партыя 7 лістапада зьвярталася да краінаў Захаду з прапановай абмежаваць кантакты найвышэйшых беларускіх чыноўнікаў на чале з Лукашэнкам пасля таго, як беларускі КГБ арыштаваў сп. Лябедзьку. Таму АГП вітае гэтыя крокі краінаў Захаду:

(Лябедзька: ) “Сытуацыя склалася няпростая, і я думаю, што Эўразьвяз паспрабаваў знайсьці выйсьце, не губляючы годнасьці, і пакідаючы мажлівасьць для пэўных кампрамісаў і для руху наперад. Натуральна, што ў Партугаліі больш складаная сытуацыя, так як гэтая кріана старшынюе ў АБСЭ і спрабуе знайсьці магчымасьць для вяртаньня місіі АБСЭ ў Менск. Лукашэнка мусіць альбо пайсьці насустрач Лісабону і АБСЭ, пусьціць місію ў Менск, і тады гэты працэс будзе прыпынены. Калі Лукашэнка ня выкарыстае гэтую мажлівасьць, то можна прагназаваць, што да гэтых 14 краінаў далучыцца ўся Эўропа”.

Сп. Лябедзька лічыць удалым кампрамісам, што толькі восем найвышэйшых кіраўнікоў Беларусі падпалі пад забарону на візы, рэшта намэнклятуры атрымала пэўны сыгнал – кажа ён. Яго цалкам падтрымлівае лідэр БНФ В. Вячорка:

(Вячорка: ) “Гэта правільны варыянт: Лукашэнка плюс вузкая кліка. Гэта дае магчымасьць тым элітам, якія ненавідзячы Лукашэнку, баяцца яго, гэта ім пасланьне, што ёсьць разьдзяленьне паміжЛукашэнкам і імі. І само сабой гэта выразнае аддзяленьне Лукашэнкі з клікай ад беларускага народу. Зрэшты, а як Лукашэнка хацеў: выганяць місію, разганяць дэманстрацыі, саджаць журналістаў і заставацца беспакараным. У эўраатлянтычным сьвеце, аб’яднаным пэўнымі каштоўнасьцямі так не прынята”.

Пазыцыю Партугаліі сп. Вячорка абумоўлівае ціскам на яе Расеі як на краіну, што старшынюе ў АБСЭ.

Экс-міністар абароны Беларусі Павал Казлоўскі таксама лічыць рашэньне Эўразьвязу аб’ектыўным:

(Казлоўскі: ) “Трэба прымаць такія рашэньні, самыя жорсткія крокі . Можа, гэта прымусіць задумацца дыктатара”.

Сп. Казлоўскі аднак ня верыць, што ўлада адрэагуе на гэты законны дэмарш Эўропы адэкватна і зробіць разумныя высновы. Дэпутат Іван Пашкевіч таксама ўпэўнены, што адэкватнай рэакцыі, магчыма, кадравых зьменаў у кіраўніцтве, ня будзе, але гэтае рашэньне Эўразьвязу і не паспрыяе Беларусі, нэгатыўна адаб’ецца на эканамічнай сытуацыі ў кріане, кажа Іван Пашкевіч.

Нэгатыўныя наступствы гэтага кроку Эўразьвязу прадказвае і лідэр “Народнай Грамады” Мікалай Статкевіч:

(Статкевіч: ) “Магчымасьць для кантакту павінна быць пакінутай. Ізаляцыя не працуе для дэмакратыі, ізаляцыя працуе для інкарпарацыі Беларусі ў склад Расеі.

Мікалай Статкевіч лічыць, што можа паўтарыцца сытуацыя з забаронай на візы для кіраўніцтва Беларусі пасьля драздоўскага канфлікту, якая неўзабаве была адмененая.
XS
SM
MD
LG