Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ШТО ДАЛО ДАЛУЧЭНЬНЕ ДА НАТО ТАКОЙ КРАІНЕ ЯК ЧЭХІЯ?


Алена Ціхановіч, Прага

Сёньня падчас трансьляцыі прэсавай канфэрэнцыі Вацлава Гаўла, я зьвярнула ўвагу на шэраг яго адказаў. Напрыклад, Гавэл кажа, што далучэньне да НАТО прынесла Чэхіі адчуваньне бяспекі. Цяперашнія зьмены альянсу, на думку чэскага прэзыдэнта, накіраваныя на абарону супраць рознага роду глябальных пагрозаў, такіх, як тэрарызм, таму сёньня альянс ня трэба ўспрымаць як пакт адной групы арміяў супраць другой групы.

Прэзыдэнта Гаўла таксама спыталі, ці мае пад сабой падставу меркаваньне, што разам з далучэннем да альянсу чэхі набылі новых непрыяцеляў, або больш дакладна, што непрыяцелі Амэрыкі сталі непрыяцелямі Чэхіі? Гавэл сказаў: будзем ці ня будзем мець непрыяцеляў, залежыць ад нас саміх. Амэрыка, магчыма часам вырашае свае мэты пагардлівым спосабам , але гэта не азначае непрыяцельства да іншага.

Адмова выдаць візу Аляксандру Лукашэнку для ўдзелу ў саміце НАТО накіраваная супраць Лукашэнкі, а ня супраць Беларусі зазначыў на прэсавай канфэрэнцыі прэзыдэнт Гавэл. Паводле яго, такім чынам Прага выказала нязгоду з Лукашэнкавым аўтарытарным стылем кіраваньня, гэта ня ёсьць выказваньне недаверу Беларусі – патлумачыў прэзыдэнт Гавал.

Ён падкрэсьліў, што Беларусь зьяўляецца сябрам Эўраатлянтычнай Рады партнэрства і дадаў, што рашэньне не даваць візы Лукашэнку ня ставіць пад пытаньне сяброўства Беларусі ў гэтай арганізацыі.

Урэшце, сёньня чэская газэта Lidove Noviny на вялікім развароце зьмясьціла партрэты ўсіх высокапастаўленых гасьцей саміту, дзе толькі фатаздымак Аляксандра Лукашэнкі была зьмешчаная апошняй, перакрэсленая накрыж.
XS
SM
MD
LG