Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЛІТВА ВІНАВАЦІЦЬ БЕЛАРУСЬ ЗА ЗАБРУДЖВАНЬНЕ НЁМАНУ


Тацяна Поклад, Вільня

Плынь бруду павялічваецца. Досьледы паказалі, што забруджваньне ідзе з Беларусі. Міністэрства асяродзьдзя Літвы даслала афіцыйны запыт у беларускае Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы асяродзьдзя і у пасольства РБ у Літве, а таксама былі паінфармаваныя ўлады Гарадзенскай вобласьці. Беларускі бок не адказвае, а брудныя плыні сёньня раніцай яшчэ павялічыліся, як паведаміў старэйшы інспэктар аддзелу ліквідацыі аварыяў дзяржаўнай інспэкцыі аховы асяродзьдзя пры Міністэрстве асяродзьдзя Літвы Гядымінас Маркаўскас.

(Г.Маркаўскас:) "Спэцыялісты агледзелі забруджваньні і ўзялі пробы вады каля беларуска-літоўскай мяжы, блізу Друскенікаў і ніжэй па рацэ. Папярэдні агляд прынамсі паказаў, што гэта не нафтапрадукты. Лябараторныя аналізы пацьвердзілі прагноз, што ў Нёман цякуць неачышчаныя камунальныя адкіды. Уся літоўская тэрыторыя ў навакольлі была дасьледаваная -- ніякіх аварыяў няма. На нашыя афіцыйныя пісьмовыя запыты да сёньняшняга дня ніякага адказу зь Беларусі няма".

Афіцыйнае паведамленьне Міністэрства асяродзьдзя Літвы паводле лябараторных досьледаў нёманскай вады сьведчыць, што колькасьць забруджваньняў у Нёмане перавышае норму ў 10 разоў. Агульная колькасьць азоту перавышае дапушчальную норму ў некаторых месцах у 80 разоў, фосфару -- у 2 разы, нафтападуктаў -- у 4 разы, тлушчаў -- у тысячы разоў (павінна быць 0%, а ёсьць 30мг/л).

Сёньня адбылася нарада міністра асяродзьдзя Літвы па гэтай праблеме. Літва рыхтуе афіцыйную ноту ураду Беларусі.

(Г.Маркаўскас:) "Наступны наш крок мусіць быць менавіта такім, бо ніяк не зразумелае маўчаньне Беларусі. Мы мяркуем, што здарылася вялікая аврыя ачышчальных абсталяваньняў ці якая іншая аварыя. У тое, што ў Беларусі пра гэта ня ведаюць, немагчыма паверыць".

І ў Літвы, і ў Скандынаўскіх краінаў выклікае заклапочаннасьць тое, што Беларусь не падпісала міждзяржаўную канвэнцыю транзытных водаў, якая датычыцца водных рэсурсаў на тэрыторыях некалькіх дзяржаваў і ўзаемнага экалягічнага супрацоўніцтва. Там вызначаныя і мэханізмы выплатаў за нанесеную шкоду. Калі Беларусь спадзяецца пазьбегнуць адказнасьці, яе чакае новы міжнародны скандал.

XS
SM
MD
LG