Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЖОРДЖ БУШ У ІНТЭРВІЮ РАДЫЁ “СВАБОДА”: “ВАРШАЎСКІ БЛЁК ПАВОЛЬНА, АЛЕ НЯЎХІЛЬНА ПЕРАТВАРАЕЦЦА Ў НАТО”


Сяргей Навумчык, Прага

Нагадаем, што на гэтай сустрэчы ў Празе Паўночнаатлянтычны Альянс запросіць шэраг краінаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы ўвайсьці ў НАТО. Напярэдадні ў Вашынгтоне карэспандэнт “Свабоды” Джэфры Донаван узяў інтэрвію ў амэрыканскага прэзыдэнта. Гутарка адбывалася ў Белым Доме. Наш карэспандэнт папрасіў прэзыдэнта выказаць свой прагноз наконт праскага саміту.

(Буш: ) “Гэта будзе цікавая сустрэча, таму што на ёй плянуецца абмяркоўваць ня толькі праблемы пашырэньня альянсу, але і спосабы найлепшага дасягненьня гэтай нашай агульнай мэты. Я абсалютна перакананы, што гэтак званы разрыў у вайсковых тэхналёгіях і магчымасьцях паміж Амэрыкай і іншымі краінамі можа быць пераадолены з дапамогай добрай стратэгіі”.

(Карэспандэнт: ) Што могуць даць НАТО новыя сябры альянсу?

(Буш: ) “Я спадзяваўся, што Вы запытаецеся ў мяне, ці дададуць яны нешта ў гэты саюз. Мяркую, яны могуць прынесьці нешта вельмі істотнае – сваю любоў да свабоды. Гэтыя народы жылі ў таталітарных дзяржавах, яны не былі свабодныя. А цяпер яны пабачылі свабоду і палюбілі яе гэтак жа, як Амэрыка. І гэта будзе каштоўны ўнёсак у НАТО. Мяркую, яны зробяць унёсак і з вайсковага гледзішча. Аднак ключавым момантам зьяўляеца перамена стратэгіі самога блёку НАТО.

Гэтая новая стратэгія пачынаецца з таго, што Расея не зьяўляецца нашым ворагам. НАТО павінна існаваць ня дзеля таго, каб прадухіліць захоп Эўропы Варшаўскім блёкам. Варшаўскага блёку больш не існуе, і насамрэч Варшаўскі блёк павольна, але няўхільна – ператвараецца ў НАТО. Нам больш не патрэбныя такія падыходы. Вайсковая стратэгія павінна супрацьстаяць рэальным пагрозам. Пагроза, якая цяпер перад намі паўстала – тэрарыстычныя акты па ўсім сьвеце. Вось гэта сапраўдная пагроза. І чым болей вы любіце свабоду, тым больш верагоднасьці, што на вас нападуць”.

Прэзыдэнт ЗША Джордж Буш лічыць, што вайна з тэрарызмам вымагае новых падыходаў.

(Буш: ) “Вайна з тэрарызмам палягае ня толькі ў тым, каб атрымаць вайсковую перамогу. Тэрарызм можна перамагчы толькі тады, калі мы дамо адзін аднаму выведную інфармацыю, калі мы заблякуем іх фінансавыя патокі, калі мы не дазволім ім прабрацца да нас. Калі мы будзем захоўваць бясьпеку межаў, каб гэтыя людзі не маглі перамяшчацца з аднаго месца ў другое, ствараць пляны і перадаваць інфармацыю адносна будучых апэрацыяў. Так што гэта – вайна іншага гатунку”.

Прэзыдэнт ЗША Джордж Буш пацьвердзіў, што ўрэгуляваньне чачэнскага крызісу можа быць толькі палітычным:

(Буш: ) Я спадзяюся, што Расея здолее знайсьці мірнае вырашэньне праблемы з Чачнёй. Гэта ня значыць, што Ўладзімер Пуцін не павінен рабіць усё магчымае, каб абараніць свой народ ад асобных тэрарыстычных актаў. Але гэта – іншага гатунку вайна. Мы маем справу з вайной, дзе людзі хаваюцца па вуглах і цясьнінах у аддаленых месцах сьвету і пасылаюць сваіх прыхільнікаў на сьмерць, пасылаюць самагубцаў. Мне здаецца, што гэтая вайна палягае і ў тым, каб схапіць гэтых людзей, і ў тым, каб адначасна вырашаць праблемы мірным шляхам, паважаючы правы чалавека і правы нацыянальных меншасьцяў у гэтых краінах. Я казаў гэта падчас сваёй прэзыдэнцкай кампаніі, і я паўтараю гэта спадару Пуціну кожны раз, калі сустракаюся зь ім”.

Джордж Буш пацьвердзіў, што ніякай пагрозы для Расеі пашырэньне альянсу на Ўсход не нясе:

(Буш: ) Лічу, што партнэрства паміж НАТО і Расеяй будзе вельмі канструктыўным. Але паглядзім, час пакажа. Цяпер істотна, каб гэтыя адносіны працавалі так, як трэба. Партнэрства дае зразумець Расеі, што НАТО каля яе межаў – гэта не пагроза. Я еду з Прагі ў Санкт-Пецярбург менавіта дзеля таго, каб данесьці гэта да расейскага народу: нягледзячы на тое, што пашырэньне НАТО будзе ля вашых межаў, асабліва ў такіх няпростых рэгіёнах, як Прыбалтыка, вам ня трэба баяцца пашырэньня, вам трэба яго вітаць, таму што цяпер вакол вас – нашмат больш мірнае атачэньне, якое дазволіць разьвіваць ваш багаты патэнцыял. Вельмі істотна, каб у Расеі гэта пачулі”.

І яшчэ адно пытаньне нашага карэспандэнта тычылася сытуацыі вакол Іраку. Ці ня варта было б выкарыстаць супраць Іраку магчымасьці НАТО замест таго, каб ствараць новую кааліцыю?

(Буш: ) “Найперш, я спадзяюся, што ўсё скончыцца мірна. Калі я кажу “мірна” – я маю на ўвазе, што Садам Хусэйн пойдзе на раззбраеньне. Вядома, мы спадзяваліся на гэта цягам адзінаццаці гадоў, прыняўшы за гэты час 16 рэзалюцыяў. І цяпер я спадзяюся, што буду супрацоўнічаць з краінамі, якія імкнуцца да свабоды і міру, і каб гэтая рэзалюцыя была выкананая. А калі ж ён не разброіцца, вы маеце рацыю, я ўзначалю кааліцыю ў справе ягонага раззбраеньня.. Стварыць такую кааліцыю можна рознымі спосабамі. Можна выкарыстоўваць дзеля гэтага і НАТО. Я заявіў Радзе Бясьпекі ААН, што мы вернемся да гэтага пытаньня і абмяркуем яго, аднак спадар Садам Хусэйн мусіць зразумець: яго так ці інакш раззброяць. Паўтараю, што спадзяюся – гэта адбудзецца мірна”.

-- сказаў Прэзыдэнт ЗША Джордж Буш у інтэрвію карэспандэнту “Свабоды” Джэфры Донавану. Інтэрвію адбывалася ў Вашынгтоне, у Белым Доме, а сёньня Буш прыбывае ў Прагу і сёньня ж сустракаецца з прэзыдэнтам Чэхіі Вацлавам Гаўлам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG