Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АБ’ЯДНАНЫЯ САЦЫЯЛ-ДЭМАКРАТЫ ПАТРАБУЮЦЬ РЭГІСТРАЦЫІ СВАЁЙ ПАРТЫІ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Лідэрка АСДП Валянціна Палевікова гаворыць, што калі партыя ня будзе зарэгістраваная блізкім часам, то сацыял-дэмакраты пачнуць акцыі пратэсту.

Аб’яднаная сацыял-дэмакратычная партыя была створаная 24 жніўня сёлета ў выніку аб’яднаньня частак “Народнай грамады”, жаночай партыі “Надзея” і БСДГ. У адпаведнасьці з законам у Міністэрства юстыцыі былі перададзеныя ўсе статутныя дакумэнты, але рэгістрацыі партыя так і не дачакалася.

Гаворыць старшыня АСДП Валянціна Палевікова:

(Палевікова: ) “У адказе Мінюсту нейкія спасылкі на тое, што ў сьпісах партыі ёсьць два чалавекі, што не дасягнулі 18 гадоў. Але цяпер ужо ёсьць 18. Але, калі выкрэсьліць тых людзей, то ў нашых сьпісах усё роўна больш за 1000 стваральнікаў партыі”.

(Карэспандэнт: ) “А ў чым, на вашую думку, сапраўдная прычына адмовы ў рэгістрацыі?”

(Палевікова: ) “Я думаю, што сапраўдная прычына ў нашых поглядах, у лідэрах партыі. У нашых умовах таму партыю й не рэгіструюць. Калі б у партыі былі іншыя асобы, калі б яе стварылі Іваноў, Пятроў, ляяльныя да ўлады, напэўна было па-іншаму”.

(Карэспандэнт: ) “Што вы зьбіраецеся ў гэтай сытуацыі рабіць?”

(Палевікова: ) “Мы падалі пазоў у Вярхоўны суд, але мы пэўныя, што адказ будзе нэгатыўны. Калі ў нас будзе адказ зь Вярхоўнага суду, то мы пададзім заяўку на акцыю-пікет. Ёсьць рашэньне нашага цэнтральнага органу аб скліканьні зьезду. Будзем ужываць розныя формы ціску на Міністэрства юстыцыі. Зьвернемся да дэпутатаў Нацыянальнага сходу, у рэгіёнах партыйныя актывісты будуць зьвяртацца да сваіх дэпутатаў.

Ёсьць жаданьне зьвярнуцца ў Канстытуцыйны суд. Мы ведаем, што такі прэцэдэнт ужо быў, калі разглядаўся пазоў аднаго лекара ў справе спагнаньня прафсаюзных складак. Таму, хутчэй за ўсё мы зьвернемся й туды, калі ня будзе зарэгістраваная нашая партыя”.

Днямі партыя распачала кампанію ў справе збору інфармацыі пра людзей, якіх з палітычных прычынаў перасьледуюць беларускія ўлады. Пасьля падрабязны маніторынг парушэньня правоў беларускіх апазыцыянэраў будзе перададзены ў міжнародныя арганізацыі.

XS
SM
MD
LG