Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАНДЫДАТЫ Ў ДЭПУТАТЫ МЯСЦОВЫХ САВЕТАЎ БЕЛАРУСІ СУТЫКНУЦЦА З НОВЫМІ СКЛАДАНАСЬЦЯМІ


Уладзімер Глод, Менск

Каб стаць кандыдатам у дэпутаты ад палітычнай партыі, цяпер спатрэбіцца падаць у выбарчую камісію ня тры, як раней, а сем дакумэнтаў. У тым ліку, напрыклад, статут партыі, засьведчаны партыйным кіраўніцтвам. Партыя камуністаў Беларуская зьбіраецца вылучыць кандыдатамі паўтысячы асобаў. І кожнаму зь іх спатрэбіцца копія статуту, які складае не адну старонку друкаванага тэксту.

Удзел у папярэдніх выбарчых кампаніях паказаў, што камісіі ўсіх узроўняў вельмі пільна шукаюць, да чаго прычапіцца, каб адмовіць дэмакратычным кандыдатам у рэгістрацыі. У гэтым супрацьстаяньні партыйным штабам добра дапамагала адмысловая інструкцыя Цэнтарвыбаркаму адносна афармленьня дакумэнтаў. Але сёлета Цэнтарвыбаркам, куды вусна зьвярталіся прадстаўнікі ПКБ, адмаўляецца выдаць такі дакумэнт, спасылаючыся на тое, што рабіць гэта нібыта не дазваляе заканадаўства.

Гаворыць сакратар ЦК ПКБ Алена Скрыган:

(Скрыган: ) “Мы з гэтым сутыкаліся падчас прэзыдэнцкіх выбараў, і таму вельмі важна, каб тыя, хто будуць вылучаць сяброў выбарчых камісіяў розных узроўняў і кандыдатаў на дэпутаты, ведалі, як правільна скласьці пратаколы, каб не атрымаць з фармальных прычынаў адмоўнага адказу”.

Сёньня высьветлілася і яшчэ адна небясьпека. Кандыдата, які будзе ў сваіх агітацыйных матэрыялах сьцьвярджаць, што мясцовыя ўлады працуюць дрэнна, могуць у любы момант зьняць з выбарчай кампаніяй за паклёп.

Паколькі Партыя камуністаў днямі зьвярнулася ў Цэнтарвыбаркам ужо зь лістом, у якім просіць даць адказы на гэтыя пытаньні, сябры Кансультацыйнай рады апазыцыйных партыяў вырашылі дачакацца афіцыйнага адказу. У залежнасьці ад яго і будуць рабіцца далейшыя захады.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG