Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БАЦЬКА “БРУДНАГА БЕЛАРУСКАГА БЛЮЗУ” ВЫПУСЬЦІЎ НАЙЛЕПШЫЯ ТВОРЫ АСОБНАЙ КРУЖЭЛКАЙ


Ігар Карней, Менск

Пасьля запісаў твораў Міхася Забэйды-Суміцкага, Сяржука Сокалава-Воюша і Міколы Равенскага аматары беларускай музыкі цяпер маюць магчымасьць на адной лязэрнай кружэлцы паслухаць найлепшыя песьні, створаныя за апошнія 10 гадоў гарадзенскім бардам, "бацькам беларускага бруднага блюзу" Віктарам Шалкевічам. 20 лістапада — прэзэнтацыя дыска ў Менску: натуральна, у кампаніі сяброў і аднадумцаў.

"Добрай раніцы, жлобская нацыя.
Сонца ўзыходзіць лупатае.
Добрай раніцы, жлобская нацыя,
Аніхто дурную ня сватае".

Загалоўная песьня альбому "Добрай раніцы" ў сярэдзіне дзевяностых гадоў успрымалася адраджэнцамі тае пары амаль як абраза нацыі. А гэта быў востры выклік, мастацкая правакацыя чалавека, які свой боль за апатыю, абыякавасьць нацыі ўклаў у форму саркастычнай бардаўскай песьні. Сёньня мэтафары гэтай і іншых Шалкевічавых песень успрымаюцца ў сапраўднай іхнай глыбіні і шчырасьці. А тое, што было правакацыяй, пры новым праслухоўваньні старых песень, набывае філязафічнасьць.

"Смутны беларускі блюз"

"Дахаты цягнецца з плугам араты,
На вуліцы песьні сьпяваюць дзяўчаты.
У небе высока ляцяць арляняты:
Смутны беларускі блюз".

Сам Шалкевіч яшчэ дзесяць гадоў таму назваў сябе "бацькам бруднага беларускага блюзу". Менавіта брудны беларускі блюз складае аснову новага дыска. Аўтарскае вызначэньне жанру сваіх твораў таксама напачатку шакавала, але час паказаў, што ён жывучы. І тэксты, і музычная форма не губляюць актуальнасьці і сьвежасьці ў наш час імклівай зьмены рытмаў папулярнай музыкі. Аўтар тлумачыць гэта так:

(Шалкевіч:) "Брудны беларускі блюз — гэта адбітак нашага жыцьця. Мы жывём у Беларусі, таму, натуральна, гэта рэч беларуская. Што брудная — гэта і так зразумела. А тое, што сумна — дык блюз заўсёды сумны. Жывучы? Тыя праблемы, пра якія сьпявалі 10 год таму, яны ня вырашыліся. На жаль".

Віктар Шалкевіч цяпер заканчвае працу над новым альбомам, у якім, як ён сам прызнаецца, песьні будуць меней мэтафарычна агрэсіўнымі, болей лагоднымі. Магчыма, ён сам палагаднеў ад стомленасьці безвыніковасьцю свайго змаганьня ў мастацтве супраць таго, што не дазваляе нацыі рушыць да маральнасьці сучаснага цывілізаванага сьвету?

(Шалкевіч:) "Стаўленьне маё да жыцьця такое самае, як і было. Проста я добра паразумнеў цягам гадоў. Да некаторых рэчаў стаўлюся цярпіма. Але як ненавідзеў хамства, так і цяпер цярпець не магу. Як ненавідзеў тупых, бяздарных людзей, якія мяняюць зоркі на пахлёбку, гэтаксама не люблю да гэтай пары."

"Хамская ўлада"

"...Затое ёсьць хамская ўлада:
Подласьць і здрада.
Хамская ўласьць —
Чорная масьць..."

Альбом Шалкевіча выдадзены ў сэрыі "Беларускі музычны архіў". Выдаўцы — грамадзкія аб'яднаньні "Беларуская музычная альтэрнатыва", "Культурны кантакт" і "Дыярыюш" — ня сьпісваюць Віктара Шалкевіча ў архіў, а прэзэнтуюць ягонай творчасьцю сьветаадчуваньне і мысьленьне адраджэнцаў 90-х гадоў, для якіх апошняе дзесяцігодзьдзе стала цэлай эпохай, найноўшай гісторыяй Беларусі.
XS
SM
MD
LG