Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК НЯВЫДАЧА ЧЭСКАЙ ВІЗЫ А.ЛУКАШЭНКУ МОЖА ПАЎПЛЫВАЦЬ НА ЗАМЕЖНУЮ ПАЛІТЫКУ БЕЛАРУСІ?


Віталь Цыганкоў, Менск

Удзельнікі: галоўны рэдактар часопісу “АRCHE” Валер Булгакаў і аглядальнік газэты “Белорусский рынок” Вадзім Александровіч

(Віталь Цыганкоў: ) “Аляксандар Лукашэнка так і не атрымаў чэскай візы і ня здолее наведаць саміт Рады Эўраатлянтычнага партнэрства ў Празе. Міністар замежных справаў Чэхіі спадар Цырыл Свобада адзначыў, што такі крок Прага зрабіла пасьля доўгіх кансультацыяў з партнэрамі па NATO. Такім чынам, відавочна, гэтае рашэньне хутчэй можна назваць ня ўласна чэскім, а менавіта NATOўскім.

Якія наступствы на замежную палітыку Беларусі можа даць гэтая сытуацыя? Ці будзе афіцыйная Беларусь імкнуцца як мага хутчэй забыць гэта як прыкрую недарэчнасьць і сканцэнтруецаа толькі на адказе ў чэскі бок, ці нявыдача візы стане падставай для новага вялікага скандалу ў дачыненьнях з усім Захадам?”

(Валер Булгакаў: ) “Я думаю, гэта будзе мець пазытыўныя наступствы, калі іх ацэньваць у такой амбівалентнай сыстэме — добра ці кепска. Добра, бо заходняя дыпляматыя пачынае гаварыць з нашым прэзыдэнтам на даступнай яму мове. Скончылася пара нейкіх эківокаў, намёкаў, напаўнаяўных жэстаў і дзеяньняў, пры дапамозе якіх міжнародная супольнасьць хацела давесьці беларускаму вышэйшаму кіраўніцтву патрэбу дэмакратычных пераўтварэньняў у краіне.

Цяпер гэты крок сапраўды максымальна выразна ілюструе характар стаўленьня заходніх палітычных элітаў да беларускага кіраўніцтва. Варта ўзгадаць нашую недалёкую мінуўшчыну і зазначыць, што гэты крок справакаваны толькі дзеяньнямі беларускага кіраўніцтва.

Некалькі апошніх месяцаў разгортвалася драматычная гісторыя з выжываньнем рэшткаў місіі АБСЭ ў Беларусі, і ў якасьці зачэпкі выкарыстоўвалася візавая праблема. Так што міжнародная супольнасьць пачынае дзейнічаць да Лукашэнкі так, як ён сам спрабаваў дзейнічаць на працягу гадоў. Гэта ня значыць, што працягу дылёгу ня будзе. Але Захад такім чынам рэагуе на дзеяньні Лукашэнкі на даступнай яму мове.

Я думаю, гэта сымбалічны акт, скіраваны ня столькі на Лукашэнку, колькі на будучых палітычных лідэраў краіны. Лукашэнка дазваляў сабе цынізм і разьвязанасьць у дачыненьні да заходніх дыпляматаў, і цяпер Захад паказвае сваё стаўленьне вельмі наглядна і недвухсэнсоўна”.

(Вадзім Александровіч: ) “Для пачатку я хацеў бы ня цалкам пагадзіцца са спадаром Валерам наконт таго, што ўсё тут так добра. Бо спадар Лукашэнка адлюстроўве пэўную частку ідэалёгіі беларусага грамадзтва, і гэта ёсьць паразай гэтай часткай Беларусі, чые думкі выказвае Лукашэнка.

Палітыка — рэч вельмі жорсткая, і адзін з асноўных яе канцэптаў — “нельга класьці ўсе яйкі ў адзін кошык”. Лукашэнка і зь ім частка нашага грамадзтва паклала ўсе яйкі ў адзін кошык, які мы называем “Расейская Фэдэрацыя”. І зараз і NATO, і ЗША гэта скарысталі і паказалі на памылку нашаму прэзыдэнту. Расея ня стала заступацца за Лукашэнку, і менавіта таму гэтае жорсткае і ў нечым абразлівае для яго рашэньне стала рэальнай зьявай”.

(Цыганкоў: ) “Магчымасьць павярнуцца ў бок Захаду Аляксандар Лукашэнка заўсёды выкарыстоўваў у якасьці шантажу і пагрозы для Расеі. Калі стасункі з Масквой пагаршаліся, беларускі кіраўнік гаварыў і нават рабіў нейкія крокі, каб паказаць, што Беларусь можа павярнуцца на Захад. Цяпер адносіны з Расеяй складваюцца цяжка як ніколі, і Лукашэнка адразу выказаў жаданьне паехаць на саміт NATO ў Прагу. Здаецца, тут Захаду можна было б раскрыць свае абдымкі, аднак Эўропа гэтага не зрабіла. Ці таму, што Захад цяпер выступае з Расеяй адзіным фронтам, ці Захад ня верыць у магчымасьць Лукашэнкі зьмяніцца?”

(Булгакаў: ) “Цяпер увогуле склалася досыць унікальная палітычная сытуацыя, калі апошнія дзеяньні Лукашэнкі з усёй пэўнасьцю даводзяць, што нельга чакаць інкарпарацыі Беларусі ў Расею, што ў нейкай агляднай будучыні Беларусь будзе заставаццца незалежнай дзяржавай. Гэта я думаю, зразумелі заходнія палітычныя эліты, і ў іхнай сьвядомасьці цяпер адбываецца досыць паказальны пералом.

Бальшыня ранейшых мяккіх дзеяньняў Захаду да рэжыму Лукашэнкі была прадыктаваная неабходнасьцю не штурхнуць Беларусь у абдымкі Расеі, каб Беларусь ня страціла сваёй міжнароднай правасуб’ектнасьці. Напрыклад, славуты дыпляматычны скандал вакол Драздоў досыць ціха і няярка згас менавіта таму, што на думку вядучых заходніх палітыкаў ня варта было падрываць адну з асноваў беларускага сувэрэнітэту.

Такім чынам, Захад зацікаўлены ў беларускай незалежнасьці. І цяпер яму становіцца з усёй відавочнасьцю ясна, што беларускі рэжым праводзіць такую палітыку, якая накіраваная на захаваньне Беларусі як незалежнай дзяржавы. Гэтае ўсьведамленьне і штурхае заходнія палітычныя эліты да такіх досыць жорсткіх акцыяў.

Бо пэрспэктыва інкарпарацыі Беларусі ў склад Расеі ў сьвятле апошніх скандалаў фактычна адсутнічае, і таму вельмі важна запачаткаваць такую традыцыю палітычнага кіраўніцтва нашай краіны, якая будзе адэкватнай, ня будзе мавэтонам з пункту гледжаньня міжнароднай супольнасьці”.

(Цыганкоў: ) “У беларускай апазыцыі існуе два падыходу да тэмы “Лукашэнка і Захад”. Адзін, скажам, “падыход Саньнікава” — жорсткая ізаляцыя рэжыму, ніякіх саступак. Другі — “падыход Статкевіча”, які кажа, што трэба імкнуцца размываць гэты рэжым, даводзіць прыклады іншага разьвіцьця на ўсіх узроўнях, ад рэгіянальных чыноўнікаў да дзетак, якія едуць на праграмы аздараўленьня. Якая тактыка больш пасуе да сёньняшняй сытуацыі?”

(Александровіч: ) “На вялікі жаль, тут шмат у чым дзейнічаюць прыватныя адносіны. Не сакрэт, што найбольш жорстка да спадара Лукашэнкі ставяцца менавіта тыя людзі, якія бралі ўдзел у першых кроках ягонай дзейнасьці як прэзыдэнта. Зараз тая частка апазыцыі, якая належыць да БНФ і каляфронтаўскіх структураў, апынулася ў найбольш выгоднай пазыцыі, бо яны (будучы апошнім годам выціснутыя на пэрыфэрыю грамадзкага інтарэсу і грамадзкай думкі) захавалі пэўную дыстанцыйнасьць ад Лукашэнкі. Няма такога моманту напружваньня ў адносінах.

Нездарма нават “Советская Белоруссия” пачала выказвацца станоўча пра Зянона Пазьняка. Раней гэта было немагчыма. Зыходзячы з гэтага, можна зрабіць выснову, што цяпер натуральнымі часовымі хаўрусьнікамі Лукашэнкі чыста з-за зьнешніх абставінаў становяцца незалежніцкія сілы. Сілы, якія не гатовыя ні на ёту паступіцца інтарэсамі Беларусі ў дачыненьні да Расеі. А тыя сілы, якія заяўлялі пра магчымасьць пэўных саюзаў з Расеяй, якраз патрапілі ў больш цяжкае становішча”.

(Цыганкоў: ) “За час пасьля канстытуцыйнага перавароту 1996 году эўрапейскія структуры паспрабавалі некалькі падыходаў да разьвязаньня беларускай праблемы. Гэта была і даволі жорсткая ізаляцыя, потым, пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году, спроба наладзіць нейкую пакрокавую стратэгію. Які з гэтых варыянтаў, на вашую думку, больш аптымальны і які будзе прымяняць міжнародная супольнасьць да цяперашняга беларускага рэжыму?”

(Булгакаў: ) “Тут будзе комплекс мэтадаў. Бо курс на жорсткую ізаляцыю Беларусі, як і курс на заахвочваньне ўсебаковых кантактаў зь беларускім рэжымам, гэта дзьве крайнасьці. Найхутчэй мы будзем сьведкамі прамежкавага варыянту. Самая правільная мэтода — тая, якая дае пэўны палітычны эфэкт.

Беларускі рэжым досыць устойлівы з пункту гледжаньня ідэалягічнага, эканамічнага ці нават культурнага. Найбольшыя палітычныя ўзрушэньні зьвязаныя найперш з вонкавапалітычнай сытуацыяй. Таму рабіць стаўку, што дзякуючы міжнароднай ізаляцыі гэты рэжым падзе — мне здаецца, гэта недастаткова апраўдана і слушна. Без ужыцьця гэтай другой мэтоды, гэта значыць, кантактаў з прадстаўнікамі беларускага рэжыму, уцягваньня іх у эўрапейскую арбіту, немагчыма зрушыць воз з пустога месца.

Дарэчы, польскія палітыкі спрабуюць завязаць супрацоўніцтва, напрыклад, з памежнымі беларускімі адміністрацыяімі, мінуючы Менск. Мне здаецца, у гэтым ёсьць пэўная рацыя”.

(Александровіч: ) “Тут будзе разгортвацца партыя паміж Брусэлем, Вашынгтонам і Масквой. Зараз мячык, вобразна кажучы, на баку Масквы. Калі такія асобы як Селязьнёў і Лужкоў уголас ня выкажуцца ў падтрымку Лукашэнкі, гэта стане моцным сыгналам, што Масква вырашыла, кажучы мовай расейскіх інфармацыйных крыніцаў, “паставіць Лукашэнку на месца”.

Ужо тады і Брусэлю і Вашынгтону давядзецца вырашаць, што рабіць з Лукашэнкам далей. Альбо кінуць яму апошні прамень надзеі, альбо канчаткова яго аддаць на зьядзеньне расейскім алігархам. Але хутчэй за ўсё пробныя камяні будуць — у першую чаргу празь літоўскія, украінскія і польскія структуры. Думаю, тут ёсьць пра што гандлявацца ўсім бакам”.

XS
SM
MD
LG