Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛУКАШЭНКА ВЯРТАЕЦЦА ДА ІНТЭГРАЦЫЙНАЙ РЫТОРЫКІ


Валер Каліноўскі, Менск

Фармальна Генадзь Селязьнёў прыбыў у Менск, каб абмеркаваць разам з Вадзімам Паповым і Аляксандрам Лукашэнкам лёс Канстытуцыйнага акту так званае саюзнае дзяржавы. Але перш за ўсё ягоныя намаганьні былі скіраваныя на ўрэгуляваньне вострага палітычнага канфлікту паміж афіцыйным Менскам і Крамлём, які быў выкліканы скандалам са скарачэньнем паставак расейскага газу ў Беларусь.

У размове з маскоўскім госьцем А.Лукашэнка не хаваў сваёй крыўды, падкрэсьліўшы “непажаданыя тэндэнцыі ў расейскім кіраўніцтве”, якія прымусілі Менск тэрмінова шукаць выйсьця, пры тым што іншыя краіны вінаватыя Расеі мільярды даляраў, але ім Расея не выстаўляе такіх патрабаваньняў.

А.Лукашэнка зноў гаварыў пра саюз с Расеяй, як аб’ектыўна неабходны для Беларусі з эканамічных прычынаў, і акрамя таго — таму што беларусы і расейцы “адзіны народ, і нікому не ўдасца зьмяніць гэта”. А.Лукашэнка падкрэсьліў, што Расея не павінна ісьці супраць яго нават пад ціскам з боку Захаду.

Генадзь Селязьнёў таксама заявіў пра працяг курсу на будаўніцтва саюзнае дзяржавы. Ён разам з Вадзімам Паповым цяпер узначальвае новую камісію ў справе распрацоўкі праекту Канстытуцыйнага акту і спадзяецца ў 2003 годзе прыняць гэты акт на рэфэрэндуме і правесьці выбары ў саюзны парлямэнт. Прычым канстытуцыйны акт станецца толькі прамежкавым дакумэнтам. Гаворыць Генадзь Селязьнёў:

(Селязьнёў: ) “Я сёньня ў размове з А.Лукашэнкам сказаў, што мы маглі б адразу гаварыць пра Кастытуцыю саюзу Беларусі і Расеі, рыхтаваць дакумэнт другога парадку. Але ён адказаў, што давайце спачатку прымем Канстытуцыйны акт. Гэта прэлюдыя да вялікай канстытуцыі, калі яна спатрэбіцца, канечне”.

Генадзь Селязьнёў прызнаў, што сваю пазыцыю ён скаардынаваў з прэзыдэнтам Пуціным.

(Селязьнёў: ) “Натуральна, што з прэзыдэнтам гэтыя пытаньні абмяркоўваюцца, і ў яго дакладна выкладзеная пазыцыя, што ня можа быць нават сумненьняў, што мы ня хочам саюзу Беларусі і Расеі”, — сказаў Генадзь Селязьнёў.

Што датычыць праекту канстытуцыйнага акту, то беларускі бок нядаўна прапанаваў свой варыянт — пры захаваньні поўнай роўнасці Расеі й Беларусі ў саюзнай дзяржаве паводле прынцыпу “адна краіна — адзін голас”, з абавязковым правам вэта. Гэтыя варыянт непрымальны для Расеі, — лічыць лідэр БСДП “Народная грамада” Мікола Статкевіч:

(Статкевіч: ) “І я думаю, што Селязьнёў сапраўды будзе імкнуцца схіліць А.Лукашэнку да больш прымальнага для Расеі варыянту. А самым прымальным варыянтам там лічаць аўтаномію”.

Мікалай Статкевіч кажа, што канфэдэрацыя з поўнай роўнасьцю суб’ектаў вельмі няўстойлівая і непатрэбная Расеі. Але іншы варыянт, пажаданы для расейскага кіраўніцтва, — уваходжаньне Беларусі ў склад Расеі — таксама немагчымы.

(Статкевіч: ) “Думаю, што ён можа быць прыняты, калі Лукашэнку зламаюць канчаткова, а гэта зрабіць цяжка, нават калі тут у Беларусі мы будзем паліць у сябе ў кватэрах з дапамогай дроваў у самаробных печках”, — зазначыў Мікола Статкевіч.

На ягоную думку, А.Лукашэнка будзе вымушаны працягваць дэкляраваць ранейшую інтэграцыйную рыторыку, бо іншага выйсьця ён ня бачыць.


XS
SM
MD
LG