Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСКУ ПРАЙШЛО МІРНАЕ ШЭСЬЦЕ Й МІТЫНГ АПАЗЫЦЫІ "ЗА НЕЗАЛЕЖНАСЬЦЬ!"


Альгерд Невяроўскі, Менск

Сёньня ў Менску надзвычай цёплае надвор'е. Нягледзячы на тое, што падрыхтоўка да акцыі была ня надта шырокай, на заклік арганізатараў, а 12-й гадзіне дня на плошчы Якуба Коласа сабралася больш за 1000 чалавек.

Людзі прыйшлі зь бел-чырвона-белымі й эўрапейскімі сьцягамі, а таксама з транспарантамі: "Жыве незалежная Беларусь!", "Беларусь у Эўропу!", "Беларускі народ – гаспадар сваёй краіны!", "Беларусь у Эўропу!" ды іншымі. Сярод тых, хто прыйшоў на акцыю было нямала вядомых асобаў.

Гаворыць лідэр парты БНФ Вінцук Вячорка:

(Вячорка: ) "Сёньняшняя акцыя, гэта пачатак кампаніі "За незалежнасьць і свабоду", якая працягнецца паўгода, да 25 сакавіка. Сёньня будзе пачаты збор подпісаў пад зваротам да міжнародных арганізацыяў і краінаў-гарантаў беларускай незалежнасьці. Беларускі народ за дэмакратычную, эўрапейскую, заможную Беларусь, і мы за незалежнасьць, якая мае на ўвазе свабоду кожнага. Пры якой не зьнікаюць людзі, пры якой чалавек можа зарабіць сабе на хлеб. За незалежнасьць, якая мае на ўвазе не сяброўства ў восі зла альбо ў віртуальным беларуска-расейскім саюзе, а за незалежнасьць, якая вядзе Беларусь у сям'ю цывілізаваных народаў".

А вось, што сказаў лідэр Маладога фронту Павал Севярынец:

(Севярынец: ) "Беларускі народ, беларуская моладзь за незалежнасьць – супраць усялякіх саюзаў з Расеяй. Мы выходзім за незалежнасьць, каб абараніць сваю краіну".

У акцыі бралі ўдзел і палітыкі, якія не ўвайшлі ў аргкамітэт па яе падрыхтоўцы. Гаворыць лідэр "Народнай грамады" Мікола Статкевіч:

(Статкевіч: ) "На жаль, апошнім часам пагроза незалежнасьці ўзрасла. У мяне ствараецца такое ўражаньне, што пэўныя заходнія палітыкі, якім надакучыла беларуская праблема, перадаюць вырашэньне гэтай праблемы кіраўніцтву Расеі. Не зважаючы на тое, якую цану возьме Расея за вырашэньне гэтай праблемы. А цана гэтая вядомая – аўтаномія".

А палове першай дня калёна па праезжнай частцы праспэкту Скарыны рушыла ў бок Акадэміі Навук, дзе ўлады дазволілі правесьці мітынг.

На пляцоўцы каля прэзыдыюму Акадэміі Навук адбыўся мітынг. Выступалі лідэры апазыцыйных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў Вінцук Вячорка, Юры Хадыка, Валянціна Палевікова ды іншыя. Усе заклікалі бараніць незалежнасьць Беларусі і папулярызаваць у грамадзтве ідэю ўступленьня ў Эўрапейскі Зьвяз.

На мітынгу былі зачытаныя адмысловыя звароты да міжнародных арганізацыяў і краінаў-гарантаў беларускай незалежнасьці, а таксама да грамадзкасьці лідэраў дэмакратычных арганізацыяў Гарадзеншчыны.

Сваё пасланьне ўдзельнікам акцыі перадала і старшыня рады БНР Івонка Сурвіла.

Мітынг працягваўся гадзіну. Пасьля яго заканчэньня група людзей на чале зь лідэрам Партыі Свабоды Сяргеем Высоцкім накіравалася да амбасады Расеі, каб перадаць зварот да Ўладзімера Пуціна.


XS
SM
MD
LG