Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗЬМІЦЕР ВАЙЦЮШКЕВІЧ: “ЁСЬЦЬ ЖАДАНЬНЕ ПРЫДУМАЦЬ САБЕ НОВУЮ РОЛЮ Ў ЖЫЦЬЦІ”


Зьміцер Падбярэскі, Менск


(Зьміцер Падбярэскі: ) “Дзень добры! Чарговай тэмай нашае праграмы сталася зьяўленьне ў продажы новага альбому пад назваю “Баляды”, які быў запісаны Зьмітром Вайцюшкевічам і “WZ-Orkiestra”. Мне так думаецца, што гэтая работа вядомага музыканта яшчэ выкліча ў музычным асяродзьдзі даволі зацятыя спрэчкі, бо ўжо сёньня вядома, што ўспрымаецца яна па-рознаму. Тым ня менш, гэтай праграме нельга адмовіць у тым, што ўвасаблялася яна шчыра, сумленна, мэтанакіравана, што альбом мае выразную канцэпцыю і з гледзішча стылістыкі вытрыманы належным чынам.

Разам з тым агульны мінорны настрой альбому, адсутнасьць у ім якіх-небудзь камэрцыйных матываў, праца з музыкантамі, імёны якіх малавядомыя нават у музычным асяродку, звужаюць, безумоўна, патэнцыйную аўдыторыю слухачоў аж да таго, што разьлічваюць на вялікую папулярнасьць гэтай, канечне ж, дыхтоўнай праграмы, відаць, усё ж немагчыма.

Летась, нагадаю, Зьміцер Вайцюшкевіч ініцыяваў запіс і выданьне альбому “Цацачная крама” і ўжо тады заявіў пра пэўны паварот у бок важкага элемэнту драматургіі ва ўласнай творчасьці. З выданьнем альбому “Баляды” гэты элемэнт, мне здаецца, яшчэ больш узмацніўся аж да таго, што цяпер можна нават казаць пра існаваньне пэўнага музычнага тэатру Зьмітра Вайцюшкевіча. А калі гэта тэатар, дык, зноў жа, гэта ня той від мастацтва, які можа карыстацца агульнай папулярнасьцю ў параўнаньні з музыкай.

Такім чынам, ужо хоць бы зыходзячы са сказанага, можна меркаваць, што прысутнасьць самога Зьмітра Вайцюшкевіча ў нашай студыі невыпадковая. Яму і трымаць адказ. Вітаю цябе, Зьміцер, разам са слухачамі нашае праграмы”.

(Зьміцер Вайцюшкевіч: ) “Прывітаньне, Зьміцер!”

(Падбярэскі: ) “Такое ўражаньне, што ідэю свайго новага альбому ты адшукаў на адной з запыленых палічах “Цацачнай крамы”, хоць я і ведаю, што з гэтай ідэяй ты насіўся ўжо ня першы год...”

(Вайцюшкевіч: ) “Мне хацелася зрабіць матэрыял такога кшталту менавіта, каб аснова была фальклёрная, а ўжо сучасная — атмасфэра, таму што, банальна зноў жа скажу, але мы жывем зараз, і час ад часу губляем ня тое што традыцыю, а губляем сябе праз тых канкрэтных носьбітаў — бабуляў ці дзядуляў, нашых блізкіх родных, якія яшчэ ведаюць і якія проста саромеюцца сьпяваць песьні, нават калі ты будзеш прасіць іх пра гэта.

Асноўная частка альбому “Баляды” была знойдзеная ўсё ж менавіта на паліцы, у кніжцы “Баляды. Беларуская народная творчасьць”. І я зараз магу нават адкрыць такую таямніцу, што кніжка гэтая належыць Касі Камоцкай, яна добра пра гэта нават ня ведае. Мушу яе аддаць, але вось так калі я адкрыў яе і проста пачытаў тэксты, мяне ўразіла атмасфэра, і мне падалося абсалютна алягічным, што кніжка “Баляды” ёсьць, а музыкі “Баляды” ў такім выкананьні не было. І мне захацелася зрабіць гэта”.

(Падбярэскі: ) “У зборніку тым, прабач, ноты былі?”

(Вайцюшкевіч: ) “Відаць, ноты былі, але ўсё ж такі асноўныя тэмы пісаў я сам”.

(Падбярэскі: ) “Што для цябе як музыканта, які ўжо гадоў дзесяць займаецца музыкай народнай, значыць наогул жанр баляды, што ты знаходзіш у ім?”

(Вайцюшкевіч: ) “Мяне зараз цікавяць філязофія ці тэма аднаго чалавека, я сам сабе цікавы — так скажу, сьціпла ці ня сьціпла. Я вывучаю сябе, шукаю нейкія аналёгіі ў сьвеце, адзінокіх людзей. Я ня тое што магу вам прызнацца, быццам я адзін у гэтым сьвеце…”

(Падбярэскі: ) “Ну ніхто ж проста не паверыць!”

(Вайцюшкевіч: ) “Баляда — гэта гісторыя канкрэтнага чалавека альбо канкрэтных людзей, якія ў гэтай драматургіі нейкім чынам знаходзяцца. Увогуле, калі так зьвязваць з жыцьцём, а баляды – гэта менавіта такія аповесьці пра чалавечае жыцьцё, часам трагічнае, часам… ну такое…

Магу зараз пераскочыць на новую ідэю шляху, гісторыю жыцьця Ўладзімера Маякоўскага, але гэта ўжо пазьней, таму што мне зараз гэта цікава, прабачце. Але ж гэта ўсё таксама баляды. Уладзімер Маякоўскі, Янка Купала, Адам Міцкевіч, Фрэдэрык Шапэн, Пушкін, шмат людзей, нават Сахараў, калі ўжо так казаць, якія мелі даволі трагічны лёс пры ўсіх яскравасьці жыцьця, вядомасьці. І баляды — гэта быццам такі крок да чалавека канкрэтнага, да самавызначэньня мяне як творцы. Я ня ведаю, што такое тэатар з гледзішча прафэсійнага, я ня зьяўляюся прафэсійным акторам…”

(Падбярэскі: ) “Яно, можа, і лепш!”

(Вайцюшкевіч: ) “Можа быць! Але і “Цацачная крама” — гэта таксама ўсё ж такі аповесьць аднаго чалавека альбо тых вобразаў, тых цацак. Гэта ўсё як бы так асобы. Мы час ад часу забываем у наш такі тэхнічны век, што ёсьць мы, што ніхто ня мусіць навязваць нам нейкія стэрэатыпы, што мы ўсё ж мусім час ад часу вызначаць свой шлях самастойна. Ёсьць моманты ў жыцьці, калі чалавек мусіць выбіраць: я мушу быць такім альбо такім, альбо я мушу застацца такім, якім нарадзіўся. Такая вось філязофія, ідэя”.

(Падбярэскі: ) “Пытаньне вось якое. Выбіраючы ў калегі музыкантаў малавядомых, ты, напэўна, разьлічваў на сваё безумоўнае лідэрства ў групе, хоць, як мне здалося, шчыра кажучы, у выніку гэтае супрацоўніцтва так і не зрабілася мадэльлю “лідэр і сайдмэны”. А чаму ж ты ўсё ж не працаваў з музыкамі вядомымі?”

(Вайцюшкевіч: ) “І “Цацачная крама”, і праект “Баляды” былі зробленыя для таго, каб, так бы мовіць, у беларускае музычнае кола абсалютна натуральна ўваходзілі новыя музыканты. Я хацеў, каб беларуская музычная тусоўка не жыла сама сабою, таму мне захацелася папрацаваць з маладымі музыкантамі. Я лічу, што музыканты, якія зараз працуюць у “WZ-Orkiestra”, — гэта адныя з самых моцных прафэсійна адукаваных музыкантаў”.

(Падбярэскі: ) “Я нездарма задаў гэтае пытаньне, таму што наступнае таксама зь ім зьвязанае. Як вызначалася гучаньне альбому? У мяне склалася ўражаньне, што ты не пайшоў у гэтай справе па камэрцыйных шляхах і адначасова ня меў намеру аднаўляць гучаньне, больш блізкае да аўтэнтычнага. Значыць, усё ж мадэрн прысутнічае?”

(Вайцюшкевіч: ) “Хіба так. Мадэрн — гэта як добрая кніжка, дзе няма ніякіх малюнкаў, а толькі словы, дзе чалавек. І тое самае можна так аналягічна паглядзець на музыку, калі раптам яна некаму не падаецца камэрцыйнай.

Я, са свайго боку, магу сказаць, што альбом мае попыт у слухача. І ні FM-станцыі, ні вядомыя журналісты ня могуць сказаць чалавеку, што гэты матэрыял нецікавы. Кожны мае права на выбар, паслухаць, паглядзець на гісторыю жыцьця таго ж Зьмітра Вайцюшкевіча, Лявона Вольскага з “Крамбамбуляй” і ўбачыць, куды ён ідзе і што ён робіць, і наколькі якасна ён тое робіць.

Наконт гучаньня… Я хацеў такое гучаньне зь мінімумам пэркусіі ці праз элемэнтарныя, простыя музычныя словы расказаць сваю гісторыю, але расказаць гэта, так бы мовіць, па-француску, з дэталямі. Таму што і француская кухня, і францускае адзеньне, культура будуюцца на банальных рэчах, але шмат вельмі дэталяў. Дык вось мне здаецца, што нам часам не хапае разуменьня такіх вось тонкіх дэталяў”.

(Падбярэскі: ) “Пытаньне па-за тактам, то бок нетактоўнае пытаньне. Альбом некамэрцыйны, грошай зарабіць на ім ты не заробіш, рок-каронаў у цябе хапае ўжо. Няўжо галоўным матывам была патрэба самавыяўленьня выключна дзеля самавыяўленьня? Калі я памыляюся — дай адлуп”.

(Вайцюшкевіч: ) “Адлуп – даю! Альбом камэрцыйны, самавыяўленьне таксама ёсьць, таму што кожны з мастакоў — а я стараюся лічыць свае погляды мастацкімі, свой унёсак у беларускую культуру таксама раблю, і гэта маё права. Тут, значыць, пытаньне амбіцыяў і пытаньне якасьці матэрыялу.

Усё ж такі на працягу дзесяці гадоў я ішоў да разуменьня менавіта гэтых дэталяў, а самае зараз галоўнае — гэта прафэсійнае разуменьне, таму што музыкантаў, якія іграюць фальклёрную музыку, рокавую музыку, даволі шмат на Беларусі. Бракуе ж прафэсійнага адчуваньня матэрыялу, часу і ідэі. Таму я лічу, што альбом камэрцыйны, ідэя абсалютна ўдалая, прэса выдатная і — цьфу-цьфу! — дзякаваць Богу, што так усё атрымліваецца”.

(Падбярэскі: ) “Адлуп я прыняў, таму апошняе пытаньне. За колькі дзён да запісу гэтай праграмы ты нібыта намякнуў, што наогул зьбіраесься кінуць музыку дзеля нечага іншага. Ці прагучыць цяпер афіцыйная заява?”

(Вайцюшкевіч: ) “Шчыра кажучы, за дзесяць гадоў было зроблена шмат, і вельмі цяжка адмовіцца ад тых прынцыпаў. Я ведаю шмат музыкантаў у Расеі, якія ня могуць адмовіцца ад уласных прынцыпаў, ідэй, ад унутранай вольнасьці, свабоды, каб так проста пайсьці некуды.

Так, ёсьць жаданьне паспрабаваць выступіць у нейкіх новых сфэрах, нават прыдумаць сабе новую ролю ў жыцьці – займацца грашыма, кінэматаграфіяй ці яшчэ чым. Але ёсьць базыс, ёсьць канкрэтная рэч, якая цябе зрабіла кімсьці. Зноў-такі паўтаруся: гэта — пытаньне выбару. Я выбраў свой шлях, мне зараз гэта падабаецца. Што далей будзе, ня ведаю”.

(Падбярэскі: ) “Будзем лічыць гэта афіцыйнай заяваю. Дзякуй табе за вельмі шчырыя адказы на мае ня вельмі тактоўныя пытаньні. Прынамсі, гэта дапамагло таму, што гутарка нашая атрымалася адкрытая, як і належыць людзям, знаёмым вось ужо амаль дзесяць гадоў”.

(Вайцюшкевіч: ) “Так, дзякуй вялікі!”

XS
SM
MD
LG