Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СТАРШЫНЯ АНГЕЛЬСКА-БЕЛАРУСКАГА ТАВАРЫСТВА: “ВЯЛІКІЯ ГРОШЫ ТРЭБА РАБІЦЬ НА ЗАХАДЗЕ, А ВЯЛІКІЯ СПРАВЫ — ДОМА”


Ірына Халіп, Менск

На наступным тыдні адбудзецца сустрэча брытана-беларускай усепартыйнай парлямэнцкай групы зь сябрамі Згуртаваньня беларусаў у Вялікай Брытаніі. Дарэчы, ініцытарам стварэньня гэтай групы быў старшыня ангельска-беларускага таварыства Васіль Еўдакімаў. Сёньня ён — госьць Ірыны Халіп.

(Ірына Халіп: ) “Васіль, стварэньне брытана-беларускай усепартыйнай парлямэнцкай групы — гэта вашая ініцыятыва. А як гэта ўсё адбывалася? Вы што, проста зьвярталіся да кожнага дэпутата?”

(Васіль Еўдакімаў: ) “Ідэя стварэньня такой групы існавала даўно. Таму што гэтыя групы ў брытанскім парлямэнце існавалі і раней, і вельмі дапамаглі ў свой час краінам Балтыі. Вы ж ведаеце, што Вялікая Брытанія ніколі не прызнавала савецкую акупацыю брытанскіх краінаў. Групы гэтыя даказалі сваю эфэктыўнасьць і карыснасьць, і мы вельмі доўга проста нават марылі пра тое, каб стварыць такую групу для Беларусі.

Вы ж ведаеце, сытуацыя ў Беларусі такая, што проста патрабуе палітычнага ўмяшальніцтва іншых краінаў. Так што ў думках яна існавала даўно, але на справе неяк не атрымлівалася... Пэўная цікавасьць з боку лордаў, якіх мы ведалі, сяброў Палаты абшчынаў была, але ніяк не даходзіла да таго, каб паставіць апошнюю кропку і гэтую групу стварыць. А потым — пашанцавала.

Некалькі гадоў таму я пазнаёміўся зь вельмі цікавым чалавекам лордам Понсанбі. Гэта малады і прыемны чалавек, яму спадабалася гэтая ідэя. Ён ведаў усе працэдурныя пытаньні, таму што ў свой час ствараў такую групу для Харватыі. І ён вельмі нам дапамог.

Вядома ж, было жаданьне паўдзельнчіаць і з боку іншых лордаў і сяброў парлямэнту. Мы таксама прыцягвалі нашых добрых знаёмых і сяброў-ангельцаў. Мы дасылалі лісты ўсім парлямэнтарам, былі водгукі, і каля 30 чалавек сталі сябрамі гэтай групы. Яна ўрэшце была створаная. Яе мэта — уздымаць пытаньні па Беларусі ў брытанскім парлямэнце, які, як заканадаўчы орган, моцна ўплывае і на работу брытанскага ўраду”.

(Халіп: ) “Якой сёньня бачаць сытуацыю ў Беларусі брытанскі парлямэнт і ўрад?”

(Еўдакімаў: ) “Я за апошні год два разы быў на паседжаньнях брытанскага парлямэнту, калі там разглядаліся пытаньні па Беларусі. Першы раз гэта было ў красавіку ці ў траўні, там выступаў сябар парлямэнту ад кансэрватыўнай партыі Майкл Трэнт.

Ён у сваёй прамове казаў і пра сытуацыю са свабодай слова, і пра зьнікненьні вядомых палітычных дзеячоў, і пра іншыя праблемы, якія хвалююць нас з вамі. На пытаньні дэпутатаў адказваў адзін зь міністраў замежных справаў (у Брытаніі іх некалькі). І мяне ўразіла, што погляды парлямэнтара амаль што ва ўсім супадалі зь меркаваньнем міністра.

А нядаўна, у кастрычніку, лорд Понсанбі зрабіў нешта падобнае ў Палаце лордаў. Ён і яшчэ чатыры лорды выступілі з прамовамі, яны казалі, што сытуацыя ў Беларусі патрабуе ўвагі. Потым выступіла прадстаўніца міністэрства замежных справаў баранэса Аміс, якая сказал, што брытанскі ўрад пільна сочыць за сытуацыяй у Беларусі і фармуе сваю палітыку ў дачыненьні да нашай краіны адпаведным чынам”.

(Халіп: ) “Дзіўна, а мне здавалася, што брытанцы ў пэўнай ступені “сэпаратысты”. Я маю на ўвазе тое, што яны без пашаны ставяцца да жыхароў кантынэнту”.

(Еўдакімаў: ) “Гэта так, але мы для іх не зьяўляемся жыхарамі кантынэнту. Кантынэнт для іх — Заходняя Эўропа, у прыватнасьці, краіны Эўразьвязу. Беларусь для брытанцаў — ня вельмі вядомая краіна, сытуацыю яны да апошняга часу амаль што ня ведалі. Дарэчы, я спадзяюся, што стварэньне групы вельмі дапаможа пашырэньню сувязяў і пашырэньню аб’ёму інфармацыі аб Беларусі.

Шчыра кажучы, Беларусь не зьяўляецца вельмі важнай краінай для Брытаніі. Яна не адыгрывае вялікае ролі ў геапалітыцы, і брытанцы гэта добра разумеюць. Але яны вельмі хацелі б, каб сытуацыя ў Беларусі палепшылася, і тое, што могуць, яны імкнуцца рабіць”.

(Халіп: ) “А якую мэту будзе мець тая сустрэча ў парлямэнце, якая адбудзецца на наступным тыдні?”

(Еўдакімаў: ) “У нас даўно ўжо была думка пазнаёміцца з чальцамі гэтай парлямэнцкай групы і пазнаёміць іх зь сябрамі беларускага згуртаваньня ў Брытаніі. Мы неаднаразова хацелі запрасіць іх на нейкія свае мерапрыемствы, але ўсе яны — занятыя людзі, мы гэта добра разумеем. Урэшце вырашылі арганізаваць раўт у Палаце абшчынаў.

Старшыня групы Тэры Дэвіс — гэта сябра Палаты абшчынаў ад лейбарысцкай партыі, вельмі вядомы ў Эўропе палітык, — замовіў там залю і запрасіў нас усіх. Ён сказаў: “Давайце сабярэмся тут у нас, пазнаёмімся, абмяняемся думкамі”. Магчыма, гэта прывядзе да пашырэньня сувязяў паміж нашымі краінамі.

Так што 21 лістапада ў нас адбудзецца такая сустрэча, на якую былі запрошаныя чальцы групы, беларусы, якія актыўна ўдзельнічаюць у беларускім жыцьці ў Брытаніі. Мы таксама запрасілі нашых сяброў-ангельцаў: як навукоўцаў, якія цікавяцца Беларусьсю, так і прадстаўнікоў ураду — напрыклад, Дэвіда Трызмэна, які зьяўляецца Генэральным сакратаром лейбарысцкай партыі. Дарэчы, ягоны бацька — зь Беларусі. Вось такія цікавыя рэчы мы час ад часу для сябе адкрываем. Запрасілі таксама гасьцей зь Менску, так што мерапрыемства будзе цікавым”.

(Халіп: ) “А як праходзіць беларускае жыцьцё ў Брытаніі?”

(Еўдакімаў: ) “Хвалямі. Актывізуецца, а потым сьціхае. Гэта тлумачыцца вельмі простымі прычынамі: дзеці першай хвалі эміграцыі разьехаліся па сьвеце, ня ўсе жывуць у Брытаніі, ня ўсе размаўляюць па-беларуску. Зараз, праўда, беларускае жыцьцё актываізавалася — прыехалі, напрыклад, студэнты, якія навучаюцца ў Брытаніі, стала больш моладзі. Мы выдаем штомесячнік “Беларуская хроніка”. “Беларускі бюлетэнь” выдавалі, але зараз ёсьць пэўныя цяжкасьці – проста не хапае працоўных рук.

Нядаўна адкрылася беларуская нядзельная школка. Так што ўжо і зусім малыя беларусы далучаюцца да згуртаваньня. І, вядома ж, мы ўсе зьбіраемся і адзначаем кожны год і Каляды, і Купальле, і Слуцкі збройны чын, і 25 сакавіка. Так што беларускае жыцьцё ёсьць, дзякуй богу”.

(Халіп: ) “Васіль, вы часта прыяжджаеце ў Беларусь. Што, на ваш погляд, тут мяняецца? Вы ж усё ж назіральнік збоку…”

(Еўдакімаў: ) “На жаль, я бываю толькі ў Менску — выехаць у правінцыю неяк не атрымліваецца, хіба што час ад часу бываю ў Наваградку, адкуль мая маці паходзіць. Што датычыць Менску, то горад, безумоўна, дагледжаны, але як насамрэч жывуць людзі, мне цяжка судзіць. Звонку — вельмі прыемнае ўражаньне, але, магчыма, гэта той самы паўночна-карэйскі варыянт, калі фасад прыгожы, а за фасадам усё зусім ня так добра”.

(Халіп: ) “Вы маеце на ўвазе штосьці накшталт пацёмкінскай вёскі?”

(Еўдакімаў: ) “Калі, напрыклад, усе сілы краіны кінутыя на тое, каб цэнтар Менску выглядаў прыстойна, гэта яшчэ зусім не паказчык нармальнага стану нацыі і ўсёй краіны. І зразумела, што Беларусь мае тыя праблемы, пра якія і мы з вамі, і ўвесь сьвет добра ведае”.

(Халіп: ) “Калі ў Лёндане зьбіраюцца беларусы, ці бываюць у іх размовы наконт таго, што добра было б вярнуцца, хочацца ўсё ж жыць у Беларусі, і настальгія не дае жыць спакойна?..”

(Еўдакімаў: ) “Большасьці падабаецца жыць у Брытаніі — не таму, што гэта менавіта Брытанія, а проста таму, што там адчуваеш сябе вольным чалавекам. Па Беларусі, канечне, сумуюць, многія езьдзяць. У гэтым годзе нават дырэктрыса беларускай школкі Караліна хоча прывезьці ўлетку дзяцей у Беларусь, каб яны тут два тыдні пабылі, бо дзеткі не былі ў Беларусі ніколі, хіба што чулі нешта. І многія беларусы, што жывуць у Вялікай Брытаніі, хацелі б вярнуцца. Таму што там яны назаўсёды застануцца іншаземцамі. А на маю думку, вялікія грошы трэба рабіць на Захадзе, а вялікія справы трэба рабіць дома”.

(Халіп: ) “У студыі быў Васіль Еўдакімаў, старшыня ангельска-беларускага таварыства, ініцыятар стварэньня брытана-беларускай усепартыйнай парлямэнцкай групы. Дзіўная рэч: здаецца, дэпутаты ўсёй Эўропы заклапочаныя сытуацыяй у Беларусі. І толькі дэпутаты Нацыянальнага сходу старанна робяць выгляд, быццам нічога дрэннага за апошнія восем гадоў у Беларусі не адбылося”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG