Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСЬ УСЁ Ж ВОЗЬМЕ ЎДЗЕЛ У ПРАСКІМ САМІЦЕ НАТА


Алена Ціхановіч, Прага

Сёньня ж беларуская амбасада агучыла заяву міністэрства замежных справаў Беларусі, дзе крок чэскіх уладаў расцэньваецца як парушэнне дамоўленасьцяў Рады Эўраатлянтычнага Партнэрства. На думку афіцыйнага Менску, Прага пайшла на гэты крок пад ціскам НАТА.

Часовы павераны Мікалай Барысевіч адзначае, што дыпляматычны канфлікт не павінен закрануць звычайных грамадзянаў і, паводле яго інфармацыі, чэскія грамадзяне ў гэтыя дні па-ранейшаму едуць у Беларусь, і працэс выдачы візаў не спыняецца:

(Барысевіч: ) “Унас працэс выдачы візаў не спыняўся, ён даволі актыўны. Агульная колькасьць застаецца такая, як было ў мінулыя дні”.

Якога роду захадаў можна чакаць ад афіцыйнага Менску ў дачыненьні да Чэскай Рэспублікі, ці можа абяцаная рэакцыя закрануць само існаваньне двухбаковых дыпляматычных адносінаў? На гэта пытаньне спадар Барысевіч адказаў так:

(Барысевіч: ) “Канкрэтныя захады будуць распрацаваныя ў самы бліжэйшы час. Я ўжо казаў аб тым, што ёсьць двухбаковы патэнцыял, які, на наш погляд, ня быў выкарыстаны ў поўным аб’ёме, і тая сытуацыя, што зараз скалалася ў двухбаковых адносінах, не адпавядае тым інтарэсам, якія, я лічу, існавалі і будуць існаваць паміж дзьвюма краінамі. Але, як я падкрэсьліў, захады, якія прымае беларускі бок, вымушаныя”.

Гаварыў Мікалай Барысевіч.

Нагадаю, што ён зараз часовы павераны Беларусі ў Чэхіі. Амбасадар Уладзімер Бельскі адкліканы ў Менск для кансультацыяў. Такім чынам, форма беларускага адказу Чэхіі яшчэ ня вызначаная і, як было паведамлена, яе разглядае беларускі МЗС. Зьвяртае на сябе ўвагу, што ў заяве МЗС ужытая фармулёўка “адмова чэскага боку забясьпечыць выдачу візаў афіцыйнай дэлегацыі рэспублікі Беларусь”.

Як паведаміў нашаму радыё часовы павераны ў справах Чэхіі ў Беларусі Алеш Фойцік, візы ўсім сябрам беларускай дэлегацыі на саміт НАТА, акрамя Аляксандра Лукашэнкі, былі выдадзеныя яшчэ ў пятніцу 15 лістападу. Сярод сябраў дэлегацыі – міністар замежных справаў Беларусі Міхаіл Хвастоў. Пашпарты ўсіх сябраў дэлегацыі з пастаўленымі візамі, ізноў жа акрамя пашпарту Лукашэнкі, тады ж 15 лістападу былі перададзеныя ў консульскі аддзел МЗС Беларусі. Пашпарт кіраўніка дзяржавы быў вернуты бяз візы.


XS
SM
MD
LG