Лінкі ўнівэрсальнага доступу

САЎГАС “ГАРАДЗЕЦ”


Ягор Маёрчык, Шклоўскі раён

Уяжджаю ў вёску “Гарадзец” і першае, што бачу, — гэта пахавальная працэсія. Стары саўгасны ГАЗ вязе труну зь целам кабеты. За ім моўчкі крочыць купка людзей. За апошні месяц гэтая сьмерць — чацьвертая. Хтосьці з пэнсіянэраў трапна заўважае, што цяпер людзі сталага веку ўсё часьцей сустракаюцца на пахаваньнях і ў краме, куды ходзяць за апошнія грошы набываюць хлеб.

(Спадарыня: ) “Лесу трэба ўзяць, балён купіць і хлеба — не хапае. Вось так і перабіваюся”.

(Другая спадарыня: ) “Гэта калі пэнсіянэр, дык атрымаеш пэнсію. Аддасі яе, а тады сяджу: калі сын дасьць, а калі й бяз хлеба”.

(Трэцяя спадарыня: ) “А ўрад ці начальства 70 тысяч на дзень трацяць, а мы 70 тысяч — на месяц”.

(Карэспандэнт: ) “А хацелі б, каб Лукашэнка вярнуўся назад кіраваць “Гарадцом”?”

(Трэцяя спадарыня: ) “У-у-у-у! Мы бы яго тады на руках насілі. Каб ён толькі да нас прыйшоў. Хоць калі-небудзь паглядзець на яго, хоць бы яго памацалі”.

(Карэспандэнт: ) “Што ў Лукашэнкі лепей атрымлівалася: кіраваць саўгасам, альбо кіраваць Беларусяй?”

(Чацьвертая спадарыня: ) “Саўгасам”.

(Пятая спадарыня: ) “Вось вы зараз усё тут пазапісваеце, а пасьля нас на шыбеніцу павядуць дырэктар і старшыня”.

(Карэспандэнт: ) “За што вас павядуць?”

(Чацьвертая спадарыня: ) “Што мы вам праўду кажам”.

(Карэспандэнт: ) “Як вас завуць?”

(Чацьвертая спадарыня: ) “А я не скажу!”

(Карэспандэнт: ) “Ну, хоць імя…”

(Чацьвертая спадарыня: ) “Ня трэба! А то ты тады ў тэлевізары гэта прапусьціш. Калі прапусьціш мяне праз тэлевізар, я цябе заб’ю!”

Вёска “Гарадзец” — цэтральная сядзіба аднайменнага саўгасу, якімі некалі кіраваў Аляксандар Лукашэнка.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, гаспадарка, мякка кажучы, далёка ня моцная. Ва ўсіх спаборніцтвах вышэй за дзясятае месца не падымаецца. Але на базе гэтага саўгасу рэгулярна праводзяцца рознага кшталту сэмінары ў справе перайманьня перадавога досьведу працы на зямлі.

Я накіроўваюся на фэрму, якая трапляецца на вочы першай. Мэта — паглядзець на гэты самы перадавы досьвед. Мяне сустракае загадчыца цётка Зіна.

(Зіна: ) “Нібыта ўсё робім: і сеем, і пашам, і вырошчваем, а заробак не плацяць з чэрвеня”.

(Карэспандэнт: ) “А ў людзей не ўзьнікае ідэі ўзяць надзел зямлі і стаць гаспадаром?”

(Зіна: ) “Нашыя людзі ўжо абляноціліся. Узяць кавалак зямлі, дык гэта трэба пахаць, а яны 40 сотак не апрацуюць, быльлём парасьце”.

(Карэспандэнт: ) “А адчуваецца, што гэтым саўгасам некалі кіраваў Лукашэнка? Такой дадатковай увагі з боку раённага начальства няма?”

(Зіна: ) “Езьдзяць камісія за камісіяй. Гавораць: “Вы ж глядзіце, вы ж не апускайце гаспадарку!” Ганяюць, адным словам”.

(Карэспандэнт: ) “Хацелі б, каб Лукашэнка зноў кіраваў гаспадаркай?”

(Зіна: ) “Ну, вядома, хацелі. Хай бы ён вярнуўся”.

З размовы зь цёткай Зінай выношу, што саўгас “Гарадзец” хворы на тыя ж самыя праблемы, што й астатнія калектыўныя гаспадаркі. Да гэтага трэба дадаць і сьвядомае беспрацоўе. Гэта калі людзі наўмысна сыходзяць з афіцыйнай працы й лічаць за лепшае быць парабкамі ў пэнсіянэраў — каму дровы пакалоць, каму агарод узараць. Апалата на месцы. Хто бярэ грошамі, а хто бутэлькай.

Апошнія некалькі гадоў жыхары вёсак, якія ўваходзяць у Гарадзец, адкрылі для сябе ўсход — спрабуюць здабываць грошы ў Расеі. Зарабляць зарабляюць, але рэдка хто вяртаецца дадому з поўнымі кішэнямі.

(Анатоль: ) “Калі ўжо вярталіся да хаты, на Беларускім вакзале нас спыніла міліцыя. Дзе вашыя грошы? Заплацілі штраф. Узялі квіткі. Нас зноў спыняюць. Забралі апошнія грошы. І кажуць: “Цяпер ужо можаце ехаць дахаты”.

Нечаканымі для мяне сталі асаблівасьці рэлігійнага жыцьця саўгасу “Гарадзец”. Аказваецца, доўгі час праваслаўны атэіст Аляксандар Лукашэнка кіраваў гаспадаркай, на землях якой знаходзіцца буйная каталіцкая суполка. На могілках вёскі Слабодка, дзе я цяпер і знаходжуся, шмат дзесяцігодзьдзяў стаяў драўляны крыж. За савецкім часам маліцца сюды езьдзілі вернікі ці не ўсяго Шклоўскага раёну. У 1995 годзе вяскоўцы ўласнымі сіламі збудавалі каплічку. Але, як і раней, набажэнствы тут адбываюцца безь сьвятара. Звыйна ў гэтай ролі выступае старшыя суполкі Віктар Пятакоў.

(Пятакоў: ) “У савецкі час тут не спынялі маліцца. Маліліся па хатах. Мяне таксама хрысьцілі патаемна. Ноччу нават хрысьцілі. Раней ксёндз казаў: “Вучыцеся самі хрысьціць дзяцей, а то прыйдзе такі час, калі ксяндзоў ня будзе, і вам будзе цяжка”. Быў камуністам, а пасьля пайшоў у рэлігію. Стаў маліцца. Ад старых людзей усё пераняў. Так і навучыўся”.

Некалькі карпусоў, чырвоная дахоўка, шклопакеты на вокнах, кампутарная кляса і трэнажорная заля — усё гэта гарадецкая сярэдняя школа. За дзесяць кілямэтраў ад яе знаходзіцца княжыцкая пачатковая. Месьціцца яна ў звычайная вясковай хаце. 12 вучняў і дзьве настаўніцы. У перапынках дарослыя топяць, каб дзеткі не замерзьлі падчас заняткаў.

Напачатку сёлетняга навучальнага году княжыцкую школу хацелі зьліквідаваць. Але бацькі адстаялі. Пасьля гэтага Тацяна Рудака перавяла сваю дачку вучыцца з Гарадца ў Княжыцы.

(Рудака: ) “Шэсьць гадоў дачце. У сад яна не хадзіла. Яна павучылася ў школе й не атрымала ніякіх ведаў. Яна нават літараў ня ведала. Адстаючы дзіцёнак. Мне прысылаюць паперу: накіраваць на камісію да псыхоляга як дзіцёнка з запаволеным разьвіцьцём.

Правучылася тут. Не адстае ад вучобы. За паўтара месяца яна навучылася і пісаць, і чытаць, і лічыць. Настолькі ў яе зьявілася любоў да навучаньня, што яна зранку прачынаецца — “Мама, дзе мая кніжка?” Сядае і чытае. Хоць па пяць вучняў будзе ў клясе, але школа мусіць існаваць”.

“Гэта няпраўда, што ў нас усе без выключэньня падтрымліваюць Аляксандра Лукашэнку. Рэч у тым, што шчыра вам мала хто скажа — баяцца”, — гэтыя словы я пачуў з вуснаў лесьніка Ўладзімера Алейнікава. Ён з гонарам паведамляе мне, што ў “Гарадцы” ёсьць-такі людзі з апазыцыйнымі поглядамі.

(Алейнікаў: ) “У саўгасе “Гарадзец” ёсьць толькі Партыя БНФ. На мінулых выбарах нас сабралася 15 чалавек. На сёньняшні дзень мы плянуем сабраць столькі, што ў хату ня зьмесьцімся”.

(Карэспандэнт: ) “Гэта колькі?”

(Алейнікаў: ) “Ня менш за трыццаць-сорак. Да выбараў мы будзем гатовыя: вылучым свайго кандыдата, скажам сваю праграму. І мы спадзяемся на падтрымку людзей”.

Па часе Ўладзімер Алейнікаў разам з аднадумцамі думае павесьці, як ён сам кажа, “палітычны сход”. Падрыхтоўка ўжо пачалася. Лясьнік агітуе людзей, імкнецца пагутарыць з кожным.

Разам мы накіроўваемся ў вёску Крывец, дзе жыве Ўладзімер Барандукоў. Гэта той самы мэханізатар, якога некалі зьбіў тагачасны дырэктара саўгасу Аляксандар Лукашэнка.

Было гэта так: мужыкі выпівалі ў працоўны час. За гэтым іх і засьпеў кіраўнік гаспадаркі. Падчас сваркі ён ўдарыў Барандукова ў твар. Той упаў і зламаў нагу. На будучага прэзыдэнта Беларусі нават завялі крымінальную справу, якая да суду так і не дайшла.

Цяпер Уладзімер Алейнікаў хоча пераканаць спадара Барандукова папоўніць шэрангі суполкі, а ў мяне мара — запісаць зь ім інтэрвію. Нашым намерам перашкаджае жонка мэханізатара. Яна вырашае прыняць надта актыўны ўдзел у размове, якая яшчэ не пасьпела пачацца.

(Алейнікаў: ) “Каб ты мне дапамог, мне асабіста дапамог. Ведаеш, мы калі-небудзь сам-насам пасядзім, памазгуем, Валодзя. Я не адзін. Мы сабіраемся, сядзім і мазгуем, мазгуем, мазгуем. Разумееш?”

(Барандукова: ) “Усё, ідзі дадому, сказала! Хочаш, каб жылі, ідзі дадому ў хату. Будуць мне людзі тут па вёсцы хадзіць ды пальцамі на мяне паказваць!”

(Барандукоў: ) “Я нічога не скажу!”

(Барандукова: ) “Ідзі дадому, граматны! Навошта мне гэта трэба? У нас свая сям’я, свае дзеці! Навошта мне гэта ўсё! Сам вінаваты! Каб не хадзіў і ня піў, ніхто табе б нагу не зламаў. Правільна ён зрабіў. Трэба было табе галаву зламаць і на той сьвет адпусьціць”.

Мы з Уладзімерам Алейнікавым просім прабачэньня за тое, што сталі прычынай сямейнага разладу. І празь некалькі хвілінаў пакідаем вёску Крывец.

Апошняя сустрэча падчас камандзіроўкі. Колішні памочнік дэпутата Лукашэнкі — Аляксандар Шчарбак. Некалі гэты чалавек кіраваў прафсаюзнай арганізацыяй саўгасу “Гарадзец”. Пасьля іхныя з дырэктарам сьцежкі разышліся. Помсьцячы, Лукашэнка забараніў пералічваць сяброўскія складкі праз бугальтэрыю і такім чынам зьнішчыў суполку ФПБ. Спадар Шчарбак кінуўся ў журналістыку й пэўны час выдаваў незалежную газэту “Шклоўскія навіны”. Яе ліквідавалі пастановай суду. Цяпер выходзіць самвыдаваўскі варыянт. Сярод тэмаў — жыцьцё ў саўгасе “Гарадзец”.

(Шчарбак: ) “Саўгас “Гарадзец” як быў паводле паказьнікаў у сярэдзіне, так і застаўся. У той час, калі быў Лукашэнка, і сёньня — гэта такая сярэдняя гаспадарка. Ніколі яна не падымалася. Народ памірае, вёскі пусьцеюць, і працаваць практычна няма каму”.

(Карэспандэнт: ) “Але людзі не атрымліваюць заробкаў, але ж не губляюць веру ў Аляксандра Лукашэнку. З чым гэта зьвязана?”

(Шчарбак: ) “Нашым людзям патрэбна камусьці верыць. Вось яны і вераць сёньня Лукашэнку”.

Выйсьце зь сёньняшняга становішча Аляксандар Шчарбак бачыць у зьмене кіраўніцтва Беларусі. Маўляў, прыйдуць новыя людзі, зьявяцца новыя ідэі. Так было ў суседніх краінах. Так, паводле думкі спадара Шчарбака, раней ці пазьней будзе і ў Беларусі.

XS
SM
MD
LG