Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗАМЕСТ ПРАГІ ЛУКАШЭНКА НАКІРУЕЦЦА Ў БІШКЕК


Валер Каліноўскі, Менск

У гэтыя хвіліны павінная скончыцца прэсавая канфэрэнцыя Міхаіла Хвастова, якая праводзіцца выключна для вядучых нацыянальных СМІ. Наш карэспандэнт, на жаль, на яе не запрошаны. Але падрабязнасьці яе мы паведамім пазьней. Відавочна, што нягледзячы на тое, што іншыя сябры беларускай дэлегацыі чэскія візы атрымаюць, ніхто зь іх у Прагу не паедзе. А.Лукашэнку ж чакае афцыйны візыт у Бішкек.

Пры канцы працоўнага дня афіцыйнай інфармацыі аб адмове ў візе А.Лукашэнку ні ў адміністрацыі прэзыдэнта, ні ў МЗС Беларусі, ні ў чэскай амбасадзе яшчэ не было. Гаворыць часовы павераны ў справах Чэхіі ў Рэспубліцы Беларусь Алеш Фойцік:

(Фойцік: ) “У мяне яшчэ няма канчатковага рашэньня. Яно прымаецца па-за амбасадай. Я чакаю, калі я атрымаю інфармацыю ад нашага МЗС. Я чакаю, працоўны час заканчваецца праз 2 гадзіны, а потым ужо ў панядзелак…”

Алеш Фойцік тым ня менш паведаміў, што ніхто з амбасады ня будзе перадаваць пашпарт А.Лукашэнкі назад, па яго павінен прыйсьці сам гаспадар ці дыпляматычны кур’ер. Пазьней з кіраўніком чэскай амбасады зьвязацца было немагчыма, у амбасадзе аўрал — паведаміла ягоная сакратарка.

Тым часам прэсавы сакратар МЗС Павал Латушка паведаміў, што пры канцы дня ў Празе ў чэскае замежнапалітычнае ведамства быў выкліканы беларускі амбасадар Уладзімер Бельскі. Гаворыць Павал Латушка:

(Латушка: ) “Мы ня маем афіцыйнага паведамленьня чэскага боку. Што да рашэньня, калі яно прынятае,– гэта рашэньне Чэхіі. Што да магчымай рэакцыі беларускага боку на згаданае рашэньне, вы даведаецеся аб гэтай рэакцыі пазней”.

У Аляксандра Лукашэнкі, відаць, і не было пэўнасьці, што ён атрымае магчымасьць наведаць саміт NATO і Рады Эўраатлянтычнага партнэрства.

На пачатак другой дэкады лістапада ў яго загадзя было заплянаванае іншае падарожжа — афіцыйны візыт у Кыргыстан. Кыргыскае тэлебачаньне паведамляе, што прылёт А.Лукашэнкі ў Бішкек чакаецца 20 лістапада, і гэты трохдзённы візыт, паводле словаў кыргыскіх мэдыяў будзе надзвычай багаты: сустрэчы з прэзыдэнтам Аскарам Акаевым, прэм’ер-міністрам Мікалаем Танаевым, сьпікерамі парлямэнту, будуць падпісаныя некалькі пагадненьняў. Аляксандру Лукашэнку будзе нададзены тытул ганаровага грамадзяніна Бішкеку, ён адкрые Дні беларускай культуры ў Кыргыстане.

Тым часам з Брусэлю прыйшло яшчэ адно непрыемнае для афіцыйнага Менску паведамленьне — у наступны панядзелак Эўразьвяз разгледзіць пытаньне пра забарону выдачы візаў для А.Лукашэнкі і 52 высокіх кіраўнікоў Беларусі, уключна зь міністрамі, кіраўнікамі судоў. Міністар замежных справаў Беларусі Міхаіл Хвастоў учора заявіў, што такая пазыцыя Эўразьвязу “незразумелая для Беларусі, і ў такой сытуацыі дабівацца адкрытых падыходаў зусім немагчыма”.

(Хвастоў: ) “Дзе тая адкрытасьць, што дэкляруецца, транспарэнтнасьць, аднолькавы падыход да краінаў? Калі нас заклікаюць дзейнічаць у духу адкрытасьці, то такія самыя абавязкі павінен мець і іншы бок. Уцягвайце нас у эўрапейскія справы, мы згодныя на ўдзел, на размовы і перамовы, у тым ліку на найвышэйшым узроўні.

Ня хочаце размаўляць з намі па пытаньнях палітычных адносінаў - давайце размаўляць па пытаньнях эканамічных адносінаў, увядзіце ў дзеяньне двухбаковае пагадненьне аб гандлі”.

Ён прызнаўся, што ня верыць у магчымасьць прыняцьця такога рашэньня Эўразьвязу, якое абумоўленае нежаданьнем Менску распачынаць рэальныя перамовы аб місіі АБСЭ.

Рашэньне Чэхіі аб нявыдачы візы А.Лукашэнку прыніжальнае для Беларусі, але ў ім вінаваты сам кіраўнік дзяржавы, — упэўнены дэпутат Палаты прадстаўнікоў Іван Пашкевіч.

(Пашкевіч: ) “Такога кроку з боку Чэхіі альбо іншай замежнай краіны трэба было чакаць. Мяркую, што гэта дапускала і адміністрацыя прэзыдэнта. На жаль, такіх крокаў - неабдуманых, памылковых, апошнім часам у атачэньні Аляксандра Рыгоравіча дапускаецца ня тое што шмат, а вельмі шмат, зашмат”.

Іван Пашкевіч не выключае рэалізацыю пагрозы М.Хвастова аб разрыве дыпляматычных дачыненьняў і адмове ад чэскіх тавараў, але ад гэтага пацерпіць толькі Беларусь, — кажа ён.

Вядомы апазцыйны палітык Аляксандар Дабравольскі мяркуе, што Беларусь стала дзяржвай, якую не паважаюць у сьвеце, і гэта прыкра для кожнага беларуса, але ў гэтым вінаватае беларускае кіраўніцтва, якое зарэкамэндавала сябе як ненадзейны і непрадказальны партнэр, які парушае ўсе міжнародныя нормы і дамоўленасьці. І простыя людзі ўсё болей разумеюць гэта, — кажа спадар Дабравольскі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG