Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У ВАРШАВЕ СКОНЧЫЛАСЯ ПАСЕДЖАНЬНЕ РАДЫ ПАРТЫІ ЭЎРАПЕЙСКІХ САЦЫЯЛІСТАЎ


Аляксей, Дзікавіцкі, Варшава

Лідэр Народнай Грамады ў часе спатканьня з прэм’ер-міністрам Чэхіі Уладзімерам Шпідлам абмяркоўваў праблему прыезду Аляксандра Лукашэнкі ў Прагу на саміт НАТО.

Паводле Міколы Статкевіча, сустракаючыся з прэм’ер-міністрам Літвы спадаром Бразаўскасам, сябрам Эўрапейскай камісіі ў справе пашырэньня спадаром Фэргойгенам, а таксама лідэрамі нямецкіх, швэдзкіх, польскіх і галяндзкіх сацыял-дэмакратаў, ён спрабаваў пераканаць іх у пагрозе незалежнасьці Беларусі, якую нясе поўная ізаляцыя краіны.

Пра гэта ён гаварыў і ў часе кароткага звароту да ўдзельнікаў Рады Партыі Эўрапейскіх сацыялістаў. Праблемы зьнешняй палітыкі Беларусі былі абмеркаваная і ў часе перамоваў з прэм’ер-міністрам Чэхіі.

(Статкевіч: ) “Мы казалі, што ізаляцыя, на жаль, працуе супраць дэмакратыі, і выказвалі шкадаваньне ў сувязі з рэзкімі, неадэкватнымі заявамі Лукашэнкі на адрас Чэхіі. Мне падаецца, што праблему візы для Лукашэнкі можна было б вырашыць, каб не ягоныя заявы”.

(Карэспандэнт: ) Чэскі прэм’ер сказаў, што гэта цяпер немагчыма?

(Статкевіч: ) “Па сутнасьці, ён сказаў, што мы позна ў гэтай справе зьвярнуліся. Акрамя гэтага, адчувалася, што чэхі вельмі абураныя і абражаныя”.

Спадар Статкевіч ня змог сустрэцца толькі з Тоні Блэрам, які нечакана скараціў час свайго візыту ў Польшчу да некалькіх гадзінаў.

Лідэрка Аб’яднанай Сацыял-Дэмакратычнай партыі Беларусі Валянціна Палевікова таксама прыцягнула ўвагу прысутных да беларускай тэматыкі, запытаўшыся ў сяброў Партыі Эўрапейскіх сацыялістаў, ці ўсьведамляюць яны небясьпеку таго, што цяпер адбываецца ў Беларусі.

(Палевікова: ) “Я не чакала такой актыўнай салідарнай падтрымкі. У абмеркаваньні майго пытаньня ўзялі ўдзел прадстаўнікі Вугоршчыны, Чэхіі, Латвіі, Вялікай Брытаніі, і ўсе казалі, што гатовыя падтрымаць беларускую сацыял-дэмакратыю”.

Удзельнікі форуму ўхвалілі адмысловую Варшаўскую рэзалюцыю, дзе вызначылі шляхі захаваньня палітычных уплываў эўрапейскай сацыял-дэмакратыі ва ўмовах пашырэньня Эўразьвязу і глябалізацыі.
XS
SM
MD
LG