Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧАЧЭНЦЫ АДОЛЕЛІ БЕЛАРУСКА-ПОЛЬСКУЮ МЯЖУ


Алег Супрунюк, Берасьце

Дзеля таго, каб дзьве чачэнскiя сям'i паспрабавалi зноў перасячы беларуска-польскую мяжу, у Берасьцi сёньня затрымалi цягнiк да польскай станцыi Тэрэспаль. З чыгуначнага вакзалу ён быў адпраўлены са спазьненьнем на 15 хвiлiнаў. Разам з чачэнцамi –- а гэта 12 дарослых i пяцёра дзяцей -- у гэтым цягнiку ў бок мяжы рушылi i журналiсты расейскiх, польскiх i беларускiх тэлекампанiяў.

Але нiякiх непаразуменьняў на польскай тэрыторыi не было. Упершыню за апошнiя тры тыднi памежнiкi гэтай краiны дазволiлi грамадзянам чачэнскай нацыянальнасьцi перасячы мяжу. Пасьля таго, як памежны кантроль быў пройдзены, чачэнцы зьвярнулiся з просьбай аб палiтычным прытулку. Войцех Волах, камэндант памежнай групы ў Тэрэспалi, паведамiў журналiстам, што далейшы лёс гэтых чачэнцаў будзе вырашацца ў Варшаве.

Паводле дадзеных берасьцейскiх памежнiкаў, пачынаючы ад 26 кастрычнiка 285 чалавек -- пераважна чачэнцы -- ня здолелi легальным чынам перасячы беларуска-польскую мяжу. Большасьць гэтых грамадзянаў па-ранейшаму застаецца ў Берасьцi, дзе жывуць на прыватных кватэрах. Дарэчы, чачэнцы вельмi задаволеныя тым, што мясцовыя мiлiцыянты ляяльна ставяцца да iхнага знаходжаньня ў Беларусi без адмысловай рэгiстрацыi.

(Чачэнка:) "Нiякая мiлiцыя па кватэрах чачэнцаў ня ходзiць, нас нiхто не турбуе. Наадварот -- нам дапамагаюць. Цяпер тыя, хто не паехаў, ведаюць куды iсьцi, каб зарэгiстравацца. Нават мiлiцыя, якая даўно ўжо мае права перасьледаваць нас, браць штраф вялiкi, проста на гэта заплюшчвае вочы".

Але кiраўнiцтва берасьцейскай мiлiцыi пачынае больш жорстка рэагаваць на прысутнасьць вялiкай групы чачэнцаў у горадзе. Аркадзь Касьцючык, якi ўзначальвае ўпраўленьне аховы правапарадку i прафiляктыкi, сёньня абвесьцiў, што мiлiцыянты пачалi складаць адмiнiстрацыйныя пратаколы ў дачыненьнi да грамадзянаў чачэнскай нацыянальнасьцi, якiя ня маюць адпаведнай рэгiстрацыi. Пра дэпартацыю чачэнцаў на тэрыторыю Расеi размова пакуль не iдзе, бо ў такiм выпадку ўсе выдаткi давядзецца аплочваць зь беларускага бюджэту.

XS
SM
MD
LG