Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСКУ ШУКАЮЦЬ УКРАІНСКАГА ЖУРНАЛІСТА


Алег Грузьдзіловіч, Менск

У Менску пакуль ня знойдзена сьлядоў украінскага журналіста, дырэктара агенцыі “Ўкраінскія навіны” Міхаіла Каламійца, якога ўкраінская міліцыя абвесьціла зьніклым. Паводле зьвестак крымінальнага вышуку Ўкраіны, Міхаіл Каламіец пасьля свайго зьнікненьня з Кіева тэлефанаваў зь Менску знаёмым, але пакуль зьвесткі пра знаходжаньне журналіста ў сталіцы Беларусі беларуская міліцыя не пацьвярджае.

Вось што паведаміў Радыё Свабода прэсавы сакратар Міністэрства ўнутраных справаў Зьміцер Партон:

(Партон: ) “Нашыя супрацоўнікі крымінальнага вышуку праверылі ўсе месцы, усе гатэлі, дзе мог спыніцца Каламіец, калі б жыў пад сваім пашпартам. Праверылі цэлы стос тэлефонаў ды апыталі праваднікоў цягніка, на якім быццам ён прыехаў у Менск. Але пакуль зьвесткі пра тое, што ён сапраўды тут быў, не пацьвердзіліся”.

Зьміцер Партон таксама паведаміў, што днямі ў Менск для пошукаў украінскага журналіста прыехалі два супрацоўнікі ўкраінскай міліцыі. Яны афіцыйна зьвярнуліся па дапамогу да беларускіх калегаў і цяпер актыўна кантактуюць з нашымі міліцыянтамі.

Ва Ўкраіне пошукамі Міхаіла Каламійца займаюцца на самым высокім узроўні. Некаторыя мэдыі ўжо параўналі ягонае зьнікненьне зь вядомай справай Георгія Гангандзэ, і цяпер афіцыйны Кіеў робіць усё магчымае, каб прадэманставаць сваю зацікаўленасьць у пошуках зьніклага журналіста.

Міхаіл Каламіец лічыцца вельмі ўплывовай асобай сярод уладальнікаў украінскіх мэдыяў і журналістаў. Дзевяць гадоў таму ён стварыў агенцыю “Ўкраінскія навіны”, якая займае другі радок у рэйтынгу сярод агенцыяў навінаў краіны. Каламіец валодаў паловай акцыяў агенцыі.

Апошні раз на працы яго бачылі 21 кастрычніка, пасьля чаго ён зьнік без аніякіх папярэджаньняў. Праз колькі дзён ён нібыта тэлефанаваў сябрам па мабільным тэлефоне і казаў пра самагубства. Як сьцьвярджае ўкраінская міліцыя, гэтыя званкі былі зробленыя зь Менску.

Сярод вэрсіяў зьнікненьня ўкраінскага журналіста фігуруе і палітычная. Украінскія мэдыі згадваюць, што агенцыя “Украінскія навіны”, якую ўзначальваў Каламіец, больш за іншых распаўсюджвала зьвесткі пра некаторыя сакрэты ўкраінскага кіраўніцтва, у тым ліку паведамляла пра скандальны продаж Украінай сыстэмы супрацьпаветранай абароны “Кальчуга” Іраку.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG