Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

БЕЛАРУСКІЯ ЧЫНОЎНІКІ НЕ ПУСКАЮЦЬ ХВОРЫХ ДЗЯЦЕЙ У ІРЛЯНДЫЮ НА ЛЯЧЭНЬНЕ


Любоў Лунёва, Менск

Чыноўнікі Міністэрства сацыяльнай абароны і Міністэрства працы не дазваляюць ірляндцам вывозіць хворых дзяцей з Чэрвеньскага дзіцячага дому ў Ірляндыю на лячэньне і рэабілітацыю.

Гэта ня першы інцыдэнт у дачыненьнях паміж дабрачыннымі ірляндзкімі арганізацыямі й беларускімі чыноўнікамі. Летась некалькі ірляндзкіх сем’яў амаль два тыдні не маглі вывезьці на лячэньне хворых дзяцей з Гарадзішчанскага і Чэрвеньскага дзіцячых дамоў. Яны паскардзіліся, што чыноўнікі розных узроўняў чынілі ім перашкоды. Гэта пры тым, што толькі летась у гэтыя дзіцячыя дамы ірляндцы 17 разоў прывозілі канвой з гуманітарнай дапамогай — харчы, адзеньне, цацкі й тэхнічнае абсталяваньне.

Два тыдні таму пачаў распальвацца новы канфлікт — ад ірляндцаў, якія ўзялі ў свае сем’і хворых дзяцей, заплацілі грошы ў шпіталі за іх лячэньне, запатрабавалі, каб яны тэрмінова прывезьлі дзетак назад. Тыя вымушаныя былі падпарадкавацца.

Днямі ірляндзкія валанцёры сфармавалі групу дзяцей, каб везьці на лячэньне, падрыхтавалі дзяля гэтага ўсе неабходныя дакумэнты і набылі квіткі на самалёт. У аэрапорце ім паведамілі, што яны могуць пакінуць Беларусь толькі безь дзяцей. Высьветлілася, што такое распараджэньне дала прадстаўніца Міністэрства сацыяльнай абароны сп. Мікалуцкая. Патлумачыць сваё рашэньне яна адмовілася.

Гаворыць старшыня дзяцячага фонду “Сакавік” Марыя Міцкевіч:

(Міцкевіч: ) “Безумоўна, гэтыя дзеці вельмі цяжкія. Яны патрабуюць лячэньня, а гэта ня тыдзень, ня месяц. Ім патрэбны час тры месяцы, паўгоду, нават год. Вось тут і ўзьнікаюць нейкія непаразуменьні й канфлікты. Ёсьць дамоўленасьці са шпіталямі, мэдыкамі. Гэта ня так лёгка арганізаваць на Захадзе. Ірляндцы хадзілі па розных інстанцыях, і ў Міністэрства аховы здароўя, і ў Дэпартамэнт гуманітарнай дзейнасьці, і ў Міністэрства сацыяльнай абароны, але пакуль ніякага адказу няма.

Безумоўна, ірляндцы церпяць і фінансавыя страты. Яны набылі квіткі на самалёт на пазаўчора, і яны прапалі. Акрамя таго, ім тут трэба знаходзіцца, нешта есьці, недзе жыць. Гэта вялікія выдаткі. А, калі ўлічыць, што ў Ірляндыі на лячэньне гэтых дзяцей таксама трацяцца немалыя грошы…”

У канфлікт умяшалася ірляндзкая амбасада. Каб вырашыць канфлікт, у Менск прыяжджаў другі сакратар амбасады Джэймс О’Шэй.

(О’Шэй: ) “Я прыяжджаў у Беларусь на просьбу ірляндзкіх уладаў у гэтую сераду, каб сустрэцца з прадстаўнікамі Міністэрства замежных справаў і Міністэрства сацыяльнай абароны. Я быў вельмі цёпла прыняты міністрам сп. Моравай, якая выслухала нашыя заўвагі зь вялікай зацікаўленасьцю і заклапочанасьцю. Яна абяцала зрабіць усё магчымае, каб вырашыць сытуацыю пры ўмове выкананьня ўсіх адпаведных беларускіх законаў”.

Паколькі сытуацыя не зьмянілася, Джэймс О’Шэй паведаміў, што на наступным тыдні яму зноў давядзецца наведаць Беларусь.

У Міністэрстве сацыяльнай абароны пракамэнтаваць сытуацыю Радыё Свабода адмовіліся.

XS
SM
MD
LG