Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БАРЫСУ НЯМЦОВУ ЗАБАРАНІЛІ ЎЕЗД У БЕЛАРУСЬ НА ТРЫ ГАДЫ


Уладзімер Глод, Менск

Падчас свайго выступу старшыня Камісіі ў міжнародных справах Анатоль Малафееў паведаміў, што беларускія ўлады забаранілі Барысу Нямцову ўезд у Беларусь на тры гады.

Анатоль Малафееў у сваім выступе спаслаўся на КГБ Беларусі. Ён працытаваў даведку, якая прыйшла на адрас камісіі з КГБ:

(Малафееў: ) “Пасьля пасадкі самалёта Нямцову Барысу Яфімавічу паведамілі рашэньне Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь аб забароне яму ўяжджаць у нашую краіну тэрмінам на тры гады і ягонай дэпартацыі з Рэспублікі Беларусь”.

Адразу пасьля дэпартацыі Барыса Нямцова зь Беларусі 23 кастрычніка сябры Палаты даручылі камісіі ў міжнародных справах вывучыць сытуацыю. І вось сёньня камісія агучыла вынікі сваёй дзейнасьці. Паводле яе даведкі, кіраўнік фракцыі СПС “даў падставу для ўмяшаньня органаў бясьпекі Беларусі і прыняцьця рашэньня аб дэпартацыі”. Таму камісія лічыць нямэтазгодным прымаць заяву ў падтрымку Нямцова. З чым дэпутаты Палаты і пагадзіліся.

Аднак на гэтым кропка ў справе Нямцова не была пастаўленая. Дэпутат Іван Пашкевіч нагадаў, што ў сьнежні ў Менску заплянавана правесьці парлямэнцкія слуханьні ў справе інтэграцыі Беларусі і Расеі. Пашкевіч спытаўся — што, калі Дзярждума ўключыць у склад сваёй дэлегацыі Нямцова?

На што віцэ-сьпікер Уладзімер Канаплёў, які сёньня вёў паседжаньне, адказаў: “У нас тут шмат юрыстаў. Няхай яны і вырашаюць, што можна зрабіць”.

XS
SM
MD
LG