Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАПЯРЭДАДНІ ПРАСКАГА САМІТУ НАТО ДАЧЫНЕНЬНІ ПАМІЖ МЕНСКАМ І БРУСЭЛЕМ ЗНАЧНА ПАГОРШЫЛІСЯ


Натальля Судлянкова, Прага

(Судлянкова: ) Неназваны прадстаўнік штаб-кватэры ААН учора заявіў, што Беларусь не адпавядае крытэрыям ЭАРП і “Партнэрства дзеля міру”. Што гэта значыць?

(Брадэр: ) “Крытэрыі што для Беларусі, што для любой іншай краіны – ўдзельніцы ЭАРП тыя самыя. Мы, уласна кажучы, чакаем, што кожная краіна, якая зьяўляецца сябрам ЭАРП, будзе імкнуцца адпавядаць тым крытэрыям, якія вызначаюцца рамачнымі пагадненьнямі паміж НАТО і краінай-удзельніцай праграмы “Партнэрства дзеля міру”.

(Судлянкова: ) Ці можа Беларусь быць выключаная з ЭАРП ці праграмы “Партнэрства дзеля міру”?

(Брадэр: ) “Мы не выключаем краіны з праграмаў. Але тое, што мы можам зрабіць – пераацаніць нашы намаганьні, якія мы інвэстуем у супрацоўніцтва і дыялёг. Гэта менавіта тое, што мы можам зрабіць. Мы не выключаем краіны, але калі дзяржавы-сябры НАТО палічаць неабходным, мы можам адкласьці рэалізацыю праграмы, запаволіць разьвіцьцё супрацоўніцтва. Гэта ёсьць пытаньне прыярытэтаў і таго, што мы гатовыя інвэставаць у разьвіцьцё адносінаў”.

(Судлянкова: ) Сёньня чэскія газэты напісалі, што генэральны сакратар НАТО Джордж Робэртсан асабіста зьвярнуўся да Лукашэнкі. У якой форме гэта адбылося?

(Брадэр: ) “Так, сапраўды, пэўныя кантакты адбыліся, але сутнасьць гэтых кантактаў не абмяркоўваецца”.

(Судлянкова: ) Лукашэнка ўчора пагражаў эўрапейскім краінам тым, што адчыніць межы і запусьціць нелегальных імігрантаў і наркотыкі ў Эўропу. Ці ня ёсьць гэта спроба шантажу Эўропы?

(Брадэр: ) “Сапраўды, ён учора зрабіў пэўныя заявы. Думаю, што выбар ім словаў быў далёка ня лепшы. І гэта вельмі кепска. Гэта абсалютна не дапамагае знайсьці адпаведнае рашэньне ў сёньняшняй сытуацыі”.

(Судлянкова: ) Ці будзе сёньняшняя сытуацыя на Беларусі абмяркоўвацца цягам праскага саміту?

(Брадэр: ) “Я ня думаю, што гэтае пытаньне будзе на парадку дня праскага саміту, але я ўпэўнены, што калі мы пераацэнім розныя праграмы, якія ёсьць у НАТО зь Беларусьсю, цалкам магчыма, што краіны-сябры НАТО захочуць перагледзець сваё стаўленьне да паводзінаў вашай краіны і яе адпаведнасьць крытэрыям ЭАРП і “Партнэрства дзеля міру”. Ня ведаю, ці адбудзецца гэта ў Празе, але дапускаю, што яны могуць перагледзець узровень стасункаў зь Беларусью і іхную інтэнсіўнасьць. Гэта ёсьць неад’емнае права краінаў-сябраў НАТО”.
XS
SM
MD
LG