Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЧАЦЬВЕР ВАШЫНГТОНЕ АДБЫЛАСЯ МІЖНАРОДНАЯ КАНФЭРЭНЦЫЯ “ВОСЬ ЗЛА: ПРАПУШЧАНАЕ ЗЬВЯНО – БЕЛАРУСЬ”


Сяргей Шупа, Прага

Канфэрэнцыю праводзіла арганізацыя “Новая Атлянтычная Ініцыятыва” пры Амэрыканскім Інстытуце “Энтэрпрайз” з удзелам “Фрыдам Гаўз”, Міжнароднай Лігі Правоў Чалавека, Міжнароднага Рэспубліканскага Інстытуту, Нацыянальнага Фонду Дэмакратыі, Сямейнага Фонду Пэтысаў, “Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода” і амбасады ЗША ў Беларусі.

У звароце да ўдзельнікаў канфэрэнцыі арганізатары зазначаюлі: сьвет – няўтульнае месца для падпявалаў Садама Хусэйна. Аднак ім заўсёды радыя ў Менску – сталіцы Беларусі. Апошні дыктатар Эўропы – Аляксандар Лукашэнка – прыхільнік ваеннага супрацоўніцтва з Багдадам – уяўляе сабою пагрозу для свайго народу, для суседзяў Беларусі, для Злучаных Штатаў. У краіне, дзе КДБ груба парушае правы чалавека, ніхто ня можа быць у бясьпецы. Разбураюцца цэрквы, зьнікаюць апанэнты рэжыму, зачыняюцца газэты, амбасадары высяляюцца са сваіх рэзыдэнцыяў. Ці можа Захад згуртавацца і пазбавіць Эўропу ад гэтай ганьбы?

У канфэрэнцыі браў удзел дырэктар Беларускай Рэдакцыі “Радыё Свабода” Аляксандар Лукашук, які зьвязаўся з намі ў перапынку паміж паседжаньнямі, мы чакаем яго на сувязі...

(Лукашук: ) “Адкрыў канфэрэнцыю вядомы многім нашым слухачам Сэм Гэйдэнсан, былы кангрэсмэн, аўтар шматлікіх законапраектаў пра Беларусь. Галоўны момант яго выступу – ягоная памяць пра Беларусь. Ён неаднойчы сказаў, што тое, як ягоную сям’ю ўратавалі людзі ў Беларусі – гэта для яго назаўсёды самы вялікі прыклад сьмеласьці. І вось чаму гэтая сьмеласьць і адвага людзей не рэалізуюцца ў сёньняшняй Беларусі? Ягоная выснова – што гэтыя людзі разьяднаныя.

Амбасадар Злучаных Штатаў Амэрыкі Майкл Козак сказаў, што галоўная праблема ў Беларусі, на ягоную думку палягае ў выбары, які быў зроблены ў зьнешняй палітыцы яшчэ 7 гадоў таму. Менавіта гэты выбар прывёў да ізаляцыі – ну, вядомы, ён зыходзіць з унутранай палітыкі. Козак запрапанаваў такі падыход: ён сказаў, што будучыня на паляпшэньне сытуацыі ў Беларусі для беларускіх уладаў адкрытая – кожны пазытыўны крок наперад будзе пазытыўна ўспрыняты.

Але вось амбасадар Вік, былы кіраўнік Кансультацыйна-Назіральнай Групы АБСЭ, не зусім пагадзіўся з гэтай прапановай. Ён сказаў, што можа ўзьнікнуць сытуацыя, калі ня будзе пазытыўных крокаў з боку беларускага кіраўніцтва, і тады атрымваецца, што партнэрам на Захадзе няма чаго рабіць. Ягоная даволі моцная прапанова – захаваць мандат місіі бязь зьмены, не адступаць, не мяняць мандат і настойваць на ягоным выкананьні. Яшчэ адзін важны момант, які, дарэчы, даволі эмацыйна быў успрыняты ўсімі ў залі – ён заклікаў: трэба дапамагаць ахвярам. І справа тут ня толькі гуманітарная, а і ў тым, каб і ўлады і людзі ў Беларусі бачылі, што ахвяры не забытыя, што гэта важна, гэта ня толькі гуманітарны зьмест такой дапамогі, але і палітычны.

Дырэктар “Радыё Свабода” Том Дайн, выступаючы, пачаў з таго, што ён пацікавіўся: колькі ж палітычных зьняволеных у Беларусі, і адказаў прысутным: дзесяць мільёнаў мінус адзін. Але потым удакладніў: тыя людзі, якія прыехалі зь Беларусі для ўдзелу ў гэтай канфэрэнцыі – Ірына Красоўская, Андрэй Саньнікаў, Вінцук Вячорка, Анатоль Лябедзька, Павал Шарамет – гэтыя людзі сьведчаць пра тое, што ўсё ж свабодных людзей у Беларусі больш, людзей, якія выбіраюць свабоду.

Быў паказаны фрагмэнт фільму Паўла Шарамета “Дзікае паляваньне”. Таксама выступіла Ірына Красоўская зь вельмі эмацыйным расповедам, пра якія нашыя слухачы добра ведаюць. А вось Андрэй Саньнікаў у сваім выступе зьвярнуў увагу на апошні візыт генэральнага сакратара АБСЭ Яна Кубіша, які не знайшоў часу, каб сустрэцца з апазыцыяй падчас свайго візыту, і літаральна празь некалькі дзён КГБ затрымаў Анатоля Лябедзьку. На думку каардынатара “Хартыі-97”, гэта адбылося таму, што беларускія ўлады гэткім чынам расшыфравалі зьмест гэтага візыту”.

(Шупа: ) Пра іншыя падзеі сёньняшняга дня канфэрэнцыі Аляксандар Лукашук распавёў у жывым эфіры нашай вечаровай праграмы:

(Лукашук: ) “Былы кангрэсмэн Сэм Гэйдэнсан, бацька якога паходзіць зь Віцебшчыны, выступіўшы на пачатку, задаў інтаанцыю, у якой прайшла ўся канфэрэнцыя. Гэта інтанацыя велізарнай павагі да той барацьбы, якую дэмакратычныя сілы ў Беларусі – парасткі незалежных арганізацыяў, сродкі масавай інфармацыі – вядуць за дэмакратыю.

Вечаровае паседжаньне адкрылася даволі незвычайна – на простай лініі быў Андрэй Клімаў. Як ведама, паводле судовай пастановы – ён вызвалены ўмоўна – ён ня мае права падарожнічаць, выяжджаць за межы Беларусі. І вось зьмест ягонай прамовы даволі моцна ўразіў прысутных, галоўнай тэмай было паняцьце страху – страху, які застаўся ў спадчыну ад Савецкага Саюзу. Але адначасна Андрэй Клімаў гаварыў яшчэ пра адну рэч: ён увесь час падкрэсьліваў, што Беларусь – гэта спадкаемца Вялікага Княства Літоўскага, а ня царскай Расеі, што беларусы – не спадкаемцы СССР, а жыхары незалежнай эўрапейскай дзяржавы. І гэтая тэма ў пэўным сэнсе працягвалася і гучала ўвесь час падчас канфэрэнцыі ў выступах і Станіслава Шушкевіча, і Вінцука Вячоркі, і Анатоля Лябедзькі. І зусім нечакана, зусім моцна яна прагучала хіба што ў самым ключавым выступе, які адбыўся сёньня.

Сёньня на канфэрэнцыі выступіў знакаміты амэрыканскі сэнатар ад штату Арызона Джон МакКейн, які ўпершыню, наколькі мне вядома, выступаў з прамовай на тэму Беларусі. Вось у гэтай прамове гучалі і словы пра Вялікае Княства Літоўскае.

Ян Максімюк, аналітык “Радыё Свабода”, таксама браў удзел у канфэрэнцыі, ён выступаў з адмысловым дакладам на тэму магчымага гандлю Беларусі і Іраку. Маё пытаньне да Яна Максімюка: якія моманты ў прамове Джона МакКейна прагучалі для Вас найбольш цікава і выразна?”

(Максімюк: ) “Прамова была вельмі добра пабудаваная, і ў памяці застаюцца такія словы сэнатара МакКейна, які ў кантэксьце дачыненьняў паміж рэжымам Садама Хусэйна і рэжымам Аляксандра Лукашэнкі сказаў нешта такое: прыяцелі нашых ворагаў ёсьць нашымі ворагамі. Такая фраза застаецца ў памяці. Другая фраза, якая мне запамяталася – гэта тое, што сэнатар пару разоў падкрэсьліў, што ключ да дэмакратызацыі Беларусі – не ў Вашынгтоне, не ў Мэрылэндзе, а менавіта ў Беларусі. У сапраўднасьці, калі людзі ў Беларусі захочуць мець вольную і дэмакратычную Беларусь – гэта ўсё залежыць ад іх. Усякая вонкавая дапамога – гэта рэч істотная, але другарадная. Ну і агульнае ўражаньне – наколькі зьмянілася оптыка Вашынгтону: чалавек, які пісаў гэтую прамову, быў фантастычна інфармаваны пра сытуацыю ў Беларусі, пра беларускую гісторыю і культуру, і яшчэ гады тры-чатыры таму назад цяжка сабе было ўявіць, што амэрыканскія палітыкі надаюць такую вагу Беларусі, беларускім справам, гісторыі і культуры”.

(Радкевіч: ) У мяне пытаньне да Аляксандра Лукашука: якім можа быць вынік гэтай канфэрэнцыі? Нейкія рэкамэндацыі? Наколькі важныя гэтыя рэкамэндацыі і каму яны могуць быць дадзеныя?

(Лукашук: ) “Я хацеў бы нагадаць нашым слухачам назву гэтай канфэрэнцыі – “Беларусь – прапушчанае зьвяно ў Восі Зла”. Менавіта так цяпер ставіцца пытаньне. І сэнатар МакКейн, і некаторыя іншыя выступоўцы адзначалі, што, магчыма, у 90-х гадох не хапіла ўкладаньня ў дэмакратыю ў Беларусі, бо ўвага была засяроджаная на вывадзе ядзернай зброі, тых ракетных боегаловак, якія месьціліся на тэрыторыі Беларусі.

І вось цяпер цывілізаваны сьвет сутыкнуўся з гэтай праблемай. Сёньня сэнатар МакКейн, напрыклад, сказаў, што недапушчальна Лукашэнку быць на саміце НАТО ў Празе. Тут у Вашынгтоне на гэты момант мы ня ведаем, якое рашэньне прыняў чэскі ўрад, як разгортваецца сытуацыя, але пастаянная лексыка і фармулёўкі таго, што гэта недэмакратычна, што гэта “чорная дзірка ў Эўропе” і заклапочанасьць, зь якой пра гэта гаварылася, сьведчаць пра адно: тыя людзі, якія тут сабраліся – гэта прадстаўнікі Дзярждэпартамэнту, прысутнічаў амбасадар Козак, які выступаў з прамовай, гэта прадстаўнікі мноства недзяржаўных арганізацыяў, якія дапамагаюць у пабудове дэмакратычнага грамадзтва шмат у якіх краінах, у тым ліку ў Беларусі, гэта прадстаўнікі ўплывовых дасьледных інстытутаў – яны былі абсалютна адзінадушныя ў асэнсаваньні таго, што адбылося, і ў захадах, якія трэба прымаць. Адна пастаянная думка, якая праходзіла і пра якую гаварылі – трэба, каб быў прыняты “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі”, пра які мы ўжо некалькі разоў расказвалі нашым слухачам.

Вячка Станкевіч зьвярнуўся з такім пытаньнем да сэнатара МакКейна – ці падтрымае ён гэты закон? Калі ён будзе прыняты? МакКэйн сказаў: так, вядома, мы павінны зрабіць гэта вельмі хутка.

Яшчэ адна тэма, якая вельмі ясна гучала – гэта тэма Расеі. І сапраўды, яшчэ два-тры гады таму мы б такой размовы не пачулі. Калі памятаеце, у палітычным дыялёгу, які вёўся паміж беларускай апазыцыяй і Захадам, фактар Расеі згадваўся даволі часта як чыньнік магчымага пераходу сытуацыі на дэмакратычныя рэйкі. Цяпер так пытаньне ня ставіцца. Пытаньне ўсё ж ставіцца такім чынам, што Беларусьпавінна зрабіць гэта сама, і тое, што робіць Пуцін – да гэтага трэба ставіцца з асьцярогай, ён дбае пра свае нацыянальныя інтарэсы, але ў якасьці прагнозу я скажу – лічба, якая сёньня гучала – літаральна ў найбліжэйшыя месяцы мы, магчыма, пабачым новую зьмену і зусім новыя ўмовы дзейнасьці для Беларусі”.
XS
SM
MD
LG