Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ВАШЫНГТОНЕ ПАЧАЛАСЯ КАНФЭРЭНЦЫЯ “ВОСЬ ЗЛА: ПРАПУШЧАНАЕ ЗЬВЯНО – БЕЛАРУСЬ”


Аляксандар Лукашук, Вашынгтон

Сэм Гейдэнсан не аднойчы сказаў, што тое, як ягоную сям’ю ўратавалі людзі ў Беларусі – гэта для яго назаўсёды самы вялікі прыклад сьмеласьці. Чаму гэтая сьмеласьць і адвага людзей не рэалізуецца ў сёньняшняй Беларусі? Ягоны адказ: таму, што гэтыя людзі разьяднаныя.

Амбасадар ЗША Майкл Козак сказаў, што галоўная праблема ў Беларусі, на ягоную думку, палягае ў выбары, які быў зроблены ў зьнешняй палітыцы яшчэ сем гадоў таму і прывёў да ізаляцыі. Козак сказаў, што будучыня для паляпшэньня сытуацыі ў Беларусі для беларускіх уладаў адкрытая, кожны пазытыўны крок наперад будзе пазытыўна ўспрыняты.

Але Ганс-Георг Вік, былы кіраўнік КНГ АБСЭ ў Беларусі, не зусім пагадзіўся з гэтым падыходам. Ён сказаў, што можа ўзьнікнуць сытуацыя, калі ня будзе пазытыўных крокаў з боку беларускага кіраўніцтва, і тады атрымліваецца, што партнэрам на Захадзе няма чаго рабіць. Ягоная прапанова – захаваць мандат місіі бязь зьменаў, не адступаць, не зьмяняць мандат і настойваць на ягоным выкананьні. І яшчэ адзін важны момант, які быў даволі эмацыйна ўспрыняты ўсімі ў залі: ён заклікаў дапамагаць ахвярам, каб улады і людзі ў Беларусі бачылі, што ахвяры не забытыя, што гэта важна, і ў гэтым ня толькі гуманітарны сэнс дапамогі, але й палітычны.

Дырэктар Радыё Свабода Том Дайн пачаў свой выступ з таго, што пацікавіўся, колькі ж палітычных зьняволеных у Беларусі, і адказаў прысутным: “10 мільёнаў мінус 1”. А потым удакладніў: тыя людзі, якія прыехалі зь Беларусі для ўдзелу ў гэтай канфэрэнцыі – Ірына Красоўская, Андрэй Саньнікаў, Вінцук Вячорка, Анатоль Лябедзька, Павал Шарамет – гэтыя людзі сьведчаць пра тое, што ўсё ж такі свабодных людзей, людзей, якія выбіраюць свабоду, у Беларусі больш.

Быў паказаны фрагмэнт фільма Паўла Шарамета “Дзікае паляваньне”. Зь вельмі эмацыйным расповедам выступіла Ірына Красоўская. Андрэй Саньнікаў у сваім выступе зьвярнуў увагу на апошні візыт генэральнага сакратара АБСЭ Яна Кубіша, які не знайшоў часу, каб сустрэцца з апазыцыяй падчас свайго візыту. І літаральна празь некалькі дзён КГБ затрымаў Анатоля Лябедзьку. На думку каардынатара “Хартыі-97”, гэта адбылося таму, што беларускія ўлады такім чынам “расшыфравалі” зьмест гэтага візыту.

Шмат гаварылася пра стан рэлігійных свабодаў у Беларусі. Зараз пачынаецца гутарка пра гандаль зброяй Беларусі зь Іракам. Толькі што я гаварыў з Андрэем Клімавым, які ня змог прыехаць у Вашынгтон. Ён усё-ткі будзе ўдзельнічаць у канфэрэнцыі – праз тэлефон і інтэрнэт.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG