Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“ДЫКТАТАР ПАГРАЖАЕ ПАТОКАМ НАРКОТЫКАЎ”


Аляксей Знаткевіч, Менск

“Дыктатар пагражае патокам наркотыкаў”, — з такім загалоўкам сёньня выйшаў ірляндзкі штодзёньнік “The Irish Times”. Газэта цытуе ўчорашнюю заяву Аляксандра Лукашэнкі: “Эўрапейцы самі прыйдуць, ня проста прыйдуць, а прыпаўзуць і будуць прасіць у Беларусі дапамогі і супрацоўніцтва ў барацьбе з абаротам наркотыкаў і нелегальнай міграцыяй”. Лукашэнка дадаў, што калі Эўропа не заплаціць, Беларусь ня будзе абараняць эўрапейцаў ад гэтых патокаў.

“The Irish Times” піша, што Лукашэнку відавочна раззлавалі камэнтары прадстаўнікоў NATO аб тым, што яго могуць не пусьціць на саміт гэтай арганізацыі ў Празе 21–22 лістапада. Беларусь — адна з 27 краінаў, якія, не ўваходзячы ў NATO, удзельнічаюць у Радзе Эўраатлянтычнага партнэрства. Лукашэнка прыгразіў Чэхіі жорсткімі дзеяньнямі, калі яму не дадуць візу для ўдзелу ў саміце.

Брытанская газэта “The Times” сёньня піша, што пагрозы з боку беларускага кіраўніка пацьвярджаюць найгоршыя страхі эўрапейскіх чыноўнікаў наконт патэнцыйных суседзяў Эўразьвязу пасьля пашырэньня. Рэч у тым, што суседзі Беларусі — Латвія, Літва і Польшча — сярод найбольш верагодных кандыдатаў на далучэньне да Эўразьвязу ў 2004 годзе. “The Times” піша, што Беларусь у стане выканаць свае пагрозы, бо на беларускай тэрыторыі знаходзіцца каля 150 тысяч мігрантаў, што жадаюць перабрацца далей на захад, сярод якіх і ўцекачы з Чачэніі.

Іншы брытанскі штодзёньнік “The Daily Telegraph” адзначае, што цяперашняя крытыка з боку Захаду асабліва злуе Лукашэнку, бо ён нядаўна пасварыўся з Масквой з-за цэнаў на расейскі газ. Таму менавіта цяпер Лукашэнка хацеў бы адпомсьціць Расеі й палепшыць дачыненьні з NATO — арганізацыяй, якую ён калісьці называў “монстрам”, піша газэта.

Аўстрыйскі штодзёньнік “Die Presse” сярод іншага піша, што Лукашэнка, верагодна, згубіў надзею атрымаць чэскую візу. Ён нібыта ўжо вырашыў падчас саміту NATO наведаць сталіцу Кыргыстану, Бішкек.

Амэрыканская газэта “The Wall Street Journal” піша, што адзіныя месцы, дзе Лукашэнку яшчэ чакаюць – гэта Багдад, Гавана і Масква. Газэта дадае, што на цяперашнім саміце NATO Злучаныя Штаты паспрабуюць наладзіць кааліцыю супраць Іраку, і таму варта было б прасачыць, каб у Прагу ня трапілі старыя сябры Садама Хусэйна.

Большасьць выданьняў, якія камэнтуюць заявы Лукашэнкі, зьвяртаюць увагу на тое, што яго лічаць апошнім дыктарам Эўропы і што эўрапейскія арганізацыі гавораць аб фальсыфікацыях падчас ягонага пераабраньня на новы прэзыдэнцкі тэрмін ў верасьні 2001 году.
XS
SM
MD
LG