Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ГОРАДНІ ПРАДСТАЎНІКІ ТРОХ ПАРТЫЯЎ І АДНАГО ГРАМАДЗКАГА РУХУ ПАЧАЛІ РЫХТАВАЦЦА ДА МЯСЦОВЫХ ВЫБАРАЎ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Гаворыць кіраўнік філіі Партыі БНФ Сяргей Мальчык:

(Мальчык: ) “Кожная партыя, кожная арганізацыя будзе прымаць рашэньне: як, якім чынам і зь якой мэтай удзельнічаць у гэтым выбарчым працэсе. Але ў любым выпадку мы павінныя быць падрыхтаваныя да максымальнага: да рэальнага змаганьня за мандаты дэпутатаў гарадзкога савету”.

Сяргей Мальчык называе лічбы. Колькасьць акругаў на гэтых выбарах зьменшыцца з 40 да 32. Партыя БНФ папярэдне рыхтуе 13 кандыдатаў, Аб’яднаная грамадзянская — 10, Аб’яднаныя сацыял-дэмакраты — 3. Дзевяцёх прадпрымальнікаў на выбарах падтрымае Рух дэмакратычных сілаў “Гарадзенскі выбар”.

Лідэры партыйных арганізацыяў збольшага ўзгаднілі, хто ў якой акрузе будзе вылучацца — каб не перашкаджаць адзін адному. Але засталіся спрэчныя акругі. Па некалькіх паміж сабой не дамовіліся партыя БНФ і Аб’яднаная грамадзянская, і ня толькі яны.

(Мальчык: ) “Найбольш нявызначаная сытуацыя пакуль з прадпрымальнікамі. Таму што яны не працавалі дагэтуль у фармаце перамоваў. І не гатовыя, відаць, адразу да плённай працы”.

Аднак галоўнае, лічыць Сяргей Мальчык, што агульнае паразуменьне дасягнутае. Дамоўлена таксама вылучыць сваіх прадстаўнікоў у тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі.

(Мальчык: ) “Усе арганізацыі, якія толькі могуць, будуць вылучаць сваіх прадстаўнікоў у тэрытарыяльныя камісіі. Мы паглядзім, як будзе ўлада рэагаваць на гэтае вылучэньне. Ці будуць прадстаўнікі апазыцыйных арганізацыяў уключаныя ў гэтыя камісіі ці не. Ад гэтага будзе залежаць наш далейшы ўдзел у выбарах”.

У выбарчыя камісіі прапануюць сваіх людзей усе арганізацыі, якія належаць да Каардынацыйнага камітэту “Гарадзенская ініцыятыва”. Нагадаю, што стваральнік камітэту Сямён Домаш склаў зь сябе паўнамоцтвы старшыні. Ён адмовіўся ўдзельнічаць у мясцовых выбарах і лічыць удзел апазыцыі ў іх беспэрспэктыўным.
XS
SM
MD
LG