Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГЕНЭРАЛ ФРАЛОЎ ЗАПЭЎНІВАЕ, ШТО ДЭПУТАЦКАЯ ГРУПА “РЭСПУБЛІКА” ЗАХАВАЕЦЦА


Уладзімер Глод, Менск

Адрозна ад паўнавартасных парлямэнтаў, дзе існуюць партыйныя фракцыі, у Палаце прадстаўнікоў дэпутаты аб’яднаныя толькі ў групы. Згодна з рэглямэнтам, найніжэйшая мяжа для існаваньня дэпутацкай групы — 10 асобаў. Летась у чэрвені, калі група “Рэспубліка” была створаная, у ёй было 12 дэпутатаў. Цяпер іх застаецца толькі восем.

Першымі месяц таму абвесьцілі аб сваім выхадзе Мікалай Дуніч і Ўладзімер Семянюк, днямі да іх далучыліся Генадзь Дылеўскі і Надзея Цыркун. Свой выхад з “Рэспублікі” яны тлумачаць нязгодай зь дзеяньнямі кіраўніка групы генэрала Фралова, які, паводле Дылеўскага, заняў “рэзка антыпрэзыдэнцкую пазыцыю, у той час, як трэба аб’яднаць грамадзкія сілы”.

Сёньня пры канцы пленарнага паседжаньня палаты яе кіраўнік спадар Папоў заявіў, што група “Рэспубліка” больш не існуе, паколькі ў ёй застаецца толькі дзевяць асобаў — спадар Дылеўскі ў перапынку нечакана адклікаў сваю заяву пра выхад з групы. У адказ генэрал Фралоў заявіў, што некалькі новых дэпутатаў пажадалі папоўніць “Рэспубліку”, але ніводнага прозьвішча пры гэтым не назваў. Паводле яго, уладныя структуры моцна націснулі на сяброў групы, і ён ня хоча, каб улады “выкручвалі рукі” яшчэ і патэнцыйным сябрам групы.

(Фралоў: ) “Так, ёсьць новыя заявы, аднак імёны мы пакуль не абазначаем. Таму што, як толькі мы іх абазначым, адразу пачнецца зь імі праца”.

(Карэспандэнт: ) “Дык сёньня вы ня будзеце нікога называць?”

(Фралоў: ) “Не, ня буду”.

Я папрасіў выказаць сваё меркаваньне пра сытуацыю вакол групы “Рэспубліка” і ўвогуле вакол дэпутацкіх групаў Івана Пашкевіча, якога ў кулюарах называюць адным з кандыдатаў на папаўненьне “Рэспублікі”.

(Пашкевіч: ) “За дзень да ад’езду ў Баўгарыю ў Палаце зьявілася група “Друзья Болгарии”. У яе запісалася аж 56 чалавек. Пасьля адной заявы прэзыдэнта краіны, калі ён вырашыў праводзіць эканамічныя рэформы, адразу ж зьявілася група садзеяньня эканамічным рэформам, як быццам да гэтага часу нельга было садзейнічаць рэформам і выказаць сваё станаўленьне да гэтай праблемы. Улада ставілася да гэтых груп так сама, як і я. Калі не з гучным сьмехам, дык толькі ўтрымліваючыся ад сьмеху.

А вось калі група “Рэспубліка” заявіла пра палітычныя мэтады, дык пазыцыя ўсіх уладных структураў адразу зьмянілася. Бо другая справа — выказаць свой пункт гледжаньня па той ці іншай праблеме і пры тым выказаць, не азіраючыся на кагосьці. Вось з гэтым якраз у нас у дзяржаве ня звыкліся. Тое, што дэпутаты пачалі выходзіць з “Рэспублікі”, спачатку — адзін, потым другі, трэці, дык усе ў гэтай Авальнай залі ведаюць, што гэта стала вынікам ціску з боку ўладаў на дэпутацкі корпус”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG