Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

БЕЛАРУСЬ ДУМАЕ АПЯРЭДЗІЦЬ РАСЕЮ Ў ПРЫВАТЫЗАЦЫІ БЕЛАРУСКА-РАСЕЙСКАЙ КАМПАНІІ “СЛАЎНАФТА”


Міхал Стэльмак, Менск

Паводле дасьведчаных крыніцаў, пытаньнем продажу беларускай часткі “Слаўнафты” займаецца Фонд дзяржаўнай маёмасьці Міністэрства эканомікі. Праўда, намесьнік кіраўніка фонду Пётар Лук’янаў пакуль адмаўляецца пацьвердзіць ці абвергнуць гэту інфармацыю:

(Лук’янаў: ) “Афіцыйнай інфармацыі наконт “Слаўнафты” ў мяне няма”.

Аднак, паводле неафіцыйных зьвестак прадстаўнікоў Мінэканомікі, “Слаўнафтай” тут актыўна займаюцца. Падрыхтаваны праект дакумэнта пра продаж 10,8% акцыяў кампаніі. Менавіта столькі ў супольнай ўласнасьці “Слаўнафты” складае беларуская частка. У Расеі ўжо ведаюць пра гэты намер. І зьвязваюць яго з абвешчанымі расейскім урадам плянамі прыватызацыі расейскай долі “Слаўнафты”, якая складае каля 75%.

Як вядома, прэм’ер Расеі Міхаіл Касьянаў распарадзіўся месяц таму прадаць гэтую долю ўжо ў сьнежні. Касьянаў разьлічвае, што ўгода прынясе ў расейскі бюджэт каля 2 мільярдаў даляраў. Зараз у Расеі назіраецца ажыятаж вакол прыватызацыі “Слаўнафты”.

Як паведаміў сёньня нашаму радыё вядомы расейскі экспэрт, аналітык інвэстыцыйнай кампаніі “Тройка-дыялёг” Валеры Несьцераў, гэты ажыятаж і выклікаў ініцыятыву Беларусі. Паводле ягоных зьвестак, Беларусь зьбіраецца прадаць сваю долю за 200 мільёнаў даляраў. Ёсьць, паводле спадара Несьцерава, і яшчэ адна прычына, якая вымушае Беларусь да такога кроку.

(Несьцераў: ) “Беларусь апынулася ў цяжкім фінансавым становішчы, і тыя ўмоўныя 200 мільёнаў даляраў, якія яна магла б атрымаць, відавочна, дапамаглі б у вырашэньні фінансавых праблемаў. У тым ліку і ў пытаньні разьлікаў за пастаўкі расейскага газу. Ёсьць зьвесткі, што пакупнікамі беларускай долі могуць стаць Цюменская нафтавая кампанія і кампанія “Сыбнафта”. Але пакуль нельга казаць, што Беларусь здолее ажыцьцявіць свае пляны. Кошт гэтых 10% акцыяў можа аказацца і больш нізкім”.

Пра беларускія пляны ведаюць і патэнцыйныя пакупнікі беларускай долі “Слаўнафты”. Расейскую кампанію “Сыбнафта” сёння лічаць галоўным прэтэндэнтам на набыцьцё кантрольнага пакету ўсяе “Слаўнафты”.

Як зазначыў нашаму радыё прэсавы сакратар “Сыбнафты” Аляксей Фірсаў, там чакаюць афіцыйнага рашэньня беларускіх уладаў:

(Фірсаў: ) “Тэарэтычна цікавасьць ёсьць. Ці набудзе гэта практычны характар, залежыць ад умоваў беларускага боку. Мы ведаем пра меркаваную цану ў 200 мільёнаў даляраў. Але як сьведчаць папярэднія разьлікі, гэтая цана завышаная”.

На думку экспэрта Несьцерава, беларуская спроба апярэдзіць расейскі ўрад у пытаньні продажу сваёй долі “Слаўнафты” эканамічна неабгрунтаваная. Спадар Несьцераў лічыць, што большыя грошы Беларусь выручыла б пасьля таго, як “Слаўнафту” прыватызуе Расея.
XS
SM
MD
LG