Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЯРОД АРГАНІЗАТАРАЎ АКЦЫІ 17 ЛІСТАПАДА НЯМА ЗГОДЫ ШТО ДА МАРШРУТУ ШЭСЬЦЯ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Два дні таму Менскі гарвыканкам забараніў правядзеньне масавай акцыі 17 лістапада, бо яе арганізатарамі выступілі прыватныя асобы, а ня партыі. І вось раптам у гарвыканкам запрасілі арганізатараў акцыі Паўла Знаўца і Сяргея Высоцкага ды прапанавалі ім кампрамісны варыянт — пачаць акцыю шэсьцем з плошчы Якуба Коласа і скончыць мітынгам на плошчы Бангалор.

Кіраўніцтва БНФ прапанавала іншы варыянт, паводле якога мітынг мае адбыцца на пляцоўцы Акадэміі Навук. Сёньня ў гарадзкой управе міліцыі адбылася сустрэча з арганізатарамі акцыі, дзе прадстаўнікі ўладаў сказалі, што ня супраць такога маршруту. Чаму ж улады пайшлі на саступкі апазыцыі. Вось меркаваньне намесьніка старшыні БНФ Віктара Івашкевіча:

(Івашкевіч: ) “У сувязі з абвастрэньнем адносінаў з Расеяй, з аднаго боку, і з Захадам з другога, у сэнсе, што колюць вочы прэзыдэнту парушэньнем правоў чалавека, чарговы разгон-хапун уладам не патрэбны”.

Кіраўнікі БНФ гавораць, што хочуць правесьці мірную акцыю без супрацьстаяньня міліцыі і затрыманьняў яе ўдзельнікаў.

Са сваімі старэйшымі калегамі не пагаджаюцца актывісты Маладога Фронту і Партыі свабоды. Яны заяўляюць, што 17 лістапада павядуць калёну ў цэнтар Менску. Гаворыць лідэр маладафронтаўцаў Павал Севярынец:

(Севярынец: ) “Гэтыя саступкі ёсьць пасткай. Моладзь, якая была гатовая ісьці на рашучы варыянт, на варыянт па цэнтральных вуліцах настойвае на тым, каб ісьці ў цэнтар у кірунку плошчы Незалежнасьці й расейскай амбасады, каб змагацца за незалежнасьць. А старэйшае пакаленьне лічыць годным варыянтам ісьці на Ўсход, у кірунку Акадэміі Навук. Самае кепскае, што можа быць — гэта дзьве калёны, якія пойдуць у супрацьлеглыя бакі”.

Кіраўнік Маладога Фронту, аднак, спадзяецца, што ў наступныя дні паміж моладзьдзю і старэйшым пакаленьнем апазыцыі будзе дасягнуты кампраміс.
XS
SM
MD
LG