Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

БЕЛАРУСЫ ГАТОВЫЯ ДАПАМАГАЦЬ УЦЕКАЧАМ З ЧАЧЭНІІ


Галіна Абакунчык, Менск

Меркаваньні маіх выпадковых суразмоўцаў адносна дапамогі ўцекачам з Чачэніі падобныя: так, дапамагаць трэба. Аднак частка зь іх мяркуе, што пры гэтым неабходна выконваць пэўныя ўмовы.

(Спадар: ) “Як я стаўлюся да таго, што Беларусь пакінула чачэнцаў у сябе? У кантэксьце апошніх падзеяў, у тым ліку маскоўскіх, то ня вельмі добра. Думаю, што лепш было б выслаць іх назад з тэрыторыі Беларусі ў Расею. І ўвогуле даўно пара рабіць нейкую мяжу альбо прапускны пункт, празь які бы кантраляваўся прыезд у Беларусь замежных грамадзянаў з боку Расеі”.

(Спадар: ) “Калі гэтыя чачэнцы крымінальнікі, то мы мусім адправіць іх назад у Расею. Але калі гэта добрыя мірныя людзі, то як гуманны народ мы мусім ім дапамагаць”.

(Спадар: ) “Нават ня ведаю ў зьвязку з гэтым тэрарызмам што й казаць. Тым больш, што вялікае скапленьне людзей на Берасьцейшчыне, дзе іх там разьмяшчаць. Ізноў жа — крымінал. Ня ведаю, што сказаць”.

(Спадар: ) “Мусіць быць індывідуальны падыход да кожнага чалавека: калі гэта сапраўдныя ўцекачы і не ўчынялі ніякіх злачынстваў, то павінныя дапамагчы. Калі ёсьць падазрэньне, што яны бандыты, то ўлады павінныя вярнуць іх у Расею”.

Значная частка апытаных перакананая, што ад веку талерантны беларускі народ ня мусіць зважаць на палітычную мэтазгоднасьць і безумоўна дапамагаць усім, хто патрапіў у бяду.

(Спадарыня: ) “З гісторыі нам вядома, што беларусы да ўсіх народаў ставяцца па-сяброўску. Таму трэба дапамагаць”.

(Спадар: ) “Наш беларускі народ дапамагае ўсім народам, таму павінны дапамагаць у тым ліку й народу Чачэніі”.

(Спадарыня: ) “Я лічу, што павінныя. Перш за ўсё таму, што ва ўсіх трэба бачыць людзей найперш. А палітычныя гульні — няхай яны застануцца палітыкам”.

(Спадарыня: ) “Павінныя мы дапамагаць, бо ўсе мы можам апынуцца ў такім жа становішчы”.

(Спадар: ) “Гэта не тэрырысты, а людзі, якія самі пацярпелі ад вайны. Таму патрэбна ім дапамагаць”.

(Спадар: ) “Мне здаецца, што трэба дапамагаць, тэрарыст ён там ці хто. Людзі неяк бяруць агулам і пачынаюць судзіць: раз чачэнец — значыць, ён кепскі. Трэба ўсім даць магчымасьць быць людзьмі”.

(Спадар: ) “Калі чачэнец хоча быць свабодным і дзяржава можа даць гэтую свабоду, то любая краіна мусіць прыняць гэтых людзей — дзе бы яны ні былі: у Штатах, Польшчы ці ў Беларусі”.

Аднак у пытаньні прычыны сёньняшняга цяжкага становішча чачэнцаў мае сёньняшнія суразмоўцы былі аднадушныя: віну за гэта яны найперш ўскладваюць на найвышэйшае кіраўніцтва Расеі.

(Спадар: ) “Расейцы загрузьлі ў крыві, а чачэнцы — свабодны народ. Можа, у іх кроў і гарачая, але яны думаюць пра свабоду. А той, хто пра свабоду думае, той спрабуе яе рэалізаваць”.

(Спадар: ) “Калісьці Пётар І загнаў Чачэнію ў Расею, дык можа ўрэшце вызваліць іх. Даць ім свабоду, няхай жывуць асобнай дзяржавай”.

(Спадар: ) “Вінаватыя толькі кіраўнікі Расеі. Штосьці там не атрымліваецца ў іх, калі людзі ўцякаюць. Бягуць жа туды, дзе лепш”.

(Спадар: ) “Ды ўсё гэта ўлады. Нават тэрарысты — гэта ж неабавязкова чачэнцы. Яны могуць быць любой нацыянальнасьці. Расея ўсюды свой нос усоўвае, і гэтую палітыку ніхто не падтрымлівае”.

(Спадарыня: ) “Чачэнія хоча жыць асобна — няхай жыве асобна. Таму што мы асобна, Расея асобна, Літва, Украіна — я не разумею, чаму яны ня маюць права жыць асобна? Лепш ня лезьці да іх, а даць свабоду”.
XS
SM
MD
LG