Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСКУ ЗАКРЫВАЕЦЦА РЫНАК “АКВАБЕЛ”


Міхал Стэльмак, Менск

Сёньня на “Аквабеле” адбыўся сход прадпрымальнікаў. Яны сабраліся з прычыны абвешчанага сёньня дня закрыцьця рынку.

(Спадар: ) “Абвесьцілі, што зачыняюць”.

(Тацяна: ) “Нас выкідаюць у чыстае поле”.

(Ігар: ) “Мы незадаволеныя”.

(Тацяна: ) “Яны з нас узялі грошы. Дырэктар рынку канкрэтна нічога ня сказаў”.

(Карэспандэнт: ) “А чыё гэта было рашэньне, ён вам сказаў?”

(Тацяна: ) “Ён сказаў, што аўтаінспэкцыя забараніла”.

Адміністрацыя паведаміла прадпрымальнікам, што закрыць рынак распарадзілася аўтаінспэкцыя. Яна нібыта кіравалася бясьпекай наведнікаў рынку, паколькі “Аквабел” месьціцца за Менскай кальцавой аўтадарогай. У сваю чаргу, аўтаінспэкцыя, паводле вэрсіі адміністрацыі рынку, выконвае ўказаньне Аляксандра Лукашэнкі.

Зрэшты, не падабаўся “Аквабел” ня толькі Лукашэнку. На мінулым тыдні на рынку гандляры бачылі генэральнага пракурора Віктара Шэймана. Якраз пасьля яго наведаньня адміністрацыя распаўсюдзіла рашэньне пра раптоўнае спыненьне працы “Аквабелу”. Ягонае кіраўніцтва адмовілася камэнтаваць падзеі вакол рынку. Але прадпрымальнікам сёньня было абвешчана пра адтэрміноўку закрыцьця.

Паводле новых плянаў, рынак будзе закрыты 15 лістапада. Гандлярам прапанавалі працу на “Экспабеле” — рынку, які ўзводзіцца непадалёк. Пры гэтым яны мусяць зрабіць унёсак — па 8 тысяч даляраў. Ахвотных працаваць на такіх умовах на сёньняшні дзень знайшлося ўсяго паўтары сотні. Звыш тысячы чалавек баяцца апынуцца на вуліцы. Як прадпрымальнікі, так і большасьць наведнікаў рынку нэгатыўна ўспрымаюць падзеі вакол “Аквабелу”:

(Спадарыня: ) “Тут ня будзе месца ўсім выязным гандлярам. У прадпрымальнікаў ёсьць тавар. Але куды зараз яго падзець?!”

(Карэспандэнт: ) “Як вы ставіцеся да закрыцьця рынку?”

(Іншая спадарыня: ) “Хай бы быў рынак. Нам абавязкова патрэбны рынак. Таму што нам езьдзіць у Ждановічы надта далёка”.

Аб’яднаная рада прадпрымальнікаў сёньня зьвярнуўлася ў структуры ўлады з пратэстам супраць парушэньня правоў гандляроў “Аквабелу”. Аднак, паводле каардынатара рады Анатоля Шумчанкі, Менгарвыканкам і ўрад ухіляюцца ад урэгуляваньня канфлікту.

(Шумчанка: ) “Тут мы маем справу з чарговым ігнараваньнем інтарэсаў прадпрымальнікаў, парушэньнем іхных правоў. Мы зьбіраемся абскардзіць гэта ў Гаспадарчым судзе. Гэта трывожны сыгнал прадпрымальнікам, якія мяркуюць укладаць свае грошы ў гіпэрмаркеты. Гэта самы сапраўдны бандытызм”.
XS
SM
MD
LG