Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАВОДЛЕ РОЗНЫХ ПАДЛIКАЎ, АД 150 ДА 200 ЧАЧЭНЦАЎ ПРАЦЯГВАЮЦЬ ЗНАХОДЗIЦЦА Ў БЕРАСЬЦI


Алег Супрунюк, Берасьце

Сёньня ранiцай група чачэнцаў, якiх польскiя памежнiкi не пускаюць на сваю тэрыторыю, наведалi расейскае консульства ў Берасьцi. Яны перадалi зварот, у якiм просяць дыпляматычную ўстанову прыкласьцi намаганьнi да разьвязаньня канфлiкту i дапамагчы тым, хто не па сваёй волi застаўся на беларуска-польскiм памежжы. Пад зваротам падпiсалася 73 чалавекi, але пра якiя-небудзь захады консульства пакуль нiчога не вядома.

Чачэнцы штодня зьбiраюцца на берасьцейскiм чыгуначным вакзале, каб даведацца пра навiны, але гавораць, што за ўвесь гэты час нiхто з расейскага консульства да iх не прыходзiў.

Магамед Магамадаў знаходзiцца ў Берасьцi ад 30 кастрычнiка, i ўчора ў яго скончылася польская вiза. Трапiць у Польшчу як турыст ён ня здолеў i зараз жадае толькi аднаго — атрымаць адказ, чаму гэта здарылася.

(Магамадаў: ) “Чаму нас не пускаюць i чаму мы ня можам перасячы мяжу, як усе грамадзяне Расейскай Фэдэрацыi? Нас не пускаюць толькi таму, што мы чачэнцы. Я разумею, калi пэўныя асобы небясьпечныя для Расеi, Польшчы цi iншай дзяржавы. Але калi ў нас усё ў парадку з дакумэнтамi, нельга затрымлiваць усiх чачэнцаў”.

На чыгуначным вакзале бесьперапынна знаходзяцца толькi некалькi чалавек — жыхароў Чачэніi. Час ад часу да iх падыходзяць мiлiцыянты i нагадваюць, што тэрмiн знаходжаньня ў Беларусi без рэгiстрацыi хутка скончыцца. Але пра магчымыя наступствы чачэнцаў нiхто не iнфармуе. Начальнiк берасьцейскай транспартнай мiлiцыi Рыгор Барысюк гаворыць, што пакуль няма зьвестак пра тое, каб хто-небудзь з гэтых грамадзянаў быў у вышуку на тэрыторыi Расеi.

Паводле зьвестак самiх чачэнцаў, зараз у Берасьцi каля паўтары сотнi чалавек, якiм польскi бок адмовiў у перасячэньнi мяжы. Большасьць зь iх здымае кватэры i плацiць за гэта 10–15 даляраў кожныя суткi. У адной з такiх кватэраў разам зь пяцьцю дзецьмi жыве зараз былая прадавачка ўнiвэрмагу з Грознага Раiса Саралiева. На пытаньне, як доўга яна гатовая чакаць выезду ў Польшчу, адказала наступнае:

(Саралiева: ) “Цярплiвасьцi ў нас хапае, абы фiнансы нам дазвалялi. Мы ўсё ж спадзяемся, што нас прапусьцяць польскiя памежнiкi. Калi ж гэтага не здарыцца, хай хто-небудзь з афiцыйна ўпаўнаважаных асобаў, хто прымаў рашэньне, што чачэнцы ў Польшчы не пажаданыя, прынясе прабачэньне. У скрайнiм выпадку i гэтага дастаткова будзе. А што нам рабiць далей, мы самi вырашым”.

Раiса Саралiева паведамiла таксама, што не зьбiраецца вяртацца на радзiму, бо ехаць няму куды i няма за што. Яна ня супраць i надалей застацца ў Берасьцi, зарэгiстравацца па беларускiх законах i знайсьцi тут працу. Але астатнiя апытаныя сёньня чачэнцы гавораць толькi пра жаданьне трапiць у Польшчу цi далей на Захад. У тым лiку i ў сям’i Хедзi Тазуркаевай, якая падчас знаходжаньня ў Берасьцi нарадзiла сваё пятае дзiця.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG